Вашынгтон мусіць аказаць усеаб’ёмную фінансавую, тэхнічную і палітычную падтрымку Украіне для правядзення рэформаў дзяржаўнага апарата і арміі, але ўстрымацца ад паставак амерыканскай зброі.

Гэтак лічыць колішні выкладчык Універсітэта Нацыянальнай Абароны ЗША, а зараз навуковы супрацоўнік Інстытута Кенана Майкл Кофман, на думку якога Пуцін зашмат паставіў на ідэю «Наваросіі», каб не кампенсаваць амерыканскія пастаўкі любой колькасцю расійскіх узбраенняў для антыўкраінскіх баевікоў. 

«Гэта пытанне жыцця і смерці для сучаснай палітычнай сістэмы [Расіі]», — адзначае эксперт. Яшчэ ў лістападзе мінулага году ён правільна спрагназаваў зімовы наступ расійскіх фармаванняў супраць Украіны, бо Мінскія дамоўленасці нічога не даюць пуцінскай Расіі, а вось новая эскалацыя, на думку Крамля, можа прымусіць Захад сесці за стол перамоў з Пуціным.

Танкі «Аплот» Харкаўскага завода імя Малышава; 24daily.net

Танкі «Аплот» Харкаўскага завода імя Малышава; 24daily.net

У той ж час амерыканская зброя не вырашыць асноўных праблем украінскай абароны і не акажа заўважнага ўплыву на ўкраінска-расійскае супрацьстаянне — Украіне не хапае не столькі ўзбраенняў, колькі дзейнай ваеннай арганізацыі, кажа Кофман.

Цяпер украінская армія, адзначае ён, не мае эфектыўнай сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, баявой падрыхтоўкі, у яе мала добрых афіцэрскіх кадраў, слаба дзейнічае выведка, няма адзінства камандавання.

У гэтых умовах ані супрацьтанкавыя комплексы Javelin, ані новыя беспілотнікі, ані лёгкая бранятэхніка не вырашаць ніякіх праблем. Тым болей, што вайна на усходзе Украіны ўжо пэўны час як з'яўляецца найперш вайной ствольнай артылерыі і РСЗА, ды й украінцы самі маюць добрую бранятанкавую індустрыю.

Рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Ураган»; greedykidz.net

Рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Ураган»; greedykidz.net

Што да беспілотнікаў, то іх эфектыўнасць будзе мінімальнай, улічваючы наяўнасць у баевікоў «ЛНР» і «ДНР» расійскіх комплексаў супрацьпаветранай абароны Панцыр-С1, Тор-М2 і Бук.

На ягоную думку, Захад мусіць пастаўляць нелетальную тэхніку і рыштунак, які будзе ратаваць жыцці ўкраінскіх жаўнераў, а таксама дапаможа захавацца маладой украінскай арміі. ЗША лепш дапамогуць Украіне, калі накіруюць сродкі на пастаўкі ўкраінцам вайсковых пайкоў, зімовай вопраткі і таму падобнага, пісаў Кофман у іншым артыкуле. 

На доўгатэрміновую перспектыву мусіць быць распрацаваная стратэгія развіцця ўкраінскіх узброеных сіл, якая будзе элементам агульных высілкаў па рэфармаванні краіны ва ўсіх сферах.

Байцы батальёна «Данбас» у першыя месяцы вайны; islamicinvitationturkey.com

Байцы батальёна «Данбас» у першыя месяцы вайны; islamicinvitationturkey.com

Час працуе на Украіну і Захад і супраць Расіі, якая пакуль недастаткова адчувае ўплыў санкцый, лічыць Кофман.

Са слоў эксперта вынікае, што зараз і ў бліжэйшым будучым Украіна будзе няздольная нанесці рашучую паразу расійскім фармаванням баевікоў, бо іх падтрымлівае ўся армія РФ.

Аднак не асобныя заходнія узоры зброі, а доўгатэрміновая абарончая стратэгія, рэфармаванне дзяржавы і ўзброеных сіл дазволяць Кіеву зрабіць рашучы крок да будучых перамог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?