Захапленне падлеткаў ды моладзі энергетычнымі напоямі, якія нібыта дадаюць настрою і падвышаюць тонус ды працаздольнасць, трывожыць навукоўцаў.

bigmir.net

bigmir.net

Даследчыкі Ельскага ўніверсітэта праверылі больш за 1600 вучняў сярэдніх школ (сярэдні ўзрост 12 год) штата Канектыкут. Найчасцей спажывалі энергетычныя напоі хлопчыкі, прычым у большай ступені – афраамерыканскага і лацінаамерыканскага паходжання.

У часопісе Academic Pediatrics апублікаваная справаздача, паводле якой дзеці, якія часта спажываюць энергетычная напоі, на 66 % часцей за аднагодкаў пакутуюць на гіперактыўнасць ды сіндром дэфіцыту ўважлівасці. Прычына таму – як высокі ўзровень цукру ў напоях, так і кафеін. Даследчыкі зважалі і на колькасць спажываных напояў (ад нуля да сямі шклянак на дзень, у сярэднім – дзве шклянкі). Яны адсачылі простую сувязь паміж падвышэннем колькасці спажываных напояў і ростам праблем з уважлівасцю і гіперактыўнасцю. Таму Амерыканская педыятрычная акадэмія вельмі сур’ёзна раіць бацькам абмежаваць дзяцей у спажыванні падсалоджаных напояў і катэгарычна настойвае, што дзецям нельга спажываць так званыя «энергетыкі».

Нормай для дзіцяці лічыцца спажыванне ад 20 да 30 грамаў цукру на дзень (у адпаведнасці з узростам), энергетычныя і падсалоджаныя напоі часам утрымліваюць каля 10% вугляводаў ад сваёй масы (на 60 мл Red Bull – 6,4 г вугляводаў). Гэта значыць, дзіця можа лёгка перабраць цукровую норму ўжо ў напоях, не лічачы асноўных прыёмаў ежы і перакусаў. Гэта прыводзіць да атлусцення, развіцця хранічных захворванняў, якія правакуе залішняя вага.

Кафеін, які ўтрымліваецца ў «энергетыках», пасля некалькіх гадзін узбуджэнні прыводзіць да адваротнай рэакцыі: стомленасці, раздражнёнасці, апатыі. Гэта адбываецца праз вычарпанне энергетычных магчымасцяў арганізма, якому пасля даводзіцца аднаўляцца цягам некалькіх гадзін. З часам для дасягнення эфекту дозу кафеіну даводзіцца падвышаць, што рызыкоўна для сардэчна-сасудзістай сістэмы. Апроч гэтага, кафеін як мачагонны сродак вядзе да абязвожвання і згушчэння крыві.

Нагадаем правілы спажывання энергетычных напояў для дарослых. Хворым на сэрца, дыябет, бяссонніцу, цяжарным і непаўнагадовым спажываць «энергетыкі» небяспечна. Вы рызыкуеце, калі выпіваеце больш за 2 порцыі на дзень. Непажадана спажываць кафеін цягам 3-5 гадзін пасля «энергетыка» – нават у выглядзе кавы і падобных напояў. «Энергетыкі» прымаюць перад фізічнымі нагрузкамі, а не пасля, страты вады мусяць кампенсавацца выпітай вадой (як мінімум — у падвойным-патройным аб’ёме ў параўнанні з энергетычным напоем). Па заканчэнні перыяду актыўнасці арганізму патрабуецца час на аднаўленне рэзерваў. Калі спажыванне «стымулятараў» робіцца штодзённым і іх эфектыўнасць падае, рашэнне палягае не ў падвышэнні дозы, а ў часовай адмове ад «энергетыкаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?