22 лютага, пасля тэракту ў Харкаве, беларусы ў «Твітары» былі ўзрушаны паведамленнем карыстальніка Сяргея Чыжа, жыхара Беларусі: «Ад імя узрывальнікаў заяўляю, чакайце наступных выбухаў, Харкаў не здасца, рускія не здаюцца». У адрас Чыжа тут жа было выказана шмат не вельмі прыемных рэчаў іншымі карыстальнікамі мікраблогаў. У выніку літаральна праз пару гадзін пасля публікацыі навіны пра Сяргея Чыжа на «Нашай Ніве», ён выдаліў не толькі ўсе свае паведамленні з Твітара, але і старонку ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Твітар Сяргея Чыжа – шчыра кажучы, той яшчэ сюр. У яго асобе ўжываюцца яры фанат гурту «30 secondstoMars» і не менш апантаны барацьбіт за «Наваросію»: у Сяргеевай стужцы фатаграфіі Джарэда Лета суседнічаюць з Матаролам, Гіві і іншымі тэрарыстамі. Думаю, Лету, як мінімум, ад такога суседства ранішняя кава не туды пайшла б.

Спісваюся з Сяргеем праз асабістыя паведамленні (ён згадзіўся размаўляць толькі такім чынам).

Вы выдалілі сёння сваю старонку ў Укантакце. Чаму?

— Думаю, гэта і без тлумачэнняў зразумела. Мне цягам гадзіны столькі абразаў і пагроз прыйшло, у тым ліку нават з РБ, што мне прыйшлося сысці на дно. Яны не могуць зразумець аднаго, што, калі б я сапраўды быў задзейнічаны ў тэракце, то я б нават у Інтэрнэце не сядзеў. Мне хацелася рэзка выказацца з нагоды тэракту, бо пасля першага тэракту я зразумеў, будуць яшчэ, так і адбываецца, як б ні было сумна.

Значыць, там былі Вашы словы, і потым Вы іх таксама выдалілі

— Так, гэта мае словы, мне зараз нават сорамна за гэта, але мне хацелася неяк наставіць Харкаў, гэта ж не Львоў, дзе могуць быць такія мітынгі. Але я лічу, што які б ні быў мітынг, падрываць людзей не варта, але сваім выразам я як бы хацеў выказаць думкі саміх узрывальнікаў, на першы погляд, гэта здавалася рэальна справай рук партызан, якія праціўнікі Майдану, гэта не выключана, але потым Філіп Эказьянц сказаў, што гэта не партызаны. Ёсць такі Філіп Эказьянц, ён мае непасрэдную сувязь з партызанамі, так званымі, ён кажа, што яны не маюць дачынення да гэтага выбуху. Можаце паглядзець ролікі з Філіпам, ён вельмі цікава разважае з нагоды канфлікту на Данбасе, ён сам харкавец.

— Некаторыя сцвярджаюць, што Вы выдалілі свой Кантакт і пачысцілі Твітар, пасля таго як з Вамі паразмаўлялі супрацоўнікі КДБ.

— А з чаго вы ўзялі, што са мной размаўлялі супрацоўнікі КДБ? Хіба на мяне навялі даведкі і ў РБ?

— Нешта такое прасочваецца па Вашай актыўнасці.

— Я гэта ўсё па ўласнай волі выдаліў, плюс мне адразу дасылалі паведамленні, што лепш усё выдалі і не рабі такіх памылак, у плане такіх заяў. Мяне больш хвалюе пазіцыя РБ па Украіне, таму што, жывучы ў РФ, я б нават не выдаляў.

Якой, Вы лічыце, павінна быць пазіцыя Беларусі па Украіне?

— Пазіцыя РБ па Украіне павінна быць такой, якая яна на дадзены момант і ёсць, я на самой справе захапляюся пазіцыяй, якую абраў А.Р.Лукашэнка. Бо нават нягледзячы на меркаванне кожнага індывідуальна, РБ павінна быць максімальна зацікаўленая ў міры, у супрацоўніцтве. Для РБ, як суседняй дзяржавы з Украінай, павінна быць лаяльнасць, бо калі пачаць варагаваць, то ўсе украінцы пачнуць ненавідзець беларусаў, гэтага дапусціць нельга.

Трэба быць асцярожным і сумленным, знаходзіць супольную мову трэба з усімі, нават калі гэта вораг, бо ворага таксама трэба любіць, і на сваім прыкладзе паказаць, што ты не такі, як яны, быць прыкладам для іншых, тым самым захоўваючы свой твар як міратворца, не пакрыўдзіўшы пры гэтым нікога. Менавіта такую сітуацыю займае цяпер РБ, дзякуючы А.Р.Лукашэнку, ён геніяльны прэзідэнт!

А такія, як я, псуюць твар РБ, але я не абыякавы! Я думаю, калі б першапачаткова Украіна не зрабіла асабліва стратэгічных памылак, то ўсяго можна было пазбегнуць, але матор быў ужо запушчаны. Ёсць такая кніга «Эпоха мёртванароджаных», напісаная яшчэ ў 2008, там гэты канфлікт быў прадказаны, у дэталях.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?