Вельмі дзякую Сяргею Ваганаву за ўспаміны пра нашу Браслаўшчыну. Калі ён рыхтаваў той матэрыял, ён і мне тэлефанаваў. З вёскі Далёкія пачаўся і мой шлях у самастойнае жыццё. І стаяць тыя дні ў мяне перад вачыма…

9 клас Далёкаўскай школы са сваімі настаўнікамі. Аўтар ліста — у першым шэрагу (другі злева), 1955 год.

9 клас Далёкаўскай школы са сваімі настаўнікамі. Аўтар ліста — у першым шэрагу (другі злева), 1955 год.

У 1954 годзе пасля інстытута я прыехаў сюды настаўнічаць. Спадабаліся мне і школа, і людзі, і праца… Мінула 60 гадоў. У 10­м класе шмат вучняў былі старэйшыя за мяне, але, як і іх бацькі, з вялікай павагай ставіліся да маладога «пана вучыцеля». Час быў неспакойны, яшчэ дзейнічала антысавецкае падполле, і вучні прыносілі ў школу іх лістоўкі…

На самастойным хлебе найперш хацелася абзавесціся прыстойным адзеннем і абуткам. У інстытуце я насіў даматканыя штаны­паўсукеннікі (мама ткала: аснова — нітка з лёну, уток — нітка з воўны), пафарбаваныя крушынавай карой. Але ж студэнты з Усходняй Беларусі былі адзетыя яшчэ горш.

Сабраць грошы на адзенне было няпроста. Аклад — 600 рублёў, з іх 200 — на кватэру з харчам, 100 — на пазыку дзяржаве. А яшчэ цяжэй было знайсці ў продажы патрэбныя рэчы. Дэфіцыт — неад’емная прыкмета савецкай улады.

Настала зіма. Трэ’ было купіць паліто. А нідзе кругом такога і блізка няма. І вось ідзе калгасная грузавая машына ў Даўгаўпілс (Дзвінск). Там вольна можна было купіць хлеб і нават батон! А вецер са снегам прадзімае наскрозь. Збіліся мы ўсе ў кучу, ціснемся адзін да аднаго. Даехалі ледзь жывыя. І там крамы амаль пустыя. Знайшоў я толькі адно зімовае паліто, але яно ў два разы большае, чым мне трэба. Паразважаў, паразважаў — і купіў. Ехаць назад, абкрыўшыся ім, стала цяплей. Але ж насіць яго нельга. Панёс яго да мясцовага краўца, каб той перашыў паліто. Але майстра пачаў адмаўляцца: «Паглядзі, рукаво шырокае, я яго павужу, а дзюрка, дзе яго прышываць, шырокая. З вялікай дзюркі малую не зробіш». Але ж, дзякуй яму, усё­-такі неяк перашыў, і я насіў тое паліто…

Патрэбныя сталі боты. І тут я ў Опсе сустрэў земляка з Шаркаўшчыны — Базарэвіча Хасеня, татарына, якога добра ведаў.

Ён крыху маладзейшы за мяне, але ўжо паспеў ажаніцца, і ў зыбцы было ўжо немаўлятка. Хасень гандляваў скурамі. І прапаноўваў мне тавар на боты. Выразкі на халявы былі добрыя. А вось тавар на галоўкі неяк расцягваўся. Я яго забракаваў. Хасень стаў мяне настойліва пераконваць, што тавар добры. Я не верыў, але выбару не было. Я купіў, пашыў, насіў. Але ў мокрую пару ногі былі мокрыя…

Купіў я прыстойны светла­шэры касцюм. Але з ім здарыцца гісторыя.

Задумалі мы ў школе з калегамі адзначыць заканчэнне заняткаў. Пасядзелі за сталом, пагаманілі. І, як заўсёды, тут спатрэбілася дабаўка спіртнога. Шукаць самагонкі адправілі фізрука Бяспальку і мяне. Выйшлі мы са школы, а на дварэ поначы. І вось на вуліцы нос у нос сустрэліся са старшынёй калгаса (па прозвішчы, здаецца, Казючыц ці нешта падобнае). А Бяспалька быў выключна прынцыповы чалавек. І, як людзі казалі, будучы камуністам, на партсходах крыў Казючыца за безгаспадарчасць і за раскраданне калгаснай маёмасці. І вось яны без слоў, сходу хапаюцца за грудкі, і давай тузацца. Я не ведаю, што рабіць! Крычу: «Што вы робіце?! Перастаньце! Разыдзіцеся!»

У Бяспалькі была пустая бутэлька ў кішэні — для самагонкі. Ён выхоплівае гэтую бутэльку — і бах Казючыца па носе. Тады Казючыц, трымаючы адной рукой Бяспальку, другой стаў абціраць кроў з носа, а руку выціраць аб мой пінжак. Яўна правакаваў мяне на бойку. А я за ўсё жыццё ніколі ні з кім не біўся. Вось была б карціна, калі б настаўнікі пабілі старшыню калгаса.

Але «байцы» неяк раптам разышліся. А я з сапсутым найлепшым сваім касцюмам пайшоў на сваю кватэру. Мой гаспадар (Пяткун Сямён Адамавіч, калі не памыляюся) казаў мне, што нашу бойку бачылі некалькі чалавек, але не падышлі, не ўмяшаліся. Мая гаспадыня кватэры спрабавала адмыць пінжак, але нейкія сляды ўсё ж засталіся…

1955 год. Калгасу давялі план пасеву кукурузы.

Пасеялі яе квадратна-­гнездавым спосабам (уздоўж і поперак поля — бароздкі, на іх перасячэнні ў ямкі ўкінутая кукуруза). Але пасля агледзеліся, што гэтую кукурузу паядае драцянік. Падключылі школу для яе ратавання — арганізавалі з вучняў працоўнае звяно, і мяне накіравалі з імі працаваць…

Прывезлі на поле ржавыя бочкі з нейкай смярдзючай вадкасцю. Нам трэ’ было вядром чэрпаць гэтую вадкасць і кубкамі паліваць ямкі з кукурузай. Але школьнікі не праяўлялі асаблівага запалу да работы, больш прастойвала, асабліва дзяўчаты. Тады я, ідэйны камсамолец, звярнуўся да іх: «Вы ж камсамольцы! Вам даручылі такую адказную справу! Трэба спрытна працаваць». Але словы мае мала дзейнічалі. Тады я сваёй працай імкнуўся паказаць прыклад. Вычэрпваў з бочак гэтую вадкасць, а калі трэба было выліць у вядро рэшту, то бочку даводзілася падымаць на калені. Я перамазаў адзенне, добра, што гэта было не самае лепшае. Вучні моўчкі, але з нейкім жалем глядзелі на мяне…

Помню і настаўніка Уладзіміра Шарэнду, у яго яшчэ не расла барада — быў галамузы, як у нас казалі. Было ў яго дзве дачкі. Неяк дзіўнавата ён з імі сябе паводзіў: то ўшчыкне, ідучы міма, то хлопне далонню па попцы…

І апошняе. Летам, на вакацыях, да маіх у вёску Запруддзе, што на Шаркаўшчыне, нечакана завітала вучаніца 9 класа Пучынская Ядзя. Аказваецца, за 2 кіламетры ад нас, у вёсцы Старая Борць, жылі яе сваякі. І яна адтуль прыйшла паглядзець, як жыве яе далёцкі настаўнік. А мяне дома не было. Вяртаюся я дамоў, а бацька і мама, усхваляваныя, пытаюцца ў мяне: «Хто такая Пучынская Ядзя? Чаго яна прыходзіла? Што ёй трэба?» Пасля таго я ніколі не сустракаў яе…

Успаміны мае, успаміны…

* * *

Ад рэдактара. Дасылайце і Вы, людзі, свае ўспаміны пра старыя часы і фотаздымкі. Хай застануцца яны на паперы, у бібліятэках.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?