У сувязі са зніжэннем патоку беларускіх пакупнікоў польскія і літоўскія гандлёвыя сеткі разглядаюць магчымасці працы ў Беларусі. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 25 лютага ў Мінску дырэктар брокерскага падраздзялення кампаніі Colliers International у Беларусі Андрэй Алёшкін. 

Паводле яго слоў, такія магчымасці разглядае буйны рытэйлер з краін Балтыі кампанія Apranga, якая валодае 70% вядомага гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Акраполіс» у Вільнюсе. «Яны прыглядаюцца, разумеючы, што губляюць патокі», — сказаў эксперт. 

Алёшкін таксама зазначыў, што і буйныя польскія кампаніі LPP group і Mohito «даўно зразумелі, што павінны тут прысутнічаць». «Яны выбралі шэраг праектаў і разглядаюць варыянт або выдачы франшызы, або працы самастойна», — адзначыў эксперт. 

На яго думку, «любы са спажыўцоў палічыць за лепшае хадзіць у магазіны ў Мінску, чым ехаць у Польшчу або Літву, траціць сродкі на візу і дарогу, калі тут будуць гэтыя брэнды». 

«Цяпер кожны год адбываецца насычэнне беларускага рынку вядомымі брэндамі. Мы вялі перамовы і з такім вядомым брэндам, як Zara. Калі б не сітуацыя ў Расіі, яны б у верасні гэтага года адкрыліся ў адным з нашых гандлёвых цэнтраў», — сказаў ён. 

Разам з тым, лічыць ён, у Беларусі ёсць добрая замена гэтаму брэнду — такія кампаніі, як Waikiki і DeFacto, якія адкрылі магазіны ў ГЗЦ Galileo.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?