На гэтым тыдні адзін з чытачоў «Нашай Нівы» звярнуў увагу, што з сайта Міністэрства абароны знікла рубрыка «Нашы героі».

Варта зазначыць, што гэты раздзел сайта не так даўно трапіў пад крытыку расійскіх шавіністычных выданняў. Абурэнне выклікала тое, што ў галерэю герояў трапілі такія гістарычныя асобы, як Усяслаў Полацкі, Януш Радзівіл, Тадэвуш Касцюшка.

Чарнасоценскія выданні абураліся, што Міністэрства абароны ў героі запісала людзей, якія змагаліся супраць казакоў Багдана Хмяльніцкага і войскаў Аляксандра Суворава.

Дык ці не стала гэткая крытыка прычынай увогуле зачыніць рубрыку? Мы спыталіся пра гэта ў прэс-службе Міністэрства абароны.

Там «Нашу Ніву» запэўнілі, што на дадзены момант праходзіць дапрацоўка дадзенага раздзела. «У нас ёсць мэта абавязкова ўключыць сюды ўсіх значных беларускіх вайсковых герояў. Дзеля гэтага вывучаюцца апошнія публікацыі, праходзяць узгадненні. Мы хочам, каб гэта была сапраўдная энцыклапедыя беларускай вайсковай справы».

Мы запыталіся, ці не знікне ў выніку з абноўленай версіі «Нашых герояў» прозвішчы Тадэвуша Касцюшкі і Януша Радзівіла? У прэс-службе заспакоілі, што ніхто не будзе зняты.

«Касцюшка застанецца. Я хачу нагадаць, што Іосіф Вісарыёнавіч Сталін не пабаяўся даць імя Тадэвуша Касцюшкі 1-ай польскай пяхотнай дывізіі», - адказаў прэс-сакратар Мінабароны.

Варта адзначыць, што Міністэрства абароны адной з нямногіх сярод дзяржаўных ведамстваў краіны мае паўнавартасную беларускамоўную версію сайта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?