Калі такое здараецца, перастаеш верыць у найвышэйшую справядлівасць, у Божую задуму існавання гэтага свету, у абавязковую перамогу дабра над злом.
Тым, хто ведаў Нямцова толькі па інтэрв'ю, нават цяжка ўявіць, колькі людзей могуць сказаць пра яго выключна добрыя словы без пафасу і нават без палітыкі. Тысячы! Гэта быў чалавек-свята, разумнік, феерычны аптыміст, у нейкім сэнсе палітычны Робін Гуд, у існаванне якіх у наш час проста складана паверыць …
І вось цяпер яго няма. Забіты чатырма стрэламі ў спіну.
Зло зараз перамагло.
Не буду казаць пра палітыку, не буду казаць пра тысячы, дзясяткі тысяч, сотні тысяч людзей, якія ўдзячныя Барысу за тое, што ён быў. Скажу пра сябе.
У мяне на памяць ад Нямцова застаўся гадзіннік. Аднойчы так атрымалася, што проста ў дзень нараджэння мне трэба было быць у Маскве. І прыхапкам, выязджаючы з дому, я забылася мабільнік. Гадзіннік ніколі не насіла, а таму аказалася ў Маскве, абсалютна дэзарыентаваная ў часе.
Слова за слова і Барыс кажа: «Лепш сама скажы, што табе падарыць на дзень нараджэння. Інакш павязеш у Мінск паўтараметровую матрошку».
Ну я і сказала: «Гадзіннік. Які-небудзь самы просценькі». Хоць, шчыра кажучы, сама я мела намер купіць новы мабільнік. Але папрасіць тэлефон у якасці падарунка палічыла няправільным, таму што занадта дорага. А гадзіннік, бо капейкі каштуе.
Праз нейкі час мне быў з добрымі пажаданнямі ўручаны гадзіннік. Просценькі, як я і прасіла. Без наваротаў і цыганшчыны.
Колькі гадоў пасля таго прайшло, я ўжо дакладна не скажу. Год, два, тры… Але аднойчы гадзіннік спыніўся і быў закінуты ў нейкую шуфлядку. Потым, разбіраючы ўсякі хлам, я нават хацела яго выкінуць, але чамусьці сама сябе спыніла: «А з чаго гэта я ўсё выкідваю? Людзі ж неяк рамантуюць паламаць рэчы…»
Зайшла ў Дом быту, паказала гадзіннік.
На мяне там паглядзелі, як на дурніцу: «Мы не дапаможам».
– Што, аднаразовы?
– Жанчына, гэта ваш гадзіннік?
– Мой…
– А вы на яго глядзелі?
–???
– Ну, літаркі не спрабавалі чытаць?
– Не, - разгубілася я. – Гэта падарунак.
І я, напэўна, упершыню паглядзела на гэты гадзіннік не як на стрэлкі, якія паказваюць час, а як на гадзіннік.
– Jean Perret, - пацвердзіў гадзіншчык. - Нумарны. З cапфірамі. Вам не да нас, вам у краму швейцарскіх гадзіннікаў трэба. Батарэйку памяняюць.
Я была ў шоку. Я ніколі і нікога не разводжу на дарагія падарункі. А тут нават толкам не падзякавала чалавеку.
Дакладней, потым ужо падзякавала, але моцна падазраю, што ён нават не вельмі зразумеў, за што.
Ён патэлефанаваў, калі стала вядома, што ў Мінску на акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў затрымалі расейцаў. І дзяўчына сярод іх была. Ён прасіў у першую чаргу паклапаціцца менавіта пра дзяўчыну – перадаць на Акрэсціна ваду, рэчы.
– Ды ў нас ужо на канвеер такія перадачы пастаўленыя – усім перадаюць, не толькі сваякам і знаёмым. Не хвалюйся.
– Не, ты прасачы. А то вашы там дураць, лічачы, што ўсе рускія – мудакі…
У гэтым быў увесь Нямцоў. Свой і сярод алігархаў, і сярод піянераў-рэвалюцыянераў. Які ўмее выпіць гарэлкі з страйкоўцамі-шахцёрамі і калекцыйнае віно на каралеўскім прыёме. Здольны рабіць дарагія падарункі без нагоды і патрэбы, і забываць пра гэта. Думаць пра тых, каго нават не ведае.
Чалавек са стрыжнем, з паняццямі пра дабро і зло. Вялікі аптыміст і адчайны фаталіст, напэўна…
Сёння зло перамагло.
Барыса няма.
Гадзіннік ідзе.