Відэаанлайн з шэсця:

17.40

Масквічка Ліза, якая прыйшла на акцыю памяці і пратэсту з немаўлём.

Масквічка Ліза, якая прыйшла на акцыю памяці і пратэсту з немаўлём.

17.38

Месца забойства Барыса Нямцова засланае кветкамі.

Месца забойства Барыса Нямцова засланае кветкамі.

18.21

Паводле ўдакладненых звестак, больш за 50 чалавек былі затрыманыя ў Маскве падчас шэсця памяці Барыса Нямцова за «парушэнне грамадскага парадку».

11 чалавек былі затрыманыя супрацоўнікамі АМАПу, удзельнік шэсця паведаміў у эфіры «Дождя», што гэта былі актывісты арганізацыі «Народная воля».

Раней на шэсці былі затрыманыя каля дзесяці чалавек з імперскімі сцягамі, прычыны затрымання таксама невядомыя. Раней з'яўляліся паведамленні, што адзін чалавек з імперскім сцягам быў затрыманы нібыта за спробу кінуць дымавую шашку.

Акрамя таго, у часе шэсця затрыманы дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка. У сталічным глаўка МУС факт затрымання ўкраінскага парламентарыя пацвердзілі.

17.23

Усклаўшы кветкі, людзі разыходзяцца — хто па адным, хто групамі. Паліцыя нікога не затрымлівае. Толькі заклікае ўсіх пасля праходу замаскварэцкага моста спускацца ў метро.

17.21

У натоўпе заўважаны бел-чырвона-белы сцяг.

17.18

Набярэжная ўжо апусцела. Апошнія ўдзельнікі шэсця ўзыходзяць на мост. «Апошнія» — гэта тысяч пяць, на вока, паведамляе карэспандэнт НН.

Месца забойства Нямцова завалена кветкамі.

17.10

Затрыманы ўкраінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка можа стаць фігурантам распачатай у РФ крымінальнай справы ў сувязі з падзеямі ў Адэсе 2 мая мінулага года, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

17.04

На мосце вельмі цесна, да месца, дзе ўскладаюць кветкі, практычна немагчыма прабіцца. Ёсць небяспека цісканіны. Паліцыя фактычна не кантралюе сітуацыі. Большая частка ўдзельнікаў шэсця шпацыруе ўздоўж муроў Крамля.

16.56

Паліцыя затрымала народнага дэпутата Украіны ад «Блока Пятра Парашэнкі» Аляксея Ганчарэнку, які браў удзел у мітынгу. «Адвялі ў аўтазак, адбіралі пашпарт. Потым пашпарт аддаліі вывелі з аўтазака, ударылі. Я нічога не выкрыкваў, плакатаў і сцягоў не нёс – затрымалі проста за футболку», — напісаў ён у Фэйсбуку. На футболцы было фота Нямцова і надпіс «Героі не паміраюць» па-ўкраінску. Паводле інфармацыі «Дождя», Ганчарэнка цяпер у аддзяленні ўнітраных справаў «Кітай-горад».

16.53

Людзі прарваліся на пешую частку маста. Мост цалкам запаўняецца.

16.52

Чалавек у чорным плашчы з надпісам «карупцыя» на спіне правакуе ахову маста — лезе абдымацца з дружыннікам і крычыць: «Ну што, добра табе з карупцыяй»? Частка натоўпу спрабуе прарвацца на пешаходную частку маста, іх не пускаюць. Адбываюцца міні-канфлікты з дружыннікамі.

16.44

Людзі заходзяць на мост. На месцы гібелі будуць ускладаць кветкі. Канца калоны з моста не відаць.

16.40

Паліцыя вывела з шэсця групу з імперскімі сцягамі, піша ў твітары Павал Шарамет.

16.33

Галава калоны стаіць каля ўзыходу на мост. Арганізатары стрымліваюць яе хаду. Красная плошча перад Крамлём застаўленая аўтазакамі і пустымі аўтобусамі. На саборы Васіля Блажэннага пачалі біць званы.

16.19

ГУ МУС Расіі ацэньвае колькасць удзельнікаў мітынга ў 16,5 тысяч чалавек. Самі ўдзельнікі — у 50—100 тысяч.

16.14

Натоўп пачынае скандаваць: «Эти пули каждому из нас», але захлынаюцца праз 20 секундаў. Таксама скандуюць «Россія будет свободной», «Путіна в отставку». Крычаць не злажана, хутка захлынаюцца. Але «Нет войне» падхоплівавюць літаральна ўсе.

16.08

Перад мостам калона разбілася на некалькі частак (бо людзей вельмі многа, ёсць рызыка даўкі). Людзі скандуюць: «Расія без Пуціна!»

16.03

У калоне ідуць і сучасныя «народавольцы». Фота Ірыны Арахоўскай.

15.55

Першыя шэрагі калоны падыходзяць да моста, на якім застрэлілі Нямцова. «Ну што, зараз мост — а потым на Крэмль», — чуецца ў натоўпе.

15.52

Ілля Яшын ацэньвае колькасць удзельнікаў шэсця ў 100 тысяч чалавек. Раней Міхаіл Касьянаў даваў сваю ацэнку — 50 тысяч. У ГУУС Масквы налічылі каля 7 тысяч дэманстрантаў.

15.51

Калона выйшла на набярэжную Масквы-раки и стала, паведамляе «Дождь».

15.49

15.46

Група ўдзельнікаў мітынгу трымае расцяжку «Свабоду Надзеі Саўчанка».

15.35

На Кітайгародскім праездзе людзі з імперскімі чорна-жоўта-белымі сцягамі.Этнапалітычнае аб'яднанне «Рускія» - яны называюць сябе так. «Мы разам з лібераламі і дэмакратамі выйшлі, каб паказаць сваё стаўленне да злачыннага рэжыму», — кажуць яны.

15.33

У шэсці бяруць удзел дзясяткі тысяч чалавек. Удзельнікі шэсця ў інтэрв'ю карэспандэнтам «Нашай Нівы» адкрыта ўскладаюць віну за гібель Нямцова на ўлады Расеі і асабіста Уладзіміра Пуціна. На іх думку, Нямцоў заплаціў жыццём за сваю антываенную пазіцыю, за выкрыванне агрэсіі.

15.27

Больш за дзесяць чалавек сабраліся сёння ля расійскай амбасады ў Мінску, каб ушанаваць памяць палітыка Барыса Нямцова.

Людзі прынеслі кветкі, знічкі ды стужкі. Калі ўдзельнікі пачалі збірацца, насустрач ім выйшлі міліцыянты і папярэдзілі, што ладзіць пікеты забаронена. Калі ім адказалі, што ніхто нічога пікетаваць не збіраецца, адзін з міліцыянтаў сказаў, што «не трэба рабіць ніякіх фота, ніякіх рэпартажаў», здымаць блізка ля амбасады таксама забаронена. Пасля ён папрасіў у журналістаў пасведчанні і перапісаў дадзеныя. Абышлося без затрыманняў.

15.25

Магчыма, паліцыя спецыяльна працуе марудна каля металадэтэктараў - натоўп амаль не рухаецца. Пачаўся дробны дождж.

15.24

Відэа Ірыны Арахоўскай.

15.20

Калона рушыла. Галоўны лозунг шэсця — «Героі не паміраюць», кажа Ілья Яшын, іншы лідар расійскай апазіцыі і сябар забітага. Над дэманстрантамі пераважна расійскія дзяржаўныя і партыйныя сцягі. Ёсць інфармацыя, што людзей з украінскай сімволікай затрымлівалі, не толькім за сцягі, але і за стужачкі.

Сярод лозунгаў — «Он погиб за наше будущее», «Он боролся за свободную Россию», «БОРИСЬ».

15.10

На мітынгу са сябе агітуюць і камуністы — раздаюць улёткі.

15.06

Усё яшчэ стаіць вялізарная чарга да дэтэктараў, людзі не могуць выйсці з метро, стаяць у пераходзе і чакаюць, пакуль рушыць натоўп на плошчы, паведамляюць карэспандэнты НН.

15.02

Ушанаваць Нямцова прыйшлі вельмі розныя людзі: моладзь, інтэлігенты сталага веку, нават крышнаіты. Апошнія спявалі жалобныя малітвы. Здымкі Ірыны Арахоўскай.

14.41

Як паведамляюць карэспандэнты НН, якія вядуць рэпартаж з месца падзей, каля бліжэйшай станцыі метро «Кітай-горад» не прапіхнуцца — міліцыянты праз мегафоны каардынуюць людскую плынь.

Многія людзі нясуць вялікія букеты кветак. На Славянскай плошчы лунаюць сцягі Расіі і Украіны, беларускіх пакуль не відаць.

14.40

Чарга да металадэтэктараў.

Чарга да металадэтэктараў.

Плошча абстаўленая рамкамі з металадэтэктарамі. Да іх стаяць вялікія чэргі. Каля рамак удзельнікам раздаюць расійскія трыкалоры.

Арганізатар Аляксандр Рыклін называе акцыю не толькі памінальній, але і пратэстнай, бо Нямцоў быў апазіцыйным палітыкам.

Колькасць удзельнікаў тэлеканал «Дождь» ацэньвае ўжо ў некалькі тысяч чалавек. Шэсце да месца гібелі Нямцова пачнецца. а 15-й.

* * *

Планаваны на сёння марш расійскай дэмакратычнай апазіцыі «Вясна», які павінен быў прайсці ў маскоўскім раёне Мар'іна, быў адменены пасля забойства Барыса Нямцова. Замест яго ў цэнтры горада адбудзецца шэсце памяці палітыка.

Ад Славянскай плошчы, што побач са станцыяй метро «Кітай-горад», удзельнікі пойдуць на Кітайгародскім праездзе і Маскварэцкай набярэжнай да Вялікага Маскварэцкага мосту, дзе быў забіты Нямцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?