29‑гадовы мінчанін, абвінавачваны ў забойстве сямігадовай Ірыны Кужэльнай, змешчаны ў Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу «Навінкі» (Мінск) для праходжання псіхіятрычнай экспертызы. Пра гэта БелаПАН паведаміў першы намеснік пракурора Мінскай вобласці Мікалай Пілінкевіч.

М.Пілінкевіч не змог сказаць, як доўга будзе цягнуцца экспертыза. Паводле яго слоў, гэта вызначаюць урачы, але, як правіла, у межах месяца.

Мікалай Пілінкевіч таксама паведаміў, што маладому чалавеку не прад\’яўлялася ніякіх новых абвінавачанняў. Следства чакае вынікаў псіхіятрычнай экспертызы.

Абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага п. 2 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмыснае забойства заведама малалетняга) было прад’яўлена мінчаніну 11 студзеня. З санкцыі пракуратуры ён быў арыштаваны.

Нагадаем, цела другакласніцы Бяларуцкай сярэдняй школы (Лагойскі раён Мінскай вобласці) было знойдзена супрацоўнікамі крымінальнага вышуку 3 студзеня пад будаўнічым вагончыкам каля ляснога масіву прыкладна за сем кіламетраў ад пасёлка Бяларучы, дзе дзяўчынка жыла з маці, і за два кіламетры ад садаводства «Лясное‑90». Устаноўлена, што смерць дзяўчынкі наступіла ў выніку насільных дзеянняў.

І.Кужэльная знаходзілася ў вышуку з 23 лістапада 2007 года.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0