Каторы дзень у тэлевізійнай рэкламе паміж лідскай мукой і памперсамі з’яўляецца жудакаваты дзядзька са знешнасцю Берыі на фоне начнога КГБ і запрашае паглядзець перадачу пра доблесныя будні гэтай слаўнай арганізацыі. Ксенія Сітнік датанцоўвае песеньку пра «мальчыка з васьмога Б» і Дзяніс Кур’ян аб’яўляе кароткі рэкламны блок. А там — Берыя.

Уяўляю, каб дзесьці ў Іспаніі ў целіку чалавек з тварам Тарквемады расказваў пра поспехі сучасных інквізітараў — белых і пушыстых — на ніве выкрыцця і ліквідацыі ерэтыкоў. Але ж інквізіцыі няма, а КГБ — на месцы і, мяркуючы са стылістыкі тэлевізійнай рэкламы (такая сабе сталінская готыка), гатовы хоць зараз паўтарыць подзвігі тых, ад каго выводзіць сваю працяглую гісторыю.

Вы скажаце, як такое магчыма? Магчыма, калі забываецца. Калі гісторыю перапісваюць у тым сэнсе, што, аказваецца, гэта тры падступныя парсючкі з’елі рахманага ваўка, а не наадварот. Ён сабе сядзеў ціхенька, а яны ледзь не ў пашчу яму лезлі са сваёй нахабнай песенькай: «Нам не страшны шэры воўк!» Так на сайце КГБ РБ у раздзеле «Гісторыя» сцвярджаецца, што крэпка пацярпела гэтая арганізацыя ў часы сталінскіх рэпрэсій. Пра тых, хто ад яе пацярпеў — ні слова. Вось і выходзіць у нас такая штука, што адныя забыліся, а іншыя з асаблівым цынізмам робяць тым першым «новы год». «Што такое Новы год? Гэта ўсё наадварот»…

Служба бяспекі — атрыбут кожнай дзяржавы. Але нашы — не проста служба бяспекі. Інакш навошта ім з такой упартасцю трымацца за гэту страшную назву — КГБ, а тым больш выводзіць сваю гісторыю з жудасных злачынстваў супраць чалавецтва. У нармальнай краіне нармальная служба бяспекі ніколі і не дадумаецца да таго, каб — пужаць уласны народ. Навошта? Дый доблесці ў гэтым няшмат. Пужае той, хто сам больш за ўсіх баіцца. Але і тут усё наадварот. Бо пужае той, хто мусіць дбаць пра бяспеку тых, каго ён пужае.

Сёння няма такіх рэпрэсій, як у колішнія часы. Але няма і ніякіх стопараў, калі б раптам «слаўнай гісторыі» захацелася паўтарыцца.

Уявіце сабе краіну, у якой штодня расстрэльваюць 600‑700 польскіх шпіёнаў. Гэта не загадка. Гэта наша з вамі Беларусь, 1937‑1938 гады. Чамусьці ў мяне першым пытаннем з’яўляецца — а куды дзяюць такую колькасць трупаў? Можа і праўда, сотні смерцяў — ужо не трагедыя, а статыстыка? Трупы, натуральна, закапваюць. Там, дзе расстрэльваюць. А расстрэльваюць па ўсёй краіне: у сталіцы, у Аршанскай турме, у Полацкай, у Віцебскай, у Слуцкай… У індустрыі «ўтылізацыі» польскіх шпіёнаў занятая значная частка насельніцтва. Уявіце: 600‑700 кожны дзень трэба не толькі расстраляць, але пагрузіць, завезці, разгрузіць, выкапаць яму і закапаць. Але хто такія шпіёны і адкуль іх так шмат? Пераважна гэта беларусы і пераважна — сяляне. Словам — той электарат, які звычайна падтрымлівае існуючы рэжым. Сярод іх шмат жанчын, пераважаюць хатнія гаспадыні, што крыху б’е па стэрэатыпах, бо з мужыком рознае можа быць, ён ваяка, а тут — маткі, бабулі, чыесьці жонкі, сёстры… Яшчэ больш уражвае вялікая колькасць пенсіянераў. Аказваецца, іх расстрэльвалі з асаблівай «ахвоткай». 80‑гадовыя дзяды ставіліся да сценкі, як рэвалюцыйныя матросікі… Дакладней — як польскія шпіёны.

Калі я ўчытваюся ў біяграфіі гэтых людзей, дык шукаю прыкметаў таго, што яны нейкія дурнейшыя былі за сённяшніх, не ведалі і не разумелі, што з імі адбываецца, наіўныя… Але якраз гэтага я і не знаходжу. Не, не дурнейшыя. Такія самыя. Нічога не змянілася ў беларускім народзе з тых часоў. Можа быць, яшчэ больш стаў народ адарваным ад традыцый, ад каранёў, ад свайго — зямлі, прыроды, мовы. А так — той самы. І зусім не бянтэжыць яго пампезны будынак начнога КГБ і галава Берыі ў рэкламным блоку. Ужо зноў не бянтэжыць. Таму — нішто не выключана, дарагія сябры. На жаль.

Пішучы гэты тэкст, пару разоў вяртаўся, каб выправіць, бо КГБ міжвольна ўжыў у ніякім родзе. Але ж у нас ніхто і не кажа на КГБ — ён. Кажуць — яно. «Да нас прыходзіла КГБ. КГБ рабіла ў іх ператрус. Табой цікавілася КГБ». Нібыта патрэбны мужчынскі род, бо — камітэт. А ўсё адно — яно. Замацавалася ў людской свядомасці. Гэтак звычайна называюць нешта вялізнае і пагрозлівае, незразумелае і непразрыстае, а ад таго жудаснае — як страхоцце альбо насланнё.

Сяргей Дубавец, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0