На банкаматах банка «Масква — Мінск» самае першае меню высвятляе моўныя прэферэнцыі карыстальніка — Русский, English, Deutsch, Francais. А дзе ж беларуская мова?..
Дыскрымінацыя беларускай мовы на карысць рускай даўно зрабілася звыклай. Ужо нават англійская, французская і нямецкая мовы маюць больш правоў на нашай зямлі, чым беларуская!
Тое самае ў банкаматах «Альфа-Банка», «Тэхнабанка» ды іншых. Але ў выпадку банка «Масква — Мінск» гэта выглядае асабліва ганебным, бо яго летась адкупіла наша дзяржава і адным з удзельнікаў куплі быў Нацбанк.
Для параўнання: «Прыёрбанк» мае аўстрыйскія карані, але беларускую мову падтрымлівае хаця б на ўзроўні банкаматаў. І ў БПС-Сбербанку не забыліся пра беларускую мову.
Між народамі — як між людзьмі: хто ж будзе цябе паважаць, калі сам сябе не паважаеш? Відавочна, што ў выпадку Беларусі менавіта стан беларускай мовы з’яўляецца самым слабым месцам у падмурку дзяржаўнасці. А калі што добра стаяла на нетрывалым падмурку?