Ніколі ніводная дыктатура яшчэ не вырашала праблемаў, якія ляжалі перад краінай і нацыяй у момант прыходу да ўлады дыктатара.

«Жывуць і перамагаюць…»

Апошнія гадоў дзесяць гэтую дату не пазначаюць у календарах і амаль ня згадваюць у газэтах. А быў час, калі ў гэты дзень усе газэты зьмяшчалі яго партрэты, фатаграфіі, яму прысьвячаліся нарысы. У школах праводзіліся ўрачыстыя лінейкі з гэтай нагоды, у інстытутах і ва ўстановах — сходы.

Але ж і гэта — нішто ў параўнаньні са студзенем 1924 году.

Вось толькі два фрагмэнты з успамінаў сучасьнікаў.

«23 студзеня. Павялецкі вакзал. Раcьцягнутая на шмат кілямэтраў жалобная працэсія за труной Уладзімера Ільліча павольна рушыць да Калённай залі. Доўгая чарга людзей у жалобе працягнулася ад Цьвярской да Дзьмітраўкі, хаця труну ў Дом Саюзаў яшчэ ня ўнесьлі і нікога пакуль не пускаюць. Людзі стаяць, пераступаючы з нагі на нагу, нягледзячы на дзікую сьцюжу. Як быццам сама прырода вырашыла наладзіць выпрабаваньне на трываласьць масквічам, піцерцам, шматлікім прадстаўнікам іншых гарадоў, якія прыехалі аддаць апошні абавязак Ільлічу. Потым пачалі паліць вогнішчы, каб сагрэцца. Бясконцая плынь людзей. І так амаль чацьвёра сутак запар».

«Дык значыць праўда? Праўда, што няма больш ЛЕНІНА? Мы ніколі ня ўбачым яго мілы з прыжмурам твар? І камень, цяжкі камень лёг на сэрца, а да горла ўжо коціцца камок і цісьне, цісьне да таго моманту, пакуль з вачэй не пацякуць гарачыя‑гарачыя раўчукі сьлёзаў.

А ўвечары на вуліцах крыкі газэтчыка: «Памёр Ленін!», «Сьмерць правадыра!», «Сканаў Ільліч!». Вакол суворыя пахмурныя твары… Безь пяці хвілін чатыры. Акурат 55 хвілін. Трамваі, рамізьнікі, пешаходы, усе…усё ўстала. Тысячы гудкоў загулі на ўсіх маскоўскіх фабрыках, заводах. Увесь пралетарыят, усе прыгнечаныя ўсяго сьвету разьвітваліся ў гэтую хвіліну са сваім правадыром і настаўнікам».

Самае дзіўнае ў тым, што раней, калі даводзілася чытаць падобныя апісаньні ў школьных падручніках, хрэстаматыях, у так званай «мастацкай літаратуры», гэта не выклікала ніякага зьдзіўленьня, успрымалася як натуральнае выказваньне народных пачуцьцяў. Праўда, у юнага чытача ў сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя сьлёзаў гэтыя ўспаміныў ужо не выклікалі.

Але калі ўспомніць, што ўсяго за шэсьць гадоў да пахаваньня Леніна былі расстраляныя расейскі манарх разам з усёй сваёй сям’ёй, і чуткі пра гэта не прывялі да яшчэ большых хваляваньняў у краіне, ахопленай грамадзянскай вайной…І што ўсяго чвэрць стагодзьдзя мінула пасьля Хадынкі, дзе людзі ціснулі адно аднаго на сьмерць, каб убачыць «гасудара»…

Уражвае, што такі малы адрэзак часу спатрэбіўся для таго, каб народ, які ўкленчваў перад царом, стварыў сабе новага куміра — абсалютнае баство, у параўнаньні зь якім усе астатнія цары, багі й бажкі падаваліся нічым.

Стогодзьдзе «правадыра камунізму» адзначалася яшчэ з усяе помпай, на якую толькі здольная была савецкая дзяржава. Праз дваццаць пяць гадоў імя Леніна ўжо мала каго цікавіла ў Расеі, а камуністы на прэзыдэнцкіх выбарах пацярпелі сакрушальную паразу. Ды яны ўсё яшчэ кажуць — ідэі Леніна жывуць і перамагаюць…

«Заміраньне свабоды»

Пахаваньне Сталіна было куды больш драматычным, чымся ягонага папярэдніка.

9 сакавіка 1953 году яго труп быў выстаўлены для разьвітаньня тамсама, дзе й цела Леніна ў студзені 24‑га — на пастаменце ў Калённай залі Дома Саюзаў. Разьвітацца са Сталіным пажадалі два мільёны чалавек — масквічоў і гасьцей сталіцы. Той, хто прыйшоў на пахаваньне правадыра, ужо нікуды ня мог вырвацца. Ачапленьне МДБ на вуліцах не давала натоўпу разысьціся. У выніку тады загінула каля паўтары тысячы чалавек — большасьць зь іх былі проста размазаныя людзкой масай па сьценах вуліц і завулкаў. (Дакладная колькасьць загіблых падчас пахаваньня Сталіна дагэтуль не названая. Аднак лічба 1500 дзіўным чынам супадае з прыблізнай лічбай у 1300 загіблых падчас Хадынкі).

Гэта было ня столькі разьвітаньне Савецкага Саюзу са Сталіным, колькі прывітаньне Сталіна савецкаму народу з таго сьвету — так бы мовіць, на доўгую памяць.

Але зноў жа — колькі б ні пісалі цяпер кніг пра правадыра ўсіх народаў, колькі б ні здымалі фільмаў і сэрыялаў у славу Генэралісімуса, колькі б ні будавалі «лініяў Сталіна», ня кожны школьнік сёньня ўцямна адкажа, хто ён быў такі.

Гэта я не пра тое, што ўсё з гісторыі само некуды сплывае, зьнікае. Нічога ніколі бязь сьледу не зьнікае. Гэта закон фізыкі.

Ленін быў першым, але не апошнім вялікім дыктатарам ХХ‑га стагодзьдзя. Пасьля яго былі Сталін, Гітлер, Мао Цзэдун. У Эўропе напярэдадні Другой усясьветнай вайны не было, бадай, ніводнай краіны, апрача Англіі й Швайцарыі, дзе на чале дзяржавы не стаялі б дыктатары — у тым ліку, у Латвіі, Літве, Эстоніі…

Апошняе дасьледаваньне арганізацыі Freedom House «Свабода ў сьвеце 2007» паказала, што цягам апошніх трыццаці гадоў колькасьць свабодных краінаў у суадносінах з агульнай колькасьцю краінаў застаецца амаль нязьменнай. «Пік» свабоды прыйшоўся на 1997‑ы. Сёньня спэцыялісты гэтай арганізацыі гавораць пра «заміраньне свабоды». А ў асобных рэгіёнах сьвету — найперш, у Азіі і Афрыцы — назіраецца палітычны рэгрэс.

Напрыклад, Тайлянд і Конга перайшлі з катэгорыі «часткова свабодных» у катэгорыю «несвабодных». (Беларусь тамсама й застаецца). Застаюцца слабымі дэмакратычнымі інстытуты ў ПАР, Кеніі, на Тайвані, Філіпінах, у Мэксыцы, Аргентыне, Бразіліі й… Вугоршчыне. Летась не было значных зьменаў да лепшага ў краінах СНД — у тым ліку, у Грузіі і ва Ўкраіне, якія лічацца «часткова свабоднымі». А ў Азэрбайджане і Кыргызстане (пасьля «тульпанавай рэвалюцыі») становішча пагоршылася.

У цалкам свабодных краінах сёньня жывуць 46 % насельніцтва плянэты. У цалкам несвабодных — 17 %.

Дыктатура альбо сьмерць

Дзе гарантыя, што заўтра зноў ня зьявіцца «мода» на дыктатуру, і яна не ахопіць сёньняшнюю Эўропу, якая жыве бяз войнаў ужо 63 гады? Канечне, зьяўленьне дыктатараў пакуль болей характэрнае для краінаў «трэцяга сьвету». Але ж гарантыяў дэмакратыі, насамрэч, няма нідзе. Гэта досыць складаная сыстэма, якой нялёгка авалодаць. А нават і авалодаўшы — яшчэ цяжэй утрымаць. Як гэта можна бачыць на прыкладзе такіх дэмакратычных, здавалася б, краінаў, як Вугоршчына й Польшча.

Многіх працэсаў і тэндэнцыяў у разьвіцьці сучаснай цывілізацыі ( калі ўвогуле можна гаварыць пра нейкую адзіную цывілізацыю — прынамсі, мумія ў маўзалеі ў цэнтры краіны наўрад ці зьяўляецца прыкметай цывілізацыі заходняй) мы ня ведаем ці яшчэ не разумеем.

Але відавочна іншае. Ніколі ніводная дыктатура яшчэ не вырашала праблемаў, якія ляжалі перад краінай і нацыяй у момант прыходу да ўлады дыктатара. У лепшым выпадку размову можна весьці пра невялічкае павелічэньне дабрабыту народу. Але яно заўсёды мізэрнае ў параўнаньні з дабрабытам дыктатара. Нават Ленін, пры ўсёй сваёй славутай сьціпласьці, жыў у шмат разоў лепей агромністай масы сялянаў і рабочых. Праблемаў з харчаваньнем ці вопраткай у яго не было. Пра «сьціпласьць» Сталіна, які трымаў у рабстве увесь Савецкі Саюз, наагул гаварыць сьмешна. Аднак — вернемся зноў на пяцьдзясят пяць гадоў назад — тыран памірае, і ўсяго праз тры гады яго праграмныя пастуляты рэвізуюць, а яшчэ праз шэсьць — ягоны труп выкідаюць з маўзалея!

Не прайшло й году пасьля сьмерці Туркмэнбашы, а ягоны спадкаемца вяртае скасаваныя «бацькам усіх туркмэнаў» балет, опэру, цырк, дазваляе грамадзянам чытаць замежныя газэты…

Нядаўна кубінскі народ зноў абраў Фідэля Кастра дэпатутам нацыянальнага сходу. Вось ужо хутка год, як ён ня можа канчаткова прыйсьці ў сябе пасьля перанесенай апэрацыі на кішках. (Успамінаецца анэкдот пра Чарненку, які «на 74‑м годзе жыцьця, не прыходзячы ў прытомнасьць, быў абраны старшынём Вярхоўнага Савету СССР»). Уся Куба чакае, ці застанецца Фідэль на чале дзяржавы, ці яго зьменіць ягоны брат Раўль. А тое, што народ, як і сорак восем гадоў таму, жыве паводле харчовых картак, без усялякай пэрспэктывы на лепшае — гэта няважна. Бо камандантэ, кажуць, гэта ж цэлая эпоха!

Эпоха чаго? Гэтае пытаньне лепей задаць аднаму зь ягоных нашчадкаў — Уга Чавэсу.

«Перамога альбо сьмерць!» — улюбёны лёзунг дыктатараў. Яны заўсёды карысталіся пладамі перамогі, а сьмерць прызначалася для іншых. Але аднойчы, рана ці позна, яна заўсёды прыходзіла і да іх. А потым наступала забыцьцё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?