Фінансавая міліцыя арыштавала на рахунках ілжэпрадпрымальніцкіх структур 4 млрд рублёў. 

Як паведамілі ў прэс-службе КДК Беларусі, дэпартамент фінансавых расследаванняў і дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю спынілі дзейнасць адной з найбуйнейшых злачынных груп, якая аказвала камерцыйным структурам паслугі па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі тавараў і сродкаў, здабытых злачынным шляхам. 

Першапачаткова ў поле зроку фінансавай разведкі трапіла група арганізацый, якая праводзіла пералікі значных сум грашовых сродкаў у адрас нерэзідэнтаў Беларусі. Дэталёвае вывучэнне дзейнасці гэтых суб'ектаў паказала на іх прыналежнасць да лжэпрадпрымальніцкіх структур. 

Для прыкрыцця сваіх незаконных аперацый па вываду сродкаў за мяжу яны дэкларавалі імпарт з РФ медыцынскіх вырабаў. Аднак плацяжы за тавар праводзілі не ў адрас расійскіх контрагентаў, а на рахункі кампаній Вялікабрытаніі. Насамрэч пералічаныя грашовыя сродкі належалі беларускім арганізацыям рэальнага сектара эканомікі, якія ажыццяўлялі аперацыі з ілжэструктурамі з мэтай ухілення ад падаткаабкладання. 

У далейшым работнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў устанавілі, што ў склад злачыннай групы ўваходзілі жыхары Мінска. Як адзначылі ў прэс-службе КДК, злачынная група характарызавалася вялікай колькасцю ўдзельнікаў, выразным размеркаваннем роляў (адны займаліся рэгістрацыяй ілжэструктур, другія вялі пошук фармальных заснавальнікаў і дырэктараў, трэція афармлялі дакументы, чацвёртыя кіравалі разліковым рахункам, існавалі людзі, якія адказвалі за забеспячэнне бяспекі функцыянавання групы), іерархіяй, забяспечанасцю сучаснымі сродкамі сувязі і перасоўвання. 

За час свайго існавання злачынная група атрымала даход у памеры больш за 350 млрд рублёў. 

Па гэтых фактах дэпартамент фінансавых расследаванняў распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 233 КК, а таксама дзве крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК у дачыненні да службовых асоб суб'ектаў рэальнага сектара эканомікі, якія карысталіся паслугамі злачыннай групы. 

Фінансавай міліцыяй устаноўлена месцазнаходжанне ўдзельнікаў злачыннай дзейнасці. Чацвёра яе арганізатараў і актыўных удзельнікаў, а таксама службовых асоб кампаній рэальнага сектара эканомікі затрыманыя. Пасля ў дачыненні да іх была абрана мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 

Работнікі фінансавай міліцыі правялі больш за 80 вобыскаў, падчас якіх канфіскавана звыш 170 тыс. долараў ЗША і 7 тыс. еўра, пячаткі лжэструктур, ключы аддаленага доступу «Кліент-банка», камп'ютарная тэхніка, бухгалтарскія дакументы і іншыя носьбіты інфармацыі. 

З мэтай пакрыцця незаконна атрыманага даходу і ўрону, нанесенага дзяржаве ў выглядзе нявыплачаных падаткаў, на маёмасць падазраваных (катэдж, кватэры, дарагія аўтамабілі, ювелірныя ўпрыгажэнні) накладзены арышт на агульную суму больш як 2 млн долараў ЗША. Акрамя таго, прыпынены расходныя аперацыі кліентаў ілжэструктур, на разліковых рахунках якіх арыштавана больш за 4 млрд рублёў. 

Ад службовых асоб беларускіх суб'ектаў, якія карысталіся паслугамі лжэструктур у Мінску і Гомелі, у органы фінансавых расследаванняў паступіла 12 явак з пакаяннем па фактах ухілення ад выплаты падаткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?