Згодна з указам №213 ад 6 мая 2014 года супрацоўнікі органаў унутраных спраў, вайскоўцы спецыяльных падраздзяленняў міліцыі і ўнутраных войск МУС Беларусі пяройдуць на новую форму адзення, паведамляе БелТА.

Спецыялісты кажуць, што некаторыя прадметы сённяшняй формы і знакі адрознення маральна састарэлі і не адпавядаюць умовам працы.

Новы дызайн пазбавіць форму лішніх элементаў.

Каб стварыць новую форму, былі даследаваныя папярэднія формы беларускіх сілавікоў і досвед Расіі, Украіны, Польшчы і Ізраіля. Розныя варыянты тканіны правяраў Цэнтр навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці.

Усе прадметы вырабляюцца на прадпрыемствах папраўчай сістэмы і канцэрна «Беллегпрам» з айчыннай тканіны.

Першымі прымерылі новую форму падраздзяленні ППС ГУУС Мінгарвыканкама і страявыя падраздзяленні Дэпартамента аховы МУС. З 2014 года навінкамі забяспечваюцца АМАП, ППСМ, ДПС ДАІ, участковыя і курсанты першага курсу і пачатковай падрыхтоўкі. Астатнія падраздзяленні атрымаюць новую форму па сканчэнні старых камплектаў.

Колер формы стаў на паўтону цямнейшы.

Найбольш істотныя змены ў зімовай форме: уведзеная універсальная куртка з баваўнянай тканіны з цёплай падкладкай.

Жанчыны атрымалі зімовыя шапкі-кубанкі і летнія капялюшыкі, а таксама летнюю сукенку.

Мужчынскія шапкі займелі борцікі. Фуражкі «схуднелі» ў тульі і донцы. Замест баваўняных кашуль цяпер дазволена насіць трыкатажны баваўняны джэмпер сіне-блакітнага колеру.

У форме ёсць багата значных і невялікіх змен, што тычацца ў тым ліку і знакаў адрознення. Але афіцыйны геральдычны сімвал МУС застаўся нязменным.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?