Судовы працэс над журналісткай з Бярозы Тамарай Шчапёткінай, якую абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі, прайшоў сёння, 6 сакавіка. Праўда, журналістка не ведае судовага рашэння.

Першы разгляд справы мусіў адбыцца 27 лютага ў судзе Ленінскага раёну Брэста. Аднак у той дзень працэс перанеслі — суддзя вярнуў пратакол у міліцыю на дапрацоўку.

Як паведаміла Тамара Шчапёткіна, пра новы разгляд справы яна даведалася напярэдадні ўвечары… праз СМС.

Шчапёткіна: «5-га сакавіка ўвечары каля 10-й гадзіны атрымліваю СМС, што ў мяне на сёння (6-га сакавіка) суд. Ад каго СМС — нічога не паведамлялася. Толькі напісана, што суд па адміністратыўнай справе «Лічыце гэта СМС афіцыйным папярэджаннем».

Нягледзячы на адсутнасць афіцынай позвы ў суд, Тамара Шчапёткіна 6 сакавіка ўсё ж такі прыехала з Бярозы ў абласны цэнтр. Праўда, патрапіць на разгляд ўласнай справы у яе не атрымалася, хоць і прыехала яна своечасова.

Шчапёткіна: «Адвакат прыйшоў у 9.20 — кабінет суддзі быў зачынены. Ён зайшоў у 9.30 — суддзя сказаў, што ідзе працэс. 9.40 зайшоў сказалі, што справа Шчапёткінай ужо разледжаная без яе, бо… яна не прыехала… Якое рашэнне, не паведамляюць».

На дзеянні супрацоўнікаў суда Тамара Шчапёткіна напісала скаргу. Разам з адвакатам яна будзе спрабаваць усё ж такі атрымаць пастанову суда.

Нагадаем, што ў снежні 2014 года незалежная журналістка з Бярозы ўжо была аштрафаная за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя». Яна атрымала штраф у памеры 4,5 мільёна рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?