Палац рамантавалі больш за 20 гадоў. І тое, што зроблена напрыканцы 1980‑х, давялося перабляць у апошнія тры, калі рэстаўрацыя нарэшце аднавілася.

Звонку — белыя і блякла‑жоўтыя колеры, фасад з вежамі, каваныя ўпрыгажэнні. Унутры — люстры з крышталю і дарагі паркет.

Палац пабудавалі ў 1787 годзе: тады ў Крычаў заязджала імператрыца Кацярына ІІ. Потым палац набыў Іван Галынскі, нашчадкі якога валодалі будынкам да рэвалюцыі.

Вядома, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Крычаве здарыўся вялікі пажар, калі сярод іншых драўляных пабудоў згарэў касцёл, пабудаваны па волі каралевы Боны. Тады Вікенцій Галынскі дазволіў весці службы і праводзіць вясельныя абрады на першым паверсе палаца.

Так што сёньняшняе рашэнне ўладаў браць шлюб у адрэстаўраваным палацы — лічы, традыцыя крычаўцаў.

У музеі, які таксама размесціцца тут, абсталёўваюцца дзявочая, рацырская і парадныя залы, канапная, будуар і іншыя. Мэблю будуць рабіць па эскізах мінулых стагоддзяў і набываць арыгіналы ў прыватных калекцыянераў.

— Нарэшце надышоў час, калі ў Беларусі сталі аднаўляцца помнікі архітэктуры, — лічыць дрэктар музея Наталля Марозава. — І гэта вельмі важна, таму што гісторыя — твар нацыі, дзяржавы.

Плануецца, што Пацёмкінскі палац прыцягне ў Крычаў турыстаў. Не так далёка месціцца Мсціслаў і Пустынскі манастыр са святой крыніцай — славутасці двух раёнаў можна аб’яднаць у адзін маршрут.

Урачыстае адкрыццё Пацёмскінскага палаца між тым затрымліваецца. Крычаўцы спадзяюцца, што тое зробіць Аляксандр Лукашэнка, які нарэшце прыедзе ў райцэнтр.

Паводле: Сяргей Гутарэвіч, BulletinOnline.org

Глядзі яшчэ:
Крычаўцы будуць браць шлюб у сапраўдным палацы

Фота — Андрэй Кузьмін, Крычаў, Radzima.org (па спасылцы — галерэя здымкаў крычаўскага палацу)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0