Стася Сілку з Наваполацка ўжо можна назваць новай з’явай у беларускай музыцы. У яго яшчэ няма прыстойных аўдыё- і відэазапісаў, але яго дэмкі актыўна рэпосцяцца ў сацсетках. На нядаўнім яго канцэрце ў Віцебску ў «Арт-базе» быў аншлаг. Столькі тут збірала толькі Паліна Рэспубліка. У сувязі з першым поспехам у сеціве з’явіўся нават фан-плакат «Ён прыйшоў, каб заваяваць сэрцы мільёнаў жанчын», а сам Стась зладзіў жартаўлівую фотасесію-пародыю на Вольскага «Віцебск. Восень. Сілка».

— Адкуль у цябе ўзялася цікавасць да беларускага?

— Цікавасць да беларускага не ўзялася, яна была адпачатку. Неяк так атрымалася, што з самага дзяцінства я чуў беларускую мову, чытаў беларускія казкі, мог вольна размаўляць па-беларуску. Пасля школа — беларускі клас. Карацей, мне не трэба было «прыходзіць да беларушчыны». Я адразу быў з ёй і яна са мной, гэта цалкам натуральная частка мяне. І калі я заўважыў, што часам у мяне атрымліваецца пісаць вершы і песні, то пытанне пра мову вырашылася вельмі хутка.

— Ты ж сам пішаш песні?

— Так, песні я пішу сам, ёсць адна песня на верш паэткі Іры Бельскай, гэта адзіны прыклад, калі я напісаў музыку на чужы верш. А так усё маё.

— Хто і што натхняе цябе на стварэнне песень?

— Я нарадзіўся ў Наваполацку Віцебскай вобласці, суседства са старажытнай сталіцай таксама напэўна паўплывала на мяне крыху і на творчасць… Як быў малы зусім, маці дала касету «Кіно». Тады яшчэ інтэрнэтаў не было, і рэдка даводзілася бачыць нейкія перадачы ці ўрыўкі выступаў рок-н-рольшчыкаў. Мяне вельмі моцна ўразіла, як яны выглядаюць, як сябе паводзяць, як размаўляюць з журналістамі, гэта ўсё вельмі моцна захапіла мяне, і хацелася быць такім жа. Схільнасці да музыкі таксама праявіліся дастаткова рана, у школе я граў на цымбалах, пасля ў музычнай школе на бубнах, а гітару засвоіў з жадання быць падобным да брата, ён добра граў калісьці. І тут панеслася.

— Якімі творчымі дасягненнямі можаш пахваліцца?

— Асаблівых дасягненняў, напэўна, няма. Час ад часу выступаю, людзі прыходзяць, цікавяцца. Гэта самае важнае. Выступаў у Гародні, для мяне гэта было вельмі важна і дагэтуль толькі добрыя асацыяцыі з гэтым горадам, пару разоў выступаў у Мінску.

— Ці разглядаеш музыку ў сваім жыцці ўсур’ёз?

— Музыка — важная частка майго жыцця. Я цяжка ўяўляю, чым бы займаўся, калі б не было ў мяне музыкі. Не было б у мяне і большасці маіх таварышаў і сяброў, ды проста сумна было б. Я не хацеў бы, каб гэта стала прафесіяй, губляецца функцыя рэлаксу, і тады проста жах.

— Табе ўтульна ў гэтым фармаце бардаўскім, сонграйтарскім?

— Мне дастаткова зручна быць аднаму: запрасілі — паехаў, не запрасілі — не трэба нікому тлумачыць, чаму мы нікому непатрэбныя. Аднак праз такі вось фармат часам усё ж мяне называюць бардам, а гэтае слова я вельмі не люблю ў дачыненні да сябе, я не лічу сябе бардам, асацыяцыі ў мяне іншыя. Я не ведаю, як сябе называць. Адна знаёмая журналістка назвала мяне рок-бардам, гэта неяк пасуе збольшага, хаця ўсё адно…

— У гэтай сувязі ці не збіраешся пашырыцца і займець свой гурт?

— Сапраўды, часам хочацца зрабіць свае песні больш шырокімі, дадаць нейкіх інструментаў, таго, што нельга зрабіць аднаму чалавеку і адной гітары, аднак нешта не атрымліваецца знайсці блізкіх па духу. Музыку маю цяжка назваць моднай, дый я не дужа люблю сучасную модную музыку, таму знаёмыя адэкватныя маладыя музыканты не хочуць са мной граць. Рабіць нейкі кастынг-праслухоўванне мне не хочацца, тыпу: «Гурт шукае гітарыста, басіста, клавішніка, бубнача. Будзем граць музло!» Калі побач з’явяцца людзі, якім будзе ў кайф рабіць тое ж, што і я, то будзе гурт. Пакуль, на жаль, няма.

— Сярод тваіх песень сустракаюцца пераклады расійскай рок-паэзіі. Чаму лічыш неабходным іх выконваць?

— Я вырас усё ж на тым, што прынята называць рускім рокам. Некаторыя песні ў падкорцы сядзяць проста, яны робяць мяне, і іх я перакладаю, калі ёсць магчымасць зрабіць пераклад, максімальна блізкі да арыгіналу па сэнсе і па гучанні. Творчыя пераклады, калі ад першапачатковай песні застаецца толькі мелодыя і агульная сэнсавая накіраванасць, мне не падабаюцца, і я імі не займаюся. На выступах выконваю толькі «Адэлаіду» Барыса Грабеншчыкова, астатняе для сяброў. Дый не так шмат гэтых перакладаў, папраўдзе.

— Якія выканаўцы, паэты і наогул беларускія творцы з сучасных табе блізкія па светаадчуванні?

— Мне падабаецца панк, не паверыце. Малым слухаў «Глюкі» — магілёўскі гурт. Цяпер «Дзецюкоў» з Гародні. Увогуле большасць праектаў Алеся Дзянісава мне падабаецца, з вялікім задавальненнем іх слухаю. З рускамоўных я б назваў «Серебряную свадьбу» і «Плюмбум», актыўная такая музыка, жвавая і рухомая. Настрой уздымае і матывацыю нейкую задае. З паэзіяй я знаёмы слаба, мне падабаецца слухаць яе ўжывую, чытаць не дужа. Вось Віталь Рыжкоў. Мне даводзілася некалькі разоў бываць на яго выступах, і гэта заўсёды здорава. Цяпер паэзія складаная такая стала, што проста чытаць яе немагчыма, яе трэба бачыць і чуць.

— Пакуль у цябе ёсць некалькі дэма-запісаў «Укантакціку» і ўсё. Ці збіраешся сур’ёзна запісаць свае песні?

— Запісы, якія ёсць у інтэрнэце, — гэта гук, зрэзаны з відэаканцэртаў рознай даўніны, мне там шмат што не падабаецца, а выдаліць я іх не магу. Ну такія ўжо дзіцячыя запісы ёсць, што ай-яй-яй, і ў людзей можа скласціся няправільнае ўражанне. Раней мы з сябрам запісалі песню «Схавайся» ў больш-менш сабе якасці, вось яе можна слухаць яшчэ (смяецца). Цяпер ідзе праца над альбомчыкам, гэта хутчэй своеасаблівая справаздача. Не так альбом, як фіксацыя таго, што ёсць, каб не трымаць песні ў галаве і займацца чым-небудзь новым. Песень 10, напэўна, будзе на альбоме. Кліпаў здымаць «барду», мне падаецца, не трэба. Калі будзе гурт, тады можна будзе думаць. Спадзяюся, што ўсё будзе.

— Чым ты займаешся і цікавішся акрамя музыкі?

— Па заканчэнні наваполацкага ліцэя я паехаў у Віцебск. Вучуся там на «менеджара па турызме», мы стараемся так аптымістычна называць сваю спецыяльнасць. Віцебск таксама шмат мне даў. Я пазнаёміўся з вялікай колькасцю добрых людзей, якія то добрым словам, то выспяткам рабілі і робяць мяне лепшым. Аднак пасля ўніверсітэта хацеў бы вярнуцца ў Полацк і жыць там. У Полацку ёсць гурт «Варган» яны займаюцца традыцыйнымі спевамі, і неяк праз іх я пачаў цікавіцца гэтым таксама. Народныя песні — гэта нешта неверагоднае, у іх столькі ўсяго, калі сядзіш і слухаеш іх, прабірае да дрыжыкаў, калі сам спяваеш — гэта проста космас. Цікаўлюся гісторыяй, больш гісторыяй асобаў. І жыццём «маленькага чалавека». Гэта нашмат больш цікава, чым войны, каралі, князі, здрады і хваробы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?