У крызіс таксісты сумуюць. І чакаюць кожнага пасажыра не толькі дзеля грошай, але і каб пагаварыць.

Калі я падышла да дзверцаў таксі, кіроўца неяк цяжка паглядзеў на мяне і выдыхнуў нешта незадаволенае: «А-а-уфх!»

— Вы добра сябе адчуваеце? — спытала я.

— Прабачце, — падабраўся ён.

Так і разгаварыліся.

Аказалася, я ў гэты дзень была яго першым пасажырам, а пачынаць змену з жанчыны, па яго назіраннях, дрэнная прыкмета. Асабліва цяпер, у крызіс. Аднак ні я, ні ён, ні трэція асобы нават не меркавалі, наколькі дрэнная…

Таксіст распавёў, што хутка ў яго вяселле, і патрэбныя грошы. Таму што ажаніцца ён не збіраўся, грошай не збіраў, але так атрымалася — і цяпер як прыстойны чалавек павінен ажаніцца.

А працы зусім няма, пасажыраў мала. І па вопыту ўжо ведае, што калі першы пасажыр на змене – жанчына, то і далей справа не пойдзе…

Я мужчынскія галашэнні не люблю. І пашкадаваць здаровага мужыка — гэта не пра мяне.

— Неяк позна вы на змену выехалі, — парырую я. — Асабліва калі жаніх, і грошы на вяселле вельмі патрэбныя. (Часу на той момант было каля пяці).

— Дык, разумееце, у царкву ездзіў, — пачынае апраўдвацца кіроўца. – Бо трэба перад вяселлем. Але так гэта ўсё доўга аказалася. Як павёў мяне поп, як пачаў пра ўсё распытваць … А я і не ведаю, што яму гаварыць. Таму што ажаніцца ж не збіраўся, мы і не знаёмыя былі толкам, але «заляцелі», што застаецца рабіць?.. Толькі як пра гэта святару распавядаць?

— Ну, на споведзі і не такія грахі адпускаюць, — фальшыва спрабую супакоіць я.

— Вы думаеце, гэта была споведзь? - дзівіцца кіроўца.

— Я, вядома, не ведаю, навошта вы ў царкву хадзілі…

— Ну, як навошта? Перад вяселлем трэба.

— У сэнсе – перад шлюбам?

— Не, мы вянчацца не будзем. Але такі звычай — трэба ў царкве шлюб браць.

— Гэта хто вам так сказаў?

— Каця. І мама яе, цешча мая будучая.

— Гэта значыць кінуць букет нявесты ў натоўп, разбіць чаркі аб асфальт, хлеб-соль адкусіць, шлюб браць – гэта звычаі такія, рытуалы?

— Так. А вы што, не беларуска?

— Я якраз беларуска. І я ведаю, што «вянчацца» — гэта па-беларуску азначае браць шлюб.

— Праўда?

— Праўда.

— Н-е-е!!! Браць шлюб я дакладна не згодны — гэта ж будзе грэх разводзіцца пасля, — закіпае кіроўца. — Я і ажаніцца не збіраўся. Але раз ужо так атрымалася ….

Як і калі ў яго руках з'явіўся мабільнік, я нават не заўважыла:

— Каця, я еду да цябе. Нам трэба пагаварыць… Што?! Якія кольцы?! Вы з мамай думалі, што я дурань. Я не дурань. Не будзе кольцаў. Не будзе вяселля. Буду плаціць аліменты.

Ён не крычаў. Казаў ціха, рублена, нават з нянавісцю нейкай.

— Можа, дарма вы вось так — з пляча, — паспрабавала я ўставіць пяць капеек.

— Хопіць ужо парадаў! Сам разбяруся!

Увогуле, камусьці я свята сапсавала. Прабачце, не хацела. Без усякага намеру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?