Дваццатага студзеня ў Купалаўскім мусіў ісьці «Макбэт». Але паколькі жах ад нявыказанай услых пагрозы «пераперці Шэксьпіра на мову родных асінаў» з расейскай, верагодна, уласьцівы ня толькі мне, ці проста нехта зь вядучых актораў захварэў, Шэксьпіра замянілі «перапёртым» усё ж Карла Гальдоні: ішоў «Слуга двух гаспадароў», пастаўлены швэдзкім гастралёрам Аляксандрам Нордштрэмам.

Сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай была нашмат ляканічнейшай за сцэнаграфію маэстра Барыса Герлавана ў «Ромуле Вялікім», якога мы глядзелі ў мінулы раз. Дух слаўнай Венецыі перадавалі гарбатыя мосьцікі розных памераў, што сваімі абрысамі нагадвалі каптуркі Арлекіна з камэдыі дэль артэ, якая, уласна кажучы, і стала асновай творчасьці Гальдоні. Аналягічныя «каптуркі‑мосьцікі» чайкамі віселі ў паветры, імітуючы то падсьвечнікі, то, імаверна, аблокі, у залежнасьці ад таго, дзе адбывалася дзея: у памяшканьні ці на вуліцах гораду сьвятога Марка.

Такой жа ляканічнай была і музыка народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса. Памятаючы, мабыць, што надта шмат нотаў чалавечае вуха (гл. фільм Мілаша Формана «Амадэй») успрыняць ня можа, спадар Картэс рэзка скараціў колькасьць музыкаў, сабраўшы зь пяці чалавек такі сабе «надзейны маленькі аркестрык» і апрануўшы іх у сучасныя Гальдоні строі. Сам кампазытар перад спэктаклем таксама мільгануў у аркестравай лёжы (ня ў яме, а менавіта ў лёжы: музыкі ж таксама людзі!).

А вось цяпер можна пераходзіць і да рэжысуры.

Аляксандар Нордштрэм цалкам зрэалізаваў ідэю жартаўніка Труфальдзіна — дакладней, даручыў ягоную ролю чатыром акторам АДНАЧАСОВА.

І гэта выратавала спэктакль.

Калі ставіцца бэнэфісная п’еса, у якой ёсьць яскравы галоўны герой — а п’еса Гальдоні менавіта такая, — глядач і ходзіць на выканаўцу гэтай самай галоўнай ролі. Любога выканаўцу ролі Труфальдзіна постсавецкі глядач вымушана параўноўвае з Канстанцінам Райкіным. А тут адначасова — часам па адным, але ўсё адно засеўшы ў памяці гледача як адна чвэрць паяднанага «труфальдзінавага» калектыву — на сцэне знаходзяцца чацьвера маладных і завадных хлопцаў. Яны, нібыта, і аднолькавыя — у сваіх касьцюмах, масках, нацягнутых на твары, і — розныя. І яны ўвесь час рухаюцца, як быццам Нордштрэм прывёз ім ад Карлсана са Стакгольму маторчыкі і ўставіў, гм‑гм, у патрэбнае месца.

І гэты ж прыём рэжысэр выкарыстаў у дачыненьні да Смэральдзіны: сапраўды, за што ж «пазбаўляць» некага з чатырох «слугаў двух гаспадароў» сяброўкі? У выніку два вялікія маладыя квартэты — Труфальдзіна (Дзьмітры Ясяневіч, Раман Падаляка, Ігар Пятроў, Сяргей Чуб) і Смэральдзіна (Сьвятлана Анікей, Валянціна Гарцуева, Яўгенія Кульбачная і Вольга Няфёдава) прымусілі залю сапраўды сьмяяцца. Чаго вартая, скажам, цудоўная сцэна, у якой усе чатыры выканаўцы ролі Смэральдзіны тлумачаць Сыльвіё (Аляксандар Паўлаў), які праштрафаваўся, што ён, разумееце, ня мае рацыі, калі ня верыць закаханай у яго Клярычэ (Кацярына Яворская). І адзін лямант разьюшанай служкі было б цяжка вытрываць, а тут — чатыры!

Нордштрэм апынуўся патрабавальным і строгім — але адначасова і ўдзячным пастаноўшчыкам. З аднаго боку, ён прымусіў амаль усіх актораў, што выходзілі на сцэну, рабіць самыя неймаверныя кульбіты. Ну, з Труфальдзіна ўсё зразумела — усе чацьвера перакульваліся, як маглі. Але і камічныя старыя — Панталёнэ (Мікола Кірычэнка), Доктар (Віктар Манаеў) і Брыгела (Уладзімер Рагаўцоў) — ні ў чым не саступалі моладзі: перакульваньняў, праўда, у іх не было, але яны і бегалі, і дэкарацыі на сабе цягалі. Аказваецца, «купалаўцы» ўмеюць рухацца, а ня толькі слупам стаяць! Аказваецца, яны жывыя, а зусім ня трупа, што складаецца з застылых воскавых знакамітасьцяў!

І пастаноўшчык даў кожнаму магчымасьць пагарэзьнічаць ад душы і атрымаць сваю — асабістую! — частку заслужаных аплядысмэнтаў. Панталёнэ, што трасе бухгальтарскім абакам, акампануючы рамансу Бэатрычэ (Юлія Шпілеўская); Брыгела, што абвяшчае па мабільным тэлефоне пра тое, што Труфальдзіна ў вышуку, нарэшце, Доктар, які ў прыпадку справядлівай разьюшанасьці такім сабе кураняткам‑энтузіястам насаджвае сябе на забойчы ражон‑шпагу, спрабуючы давесьці свайму апанэнту ягоную няслушнасьць, былі бліскучымі. Выбітная таксама сцэна, у якой Панталёнэ спрабуе скласьці мэню да вясельля: гаспадар гатэлю Брыгела навязвае яму і морапрадукты цаною пяцьдзясят тысячаў, і гарэлку са Старых Дарог цаною семдзесят тысячаў, і нешта там яшчэ з рэпэртуару менскага харчаваньня і за тую ж неймаверную менскую цану. Што з гэтага прыдумка рэжысэра, што — саміх актораў, а што — проста імправізацыя, уласьцівая жанру, ня так ужо і істотна: посьпех — заслуга супольная.

Але ў цэнтры камэдыі Гальдоні, як мы памятаем, усё ж тры закаханыя пары. Квартэты Труфальдзіна і Смэральдзіны прааналізаваць цяжка: не зусім зразумела, чым кіраваўся рэжысэр, падбіраючы менавіта тыя, а ня іншыя камбінацыі з таго рознафактурнага чалавечага матэрыялу, што ў яго быў. Але ў любым выпадку, кожны з удзельнікаў гэтага квартэту быў забаўным, раскутым і граў сапраўдную камэдыю. А вось пары рамантычна закаханых былі далёка не раўназначнымі. Калі Сыльвіё і Клярычэ былі, на наш погляд, вельмі добрымі, то, прымусіўшы Бэатрычэ імітаваць недарэчны ў Італіі ангельскі акцэнт, рэжысэр папросту зрабіў палову яе рэплік малазразумелымі для гледачоў: паспрабуйце на вялікай хуткасьці размаўляць па‑беларуску з ангельскім акцэнтам, і вы зразумееце, што спадарыню Шпілеўскую паставілі ў надта нязручную сытуацыю. І гэта пры тым, што сцэнічнае маўленьне ў сёньняшняга пакаленьня «купалаўцаў» — наагул слабое месца.

І ў цэлым Бэатрычэ не пашанцавала. Палымяная закаханая дзяўчына, пераапранутая ў мужчынскі касьцюм, чамусьці зьяўляецца на сцэне зь бізуном у руках (відавочны эратычны намёк). І калі б не закаханы ў яе Флярында (Павал Яскевіч выдатна сыграў такога брутальнага героя‑каханка, які, пабачыўшы каханую, запальваўся і цягнуў яе за кулісы), і ня сьціплыя спробы яе скочыць з таго самага гарбатага мосьціка, даведаўшыся пра сьмерць каханага (дасьіпнае рашэньне рэжысэра, цалкам натуральнае для Венецыі, дзе тых мастоў!..), мы б ніколі не зразумелі, што гераіня Юліі Шпілеўскай — нармалёвая жанчына, а ня сэкс‑дамінатар з порнасайту.

У цэлым, выйшла цудоўная сямейная камэдыя ў швэдзкім варыянце: дзяцей можна вадзіць на яе, і ўсе атрымаюць сваю порцыю асалоды — праўда, у некаторых месцах ня варта акцэнтаваць увагу маладога пакаленьня на некаторай двухсэнсоўнасьці «купалаўскай» інтэрпрэтацыі італьянскай камэдыі. Нічога страшнага ў гэтым няма: падрастуць — зразумеюць!

Толькі адзначым яшчэ дзьве акалічнасьці. Па‑першае, цудоўныя касьцюмы і абутак, прадуманыя і добра пашытыя (а, можа быць, проста новыя, і таму яны так уражваюць?). Па‑другое, поўная адсутнасьць кветак у зале, што, падобна да таго, стала сыстэмай: глядач не шкадуе авацыяў, але чамусьці ходзіць у тэатар бяз кветак. Шкада: дзякаваць гэтым разам было за што.

А перакладаць Гальдоні ўсё ж такі трэба з італьянскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?