Фота: nonentity.com

Пытаннем мэтазгоднасці прадстаўнікоў народу задаліся на форуме Hacker News. Вынікі дыскусіі пераказвае Geektimes.

Палітыкі — слугі грамадства, наёмныя рабочыя, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей пры разглядзе законаў грамадства. Але ці трэба іх наймаць, калі кожны самастойна можа аддаць свой голас?

Гэта раней нельга было сабраць усю краіну, каб вырашыць палітычнае пытанне. Сёння доступ у інтэрнэт у многіх краінах ёсць хіба не ў кожным доме, «пункты прыняцця вырашэнняў» можна зладзіць і на базе паштовых аддзяленняў. Тады не трэба наймаць армію палітыкаў — дастаткова займець значна меншую армію сістэмных адміністратараў. І вось яна, прамая дэмакратыя.

Акрамя відавочных тэхнічных праблем (абарона ад фальсіфікацый, штодзённая няспынная праца сэрвісу, навучанне старэйшага пакалення) існуе і мноства маральных.

Не кожны мае дастатковыя веды ў тэме галасавання. Адзін чалавек не можа разбірацца ва ўсім, але можа галасаваць паўсюль. Выходзіць, што той, хто ўсё ўзважыў і вырашыў падвысіць пэўны падатак з 9 да 10%, можа застацца непачутым сярод безлічы тых, хто «па дабрыні» вырашыў падатак не падвышаць.

Многія будуць галасаваць за папулісцкія ідэі. Быць можа, на момант галасавання важней будзе выдаткаваць грошы на непапулярнае пераўзбраенне войска (фу, ваеншчына!), а не на папулярнае падвышэнне зарплат настаўнікам (так, бо нашыя дзеткі!). Тое, што на першы погляд здаецца большасці добрай ідэяй, не заўсёды ёсць такой з улікам перспектыў — а калі заўтра вайна?

Не ўсе мысляць стратэгічна. На дзень галасавання ўмоўны завод можа добра працаваць і вырабляць запатрабаваную прадукцыю. Але магчыма, што яго лепей знесці і на яго месцы збудаваць новы. Новы будзе вырабляць лепшую прадукцыю, што будзе запатрабаваная праз 5 год, а стары такой вырабіць не зможа. Ды многім можа здавацца, што не трэба разбураць тое, што і так добра працуе, не ўсе валодаюць дастатковай інфармацыяй.

Адсутнасць поўнай карціны ў кожнага. Штодзень заканатворцы разглядаюць безліч ініцыятыў. Некаторыя могуць паўтараць адна адну, некаторыя адна адной могуць супярэчыць. Нам патрэбныя новыя сучасныя танкі (галасуем за!), але трэба не павялічваць пенсіі, а скіраваць грошы вайскоўцам (галасуем супраць!).

Ініцыятыў зашмат для кожнага. Не ўсе захочуць разглядаць дзясяткі, сотні ініцыятыў на дзень. Ёсць праца і сям’я, а вольнага часу нямнога. Атрымліваецца, што галасаваць будзе актыўная меншасць. А гэта можа прывесці да ігнаравання інтарэсаў неактыўнай большасці.

Інтарэсы групы асоб могуць паспяхова лабіравацца. Далёка не ўсім будзе выгадна, калі міліцыя атрымае Bentley замест Geely. Але сучасныя маркетолагі могуць выдатна прадставіць вялікай масе людзей любы прадукт як патрэбны і нават неабходны.

Цяжка абараніцца ад троляў. Актыўная маса карыстальнікаў не раз выводзіла на першыя пазіцыі забаўныя ці парадаксальныя вырашэнні. Зрабіць талісманам Чэмпіянату свету па хакеі дзіцячы малюнак зайкі-хакеіста — гэта ж весела! Многія інтэрнаўты не супраць так пажартаваць — і ў сваіх жартах маюць поспех.

А лепей за B, B лепей за C, C лепей за A. Парадокс Кандарсэ — пры наяўнасці трох альтэрнатыў і двух выбаршчыкаў ранжыроўка варыянтаў можа стаць цыклічнай. Адзін варыянт можа быць выгадны металургіі, а другі — нафтаздабычы. І хаця гэтыя індустрыі не канфліктуюць, канфліктаваць могуць іх вырашэнні.

Правы меншасцяў нецікавыя большасці. У большасці здаровыя ногі і ім не трэба пандусы для інвалідных калясак. Пустая трата грошай для большасці можа быць жыццёва неабходнай для меншасці. Але калі перад большасцю паставіць пытанне аб выдатках на меншасць, меншасць можа застацца без пандусаў.

Дзяліцца ўладай захоча не кожны. Каб адмовіцца ад слуг народу, трэба вырашэнне слуг народу. Палітыкі мусяць прыняць вырашэнне аб разгортванні сістэмы ўсеагульнага галасавання, якая пазбавіць іх працы. Не ўсе палітыкі будуць гатовыя саступіць месца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?