Магілёўскі абласны суд 10 сакавіка пачаў разгляд справы аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Магілёўскі праваабарончы цэнтр» (МПЦ). 

Пазоў у суд у дачыненні да МПЦ падало галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Прычынай прэтэнзій юрыстаў стала адсутнасць у праваабаронцаў юрыдычнага адраса, бо арэндадаўца, індывідуальны прадпрымальнік Панамарэнка, 5 снежня 2014 года ў аднабаковым парадку скасаваў дагавор арэнды, заключаны 1 кастрычніка 2014 года на год. Як заявіла на судзе прадстаўнік упраўлення юстыцыі, Магілёўскі праваабарончы цэнтр груба парушыў заканадаўства аб грамадскіх аб'яднаннях, таму што не падаў дакументы аб змяненні юрыдычнага адраса, нягледзячы на папярэджанні. 

У сваю чаргу дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка сцвярджаў, што выказваў пярэчанні на вынесеныя на працягу года папярэджанні ўпраўлення юстыцыі аб парушэнні заканадаўства, аднак упраўленне не давала на іх адказу. 

Паводле слоў Краўчанкі, права грамадзян на асацыяцыю замацавана ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю, і яно можа быць абмежавана толькі з меркаванняў грамадскага парадку, бяспекі, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва. «Нішто не дае права дзяржаве прымаць заканадаўчыя акты ва ўрон гарантыям пакта», — заявіў ён. Пры гэтым праваабаронца адзначыў, што праблемы з юрыдычным адрасам не могуць быць прычынай ліквідацыі грамадскага аб'яднання. Ён сцвярджаў, што скасаванні дагавора арэнды не было і таму юрыдычны адрас застаецца ранейшым і знаходзіцца па Пажарным завулку. 

Краўчанка растлумачыў, што яму прыйшоў ліст ад арэндадаўцы толькі пра намер скасаваць дагавор арэнды, хоць з боку МПЦ не было нічога, што магло б стаць падставай для такога скасавання. Жаданне прадпрымальніка праваабаронцы тлумачаць націскам з боку спецслужбаў у асобе супрацоўніка КДБ як на Панамарэнку, так і на жонку прадпрымальніка, якая таксама мела сваю справу. У сувязі з гэтым Краўчанка замаўляў пра выклік у якасці сведак у суд як прадпрымальніка, так і супрацоўніка КДБ. Гэта хадайніцтва было адхілена. 

Краўчанка таксама паведаміў, што цяпер кіраўніцтва МПЦ займаецца пошукамі іншага памяшкання для юрыдычнага адраса і як толькі знойдзе, то скасуе дагавор з Панамарэнкам. 

Наступнае пасяджэнне суда па справе аб ліквідацыі МПЦ прызначана на 17 сакавіка. 

Нагадаем, у верасні 2014 года галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама накіравала ў абласны суд пазоў з просьбай прыпыніць на тры месяцы дзейнасць МПЦ з-за адсутнасці ў яго юрыдычнага адраса. 1 кастрычніка 2014 года кіраўніцтва МПЦ заявіла пра заключэнне дагавора на атрыманне юрыдычнага адраса. 4 лістапада суд вырашыў спыніць справу, бо знікла падстава для пазову. Аднак неўзабаве пасля давання юрыдычнага адраса магілёўскім праваабаронцам арэндадаўца — прыватны прадпрымальнік скасаваў з імі дагаворныя адносіны. МПЦ зноў страціў юрыдычны адрас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0