Кроплю металу навучылі рухацца і дэфармавацца ў залежнасці ад навакольнай прасторы, а таксама ператварацца ў помпу, паведамляе New Scientist.
Даследаванне кітайска-амерыканскай групы навукоўцаў апублікаванае ў часопісе PNAS, тычыцца кантролю кроплі сплава галія з прымесам індыя і волава.
Пры змяшчэнні ў саляны раствор і дадаванні ў якасці паліва алюмініевай стружкі кропля вадкага металу будзе рухацца па пэўнай траекторыі цягам гадзіны. Калі кроплю ўтрымліваць ў нерухомым стане, яна пачне перапампоўваць каля 50 мл вады на секунду.
«Гэта першая ў свеце помпа з аўтаномнай крыніцай энергіі», — заяўляе Цзын Лю, даследчык Універсітэта Цынхуа.
Калі даследчыкі пабачылі рух кроплі, то спачатку не змаглі патлумачыць механізм. Як высветлілася ў час эксперыментаў, праз зарадавы дысбаланс узнікае розніца ціску між краямі кроплі — гэта штурхае яе наперад. Пры кантакце з гідраксідам натрыя з’яўляюцца бурбалкі вадароду, што надаюць дадатковую хуткасць.
Вынікі даследавання можна выкарыстаць для кантролю за хуткасцю кроплі і каардынацыі руху мноства кропляў. Да таго ж, у 2014 годзе група Лю супольна з амерыканскімі навукоўцамі «навучыла» сплаў галія прымаць незвычайныя формы пры кантакце з электрычным токам і вяртацца ў пачатковы стан.
Па словах Лю, даследаванні дапамогуць стварыць паўнафункцыянальных вадкаметалічных робатаў, што змогуць, напрыклад, дастаўляць рэчывы па трубах ці нават крывяносных сасудах.
Навуковец жартуе, што хацеў бы вырасціць не тэрмінатара, а Флабера.