Мы пісалі пра сітуацыю шматдзетнай сям’і Брэль, чый дом зносяць дзеля будаўніцтва станцыі «Вакзальная» трэцяй лініі метро. Гаспадароў дома, шматдзетную сям'ю, не задаволіў метраж кватэры, якую ім прапанавалі ў кампенсацыю. Гарвыканкам сваю пазіцыю змяняць не хоча, а КУП «Дырэкцыя па будаўніцтву Мінскага метрапалітэна» штомесяц губляе вялікія грошы праз прамаруджванне.

Сёння судовыя выканаўцы прыйшлі высяляць сям’ю, але справа ўпёрлася ў юрыдычны момант. Паміж днём вынясення судовай пастановы аб высяленні сям’і і ўступлення яе ў законную моц у Брэляў нарадзіўся яшчэ адзін, трэці сын, які ў пастанове не ўзгадваецца і таму высяліць яго немагчыма.

«Вы, вашая жонка і дзеці павінны сёння пакінуць дом. Мы заселім вас у кватэру ў завулку Каржанеўскага», — з самага пачатку настойвала судовая выканаўца.

Аднак гаспадар пярэчыў:

— А з трэцім дзіцём што рабіць? Як можна перадаць дом метрапалітэну, калі дзіця тут жыве?

Судовыя выканаўцы параілі ў такім выпадку забраць дзіцё з сабою, на што пара Брэль зноў не пагадзілася.

— Нам няма куды ехаць, мы не ўзялі тую кватэру, што нам прапаноўваў гарвыканкам, бо ў ёй нестае належных малодшаму сыну метраў. Мы не можам туды засяліцца. Акрамя таго, мы там не зарэгістраваныя, а гэта парушэнне Указа прэзідэнта, вы самі гэта ведаеце, — гаспадар апеляваў да закона і не пагаджаўся выехаць разам з малодшым дзіцём.

У выніку ўсе сышліся на тым, што судовую пастанову аб высяленні нельга выканаць, бо яна не ўлічвае ўсіх жыльцоў дому.

Таму ў хаце разам з нeмаўлём засталася ягоная маці, але Іван, ягоныя два сыны і бацька, які таксама зарэгістраваны ў доме пад знос, усё ж павінны пакінуць памяшканне, што яны і зрабілі.

Па словах Івана, цяпер яны будуць жыць «у сяброў», бо ехаць у кватэру, што прапаноўвае дзяржава, яны не збіраюцца. Аднак, не зважаючы на гэта, судовыя выканаўцы пастанавілі перавезці туды ўсе рэчы, пры гэтым ніякіх дакументаў на кватэру мужчына не атрымаў, рэгістрацыі там ён таксама не мае.

Відавочна, што кропка ў канфлікце не пастаўлена і наперадзе новы суд. Які, як спадзяецца сям’я Брэль, на гэты раз вырашыць іх кватэрнае пытанне на іх карысць, з выдзяленнем ім дзвюх кватэр плошчай больш за 90 метраў, і тады раздзеленая прыставамі сям'я зноў будзе жыць разам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?