ЗША пачнуць пастаўкі ва Украіну бронеаўтамабіляў Humvee і разведвальных беспілотнікаў Raven.
timesofsandiego.com
Як паведамляе агенцтва AP са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі, пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі не паступала.
Украіна атрымае 230 аўтамабіляў Humvee, у тым ліку 30 машын з падвышанай бронеабаронай. Колькі беспілотнікаў паставяць ЗША, не паведамляецца.
Апараты Raven маюць відэакамеры, у тым ліку з функцыяй начнога бачання. Ніякага ўзбраення яны не нясуць.
Акрамя бронемашын і беспілотнікаў, Украіна атрымае радыёстанцыі, радары і іншае абсталяванне. Пастаўляць смяротную зброю амерыканская адміністрацыя пакуль не мае намеру.





