Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 11 сакавіка ў Мінску сустрэўся з міністрам замежных спраў КНДР Лі Су Ёнам, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада. 

Падчас сустрэчы Кабякоў адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні канструктыўных адносін з усімі партнёрамі. Традыцыйна адным з прыярытэтаў з'яўляецца развіццё ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Упэўнены, што ў гэтай сферы беларуска-карэйскія ўзаемаадносіны маюць вялікі незадзейнічаны патэнцыял», — сказаў прэм'ер. Ён дадаў, што Беларусь гатовая да шырокамаштабнага ўзаемадзеяння з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. 

«Наколькі мне вядома, вы пазначылі наступныя прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва: пастаўкі ў КНДР сельскагаспадарчай і аўтамабільнай тэхнікі і арганізацыя зборачных вытворчасцяў гэтай тэхнікі, пастаўкі прадукцыі лёгкай прамысловасці, актывізацыя працы міжурадавай камісіі, супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі», — сказаў кіраўнік урада. 

Міністэрства замежных спраў Беларусі, паводле яго слоў, скаардынуе працу для прапрацоўкі ўказаных праектаў. 

У прыватнасці, падчас цяперашняга візіту прадстаўнікі КНДР ужо наведалі шэраг прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, дзе змаглі асабіста ацаніць іх патэнцыял. Кабякоў выказаў надзею на тое, што сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых прадпрыемстваў прайшлі ў канструктыўным ключы і надалі пэўны імпульс развіццю беларуска-карэйскага ўзаемадзеяння. 

Прэм'ер-міністр адзначыў, што карэйскаму боку ў гэтай сувязі неабходна вызначыць канкрэтных партнёраў, гатовых да пастаяннага ўзаемадзеяння з беларускімі прадпрыемствамі. 

«Што датычыцца аднаўлення працы міжурадавай камісіі, то мы абновім склад беларускай часткі і са свайго боку сфарміруем прапановы па магчымых кірунках супрацоўніцтва», — сказаў Андрэй Кабякоў. Ён падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў эфектыўнай і ўзаемавыгаднай працы гэтай структуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?