![]() Уладзімер Высоцкі |
Год, які надышоў, — год юбілею Ўладзімера Высоцкага. 25 студзеня споўніцца 70 год — ён мог бы яшчэ жыць побач з намі. Але ён застаўся ў гісторыі СССР сымбалем гонару насельнікаў гэтай краіны і сымбалем змаганьня супраць яе неразумнага ўпарадкаваньня.
Нядаўна прачытаў у «Народнай волі» верш‑апокрыф Анатоля Вярцінскага, прысьвечаны Нілу Гілевічу. На думку аўтара, наяўнасьць у народу такога паэта можа стаць важкім аргумэнтам перад Богам у Судны для народаў дзень. Вось гэтак жа: наяўнасьць у Савецкім Саюзе такіх творцаў‑змагароў, як Андрэй Сахараў ці Ўладзімер Высоцкі можа стаць нейкім апраўданьнем савецкаму народу.
Пажыўшы некаторы час свайго дзяцінства з бацькам‑вайскоўцам за мяжой, Уладзімер пасьля вяртаньня ў Савецкі Саюз ня змог прыняць новых правілаў жыцьцёвай гульні. Дзяржава і творца ўступілі ў бойку, бойку жорсткую і няроўную, бо вельмі адрознымі былі іх вагавыя катэгорыі. І напачатку здавалася, што дзяржава перамагла: творца адышоў у іншы сьвет на 43‑м годзе жыцьця. Вось гэты верш застаўся няскончаным, як і яго жыцьцё:
- Жывем мы — у магільнай пустаце,
Крыху націсьні — дык і пырсьне гноем…
І жах мярцьвецкі заглушаем воем —
І вечна першыя, і тыя, хто ў хвасьце.
Бацькамі ўслаўленыя нам ва ўрок
Абавязковыя ахвярапрынашэньні
Пячатку кінулі на нашым пакаленьні,
Забралі розум, памяць, слых і зрок.
І пах крыві вяселіць шмат каго…
Але менавіта з году пахаваньня Ўладзімера Высоцкага лёс самой дзяржавы пакаціўся пад адхон. Яе эканоміка ня вытрымала агромністых стратаў на алімпійскія гульні, стратаў, якія не акупіліся, бо ЗША і шэраг іншых дзяржаў у знак пратэсту супраць разьвязваньня вайны ў Афганістане адмовіліся ўдзельнічаць у гэтых алімпійскіх гульнях.
Сёньня Высоцкага ведаюць, Высоцкага слухаюць, кнігі Высоцкага выдаюцца вялікімі накладамі і разыходзяцца. Яго творы чытаюць, бо ў іх роздум пра тое, што трывожыць чалавека адвеку. Высоцкі — чалавек свабоды. У несвабодным грамадзтве ён змог захаваць сваю душу свабоднай. Яго творы найперш пра свабоду. Але й пра адказнасьць за яе. «Далі мне ўчора свабоду. Што я рабіць зь ёю буду?»
Ён ведаў, што рабіць з свабодай. Але ён не дажыў да часу, калі гэтай свабоды стала крышачку болей. Ён прабіў адну сцяну. Але ўспомнім В.Быкава: за той сьцяной другая… І яе прабіваць нам…
Высоцкі любіў жыцьцё. Трапіўшы ў пастку страшнай хваробы, ён адчайна чапляўся за жыцьцё, шукаў любыя сродкі, каб вылечыцца. Яны не дапамаглі. Нам засталіся яго песьні.
- Я не люблю фатальнага зыходу,
Жыцьця ніколі сам не прыпыню.
Я не люблю любыя поры году,
Калі хварэю ці калі зап’ю.
Я не люблю халоднага цынізму,
Ня веру ў захапленьні і яшчэ
Калі чужы мае чытае пісьмы,
Выглядваючы з‑за маіх плячэй.
Я не люблю няўпэўненага зладу,
Ці калі лезе ў гутарку фразёр.
Я не люблю, калі страляюць ззаду,
Але я супраць стрэлаў і ва ўпор.
Я ненавіджу чуткі ў форме вэрсій,
Сумненьня шашаль ці пашаны глей,
Або калі заўсёды супраць шэрсьці,
Або калі жалезам ды па шкле.
Я не люблю напышлівасьці сытай,
Хай лепш адмовіць тормаз ці матор.
Мне прыкра, што аб гонары забыта,
А цэніцца за вочы нагавор.
Калі зламаныя я бачу крылы, —
Мне не шкада іх, не такі мой стан.
Я не люблю ні гвалту, ні бясьсільля.
Шкада вось толькі на крыжы Хрыста.
Я не люблю сябе ў хвіліны страху,
Ды не сьцярплю, калі бязьвінных б’юць.
Я не люблю, калі душу — на плаху.
І не люблю, калі ў яе плююць.
Я не люблю манежы і арэны —
Мільёны там мяняюць па рублю.
Няхай вялікія надыдуць перамены,
Я гэта ўсё ніяк не палюблю!..





