19 лютага міністр замежных спраў Уладзімір Макей публічна чытаў верш «Бацькаўшчына» Янкі Купалы. Праз два тыдні яго намесніца Алена Купчына адкрывала мастацкую выставу на ідэальнай беларускай мове. Абодва з іх падзяляюць унутраную перакананасць у тым, што беларуская мова павінна граць вялікую ролю ў грамадскім жыцці.

Міністэрства замежных спраў ужо даўно з'яўляецца авангардам прагрэсіўнай беларускай бюракратыі. Аднак, нягледзячы на гэтыя і іншыя прыклады змены стаўлення да нацыянальнай мовы, большасць дыпламатаў да гэтага часу выкарыстоўвае яе вельмі рэдка — больш праз абыякавасць і адсутнасць належнага кіраўніцтва, а не з-за якіх-небудзь палітычных абмежаванняў.

Беларуская мова як краевугольны камень незалежнасці краіны

Ідэалагічная накіраванасць Масквы з нагоды яе дзеянняў у Украіне павінна была нагадаць беларускай кіруючай эліце аб уразлівасці становішча, калі нацыянальная ідэнтычнасць слабая. Расія наглядна дэманструе, што гатовая прад'явіць правы на тыя землі, дзе расейская застаецца дамінуючай мовай.

Улады, нарэшце, пачулі папераджальны стрэл. Аляксандр Лукашэнка гаварыў па-беларуску на святкаванні Дня незалежнасці ў ліпені. Гэта стала сігналам для наменклатуры, што яны не павінны лічыць выкарыстанне нацыянальнай мовы выключна прэрагатывай апазіцыі. Пазней Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі выступілі за ўзмацненне ролі беларускай мовы і культуры.

Шмат хто чакаў, што міністэрства замежных спраў, у якасці адной з паказальных устаноў краіны, будзе граць вядучую ролю ў гэтым працэсе. Гэтая дзяржаўная ўстанова мае тую перавагу, што многія яе супрацоўнікі — добра адукаваныя і вальнадумныя людзі.

Аднак вынікі пакуль неадназначныя. Некаторыя змены сапраўды маюць месца, але расейская мова па-ранейшаму моцна дамінуе ў працы Міністэрства.

Беларуская мова: асабісты выбар, інстытуцыйныя абыякавасць

У сярэдзіне 1990-х гадоў перспектывы развіцця беларускай мовы ў Міністэрстве замежных спраў здаваліся больш аптымыстычнымі. Пятро Краўчанка, тагачасны міністр замежных спраў, праводзіў сустрэчы па-беларуску. Многія дыпламаты вывучалі мову пад кіраўніцтвам выкладчыка, працу якога аплачвала Міністэрства.

Усё змянілася з прыходам Лукашэнкі.

Міністэрства ніколі адкрыта не забараняла і не карала дыпламатаў за выкарыстанне беларускай мовы ў працы, аднак заахвочваць і прасоўваць яе выкарыстанне таксама не спяшалася.

На самай справе, любыя зрухі ў справе выкарыстання беларускай мовы ў МЗС рэдка адбываліся дзякуючы інстытуцыянальным рашэнням. Гэта ў асноўным залежала ад асабістага выбару або пераваг супрацоўнікаў, што ілюструе наступная гісторыя.

У Міністэрстве замежных спраў заўсёды было два тэлефонныя даведнікі, адзін для штаб-кватэры ў Мінску і іншы для замежных прадстаўніцтваў. У 1995 годзе памочнік міністра, энтузіяст беларускай мовы, пераклаў на беларускую абодва даведнікі. Міністэрства замежных спраў карысталася імі да 1998 года — да аб'яднання з Міністэрствам знешніх эканамічных сувязяў.

Затым іншы чыноўнік, які адказваў за стварэнне адзінага даведніка, перавёў часткі МЗС назад на расейскую. З тых часоў даведнік цэнтральнага апарата заўсёды быў па-расейску. Паколькі зліццё ніяк не паўплывала на сетку замежных прадстаўніцтваў, іх тэлефонны даведнік да гэтага часу існуе і абнаўляецца па-беларуску.

Інфармацыі аб тым, што супрацоўнікам міністэрства забараняюць гаварыць або пісаць па-беларуску, ніколі не з'яўлялася. Аўтар гэтага артыкула падчас службы ў міністэрстве з 1993 па 2006 гг. вёў большую частку перапіскі па-беларуску — як унутранай, так і адрасаванай іншым дзяржаўным органам.

У яе ліку было і некалькі дакументаў для Лукашэнкі па пытаннях узаемадзеяння Беларусі і ЗША. Урал Латыпаў, тагачасны міністр замежных спраў (нарадзіўся ў Расіі), падпісаў іх без якіх-небудзь пытанняў з нагоды выбару мовы. Выбар аўтарам беларускай мовы ніколі не ўплываў на яго кар'еру.

Дзве хвалі беларусізацыі?

У 2010 годзе ў МЗС быў прыняты шэраг мер, накіраваных на заахвочванне выкарыстання беларускай мовы ў яго ўнутранай працы і знешніх камунікацыях. (Па іроніі лёсу, унутраны план беларусізацыі быў напісаны па-расейску.)

Міністэрству не ўдалося рэалізаваць многія з гэтых мер, да прыкладу, палажэнні аб прасоўванні беларускай мовы ў дзейнасці Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн, які падпарадкуецца МЗС. План ціха «памёр» у снежні 2010 года, разам з пацяпленнем у адносінах з Захадам.

План 2010 уключаў, сярод іншага, палажэнне аб беларускамоўных версіях сайтаў Міністэрства і яго замежных прадстаўніцтваў. Сайт Міністэрства замежных спраў атрымаў беларускую версію толькі ў ліпені 2014 года, на 23-м годзе незалежнасці краіны. Цяпер прэс-служба МЗС піша навіны на трох мовах: беларускай, расейскай і англійскай.

Раней на расейскамоўнай версіі сайта зрэдку з'яўляліся навіны, напісаныя па-беларуску. Іх крыніцай было вузкае кола пасольстваў — у Боне, Будапешце, Парыжы і Варшаве, а таксама пастаянная місія пры ААН у Нью-Ёрку.

Усе сайты замежны прадстаўніцтваў Беларусі, акрамя пасольства ў Маскве, створаныя на аснове аднаго шаблону, які дазваляе выбіраць паміж некалькімі мовамі. Тым не менш, толькі чатыры пасольствы з больш чым пяцідзесяці — у Францыі, Германіі, Венгрыі і Польшчы — маюць беларускамоўныя версіі сайта.

Каля двух дзясяткаў пасольстваў Беларусі цяпер маюць акаўнты ў Twitter. Толькі пасольства ў Францыі і прэс-служба МЗС зрэдку публікуюць твіты па-беларуску.

Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык запэўніў Belarus Digest, што міністэрства «па-ранейшаму падтрымлівае больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы ў сваёй паўсядзённай дзейнасці і камунікацыі са знешнім светам». Тым не менш, ён падкрэсліў, што міністэрства зацвердзіла прынцып «разумнай дастатковасці і максімальнай эфектыўнасці» пры выбары мовы для сваіх паведамленняў.

У ліпені 2014 беларускамоўная газета «Звязда» пачала серыю інтэрв'ю з беларускімі пасламі і іншымі высокапастаўленымі дыпламатамі. Той факт, што гэта адбылося адначасова са з'яўленнем беларускай версіі сайта, па ідэі, павінна сведчыць аб новай будучай хвалі беларусізацыі.

Тым не менш, падобна, што міністэрства не вельмі напружваецца ў гэтым працэсе. На самай справе, некаторыя крокі нават не патрабуюць асаблівых фінансавых выдаткаў або звышнамаганняў, аднак могуць быць вельмі сімвалічнымі — напрыклад, выкарыстанне беларускамоўных таблічак падчас афіцыйных сустрэч.

Хоць некаторыя змены ў моўнай палітыцы МЗС і абнадзейваюць, яны ўсё ж адбываюцца занадта павольна. Каб новая хваля беларусізацыі адбылася, вышэйшыя службовыя асобы Міністэрства павінны паказаць больш рашучасці, а шараговым дыпламатам варта праяўляць больш цікавасці і асабістага ўдзелу, чаго пакуль што практычна не назіраецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?