Сёньня а 12:30 на волю з спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку на Акрэсьціна пачалі выходзіць затрыманыя на акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Першым браму ізалятара пакінуў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, за ім выйшлі яшчэ 22 чалавекі.

«Нягледзячы на тое, што вязьняў пачалі выпускаць датэрмінова, падтрымаць нас прыехала багата людзей. Гэта было прыемна нават для мяне, які сядзеў тут ужо шосты ці сёмы раз. А што казаць пра маладых хлопцаў, якія апынуліся на Акрэсьціна ўпершыню. Мы дачакаліся пакуль выйдзе апошні — Міхаіл Пашкевіч. У двары спэцпрыёмніку стаялі машыны з АМАПам, але мы ўсё адно прагукалі «Жыве Беларусь!» Праз краты ў вокнах бачылі Алеся Таўстыку і Алега Корбана», — расказвае А. Лябедзька.

Паводле словаў лідэра АГП, умовы на Акрэсьціна ад часу ягонай мінулай адсідкі не палепшыліся. «Самае страшнае — гэта холад па начах. Спаць магчыма толькі, калі апранеш трое штаноў і швэдраў, «мэтадам капусты». Колькі мае сябры і родныя спрабавалі перадаць спальнік, у іх яго не ўзялі. Нельга прыносіць і ежу. Што да турэмнага харчаваньня, то нават парсюкі ў маіх бацькоў маюць лепшы рацыён. Прыкладна кожную чацьвёртую пайку я ня еў. Адзінае добрае — адрамантавалі душ. Увогуле, мы зь сябрамі пастанавілі пачаць «ачалавечваньне» Акрэсьціна. Паводле правілаў нас павінны выводзіць на прагулку на вуліцу, дазваляць перадаваць бялізну і г.д. Ужо зьбіраемся перадаць такі зварот у пракуратуру», — кажа палітык.

Расказаў ён і пра допыты, які адбываліся ў спэцпрыёмніку пасьля акцыі 10 студзеня. «У суботу 12 студзеня на Акрэсьціна да нас прыехала цэлая брыгада сьледчых. Кіраваў імі начальнік сьледчага аддзелу ГУУС Менгарвыканкаму падпалкоўнік Міхальчык. Менавіта ён і дапытваў мяне, амаль гадзіну. Расказаў, што заведзеная крымінальная справа па факту недазволенай вулічнай маніфэстацыі. Дапыталі і ўсіх астатніх затрыманых у той дзень. Цяпер усе мы праходзім па гэтай крымінальнай справе сьведкамі», — сказаў А.Лябедзька.

На Акрэсьціна ўсё яшчэ працягвае знаходзіцца больш за 20 палітвязьняў.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0