У Мінску камерцыйныя кіёскі, якія функцыянуюць на прыпыначных пунктах, у бягучым годзе спыняць сваю работу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Табанюхоў.

Субяседнік нагадаў, што такі від гандлю з’явіўся ў сталіцы ва ўмовах фарміравання рыначнай эканомікі. У той пераходны перыяд была недастаткова развіта гандлёвая сетка, адчуваліся праблемы па асартыменту тавараў. Таму тады кіёскі былі запатрабаваны ў насельніцтва. Аднак сёння работа аб’ектаў дробнай розніцы супярэчыць сучасным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да арганізацыі гандлю і абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, недастатковая гандлёвая плошча кіёскаў не садзейнічае ўкараненню высокатэхналагічных і эфектыўных працэсаў у сферы гандлю. Не адпавядаюць яны і эстэтычнаму ўзроўню.

Алег Табанюхоў адзначыў, што Мінгарвыканкам вядзе мэтанакіраваную работу па паступоваму скарачэнню колькасці аб’ектаў дробнай розніцы. З лістапада 2000 года ў сталіцы прыпынена размяшчэнне новых кіёскаў, скарачаецца колькасць існуючых. На працягу ўсяго бягучага года гэта работа павінна быць завершана. Прыпыначныя комплексы, у складзе якіх ёсць кіёскі (а ўсяго ў сталіцы налічваецца прыкладна 280 кіёскаў), будуць заменены навесамі. Што датычыцца кіёскаў, якія рэалізуюць білетную і друкаваную прадукцыю, то яны застануцца на прыпынках і будуць мадэрнізаваны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

Пры гэтым намеснік старшыні гарвыканкама падкрэсліў, што аб маючых адбыцца пераўтварэннях прадпрымальнікам паведамляюць за некалькі месяцаў. У якасці альтэрнатывы ім прапануюць гандлёвыя месцы ў добраўпарадкаваных аб’ектах.

Цяпер у Мінску дзейнічаюць больш як 2,5 тыс. магазінаў розных форм уласнасці і больш як 1,5 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання. Таксама ў горадзе працуюць 34 буйныя гандлёвыя цэнтры і 22 рынкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?