Камэнтар Рэдакцыі.

«Сёньня ідзе перакос у галіне зарплаты. Пры яе налічэньні карыстаемся нарматывамі савецкага пэрыяду. Гэта нас не задавальняе», - заявіў на мінулым тыдні прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі. Яго падтрымаў уплывовы старшыня Нацбанку Пятро Пракаповіч: «Сыстэма аплаты працы ў нас прадугледжвае зраўняйлаўку».

Чыноўнікі вырашылі пайсьці на экспэрымэнт спачатку ў будаўнічай галіне: тут нізкія, нягнуткія заробкі прывялі ў апошнія гады да масавага адплыву кваліфікаваных кадраў.

Дагэтуль павышаць заробкі ў краіне можна было толькі па меры росту тарыфнай стаўкі першага разраду, а памер прэмій і даплатаў таксама лімітаваўся.

Права павышэньня заробкаў, найперш сабе, даўно дабіваўся дырэктарат і віцэ-прэм'ер Сямашка, які выказвае ягоныя інтарэсы.

На практыцы адыход ад савецкага прынцыпу налічэньня заробкаў будзе таксама непазьбежна азначаць рост сацыяльнай няроўнасьці. Беларуская адміністрацыя ўсё сьмялей бярэ курс на пабудову аўтарытарнага капіталізму тыпу таго, што існаваў ці існуе ў некаторых краінах Азіі і Лацінскай Амэрыкі. Зьмяняецца ўсё: ад гатэляў праз сыстэму льготаў да сыстэмы пакараньняў. Заўтра мы будзем жыць у іншай - але ўсё яшчэ аўтарытарнай - краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0