Ганна Краснікава каля сваёй (калгаснай) хаты

Ганна Краснікава каля сваёй (калгаснай) хаты

Алена Бенгель і Валянціна Кулідобры (наперадзе — Алена, за ёй — Валянціна).

Алена Бенгель і Валянціна Кулідобры (наперадзе — Алена, за ёй — Валянціна).

Некалькі працаўніц фермы КСУП «Крыўск» (Буда-Кашалёўскі раён) узбунтаваліся супраць кіраўніка гаспадаркі. Ужо год яны пішуць скаргі ў розныя інстанцыі. У гаспадарку прыязджаюць праверкі, знаходзяць парушэнні.

«Інфармацыя, выкладзеная ў вашым звароце, знайшла сваё пацвярджэнне», — пішуць з адной інстанцыі. «Парушэнні выяўлены, і пасля праверкі ліквідаваны», — адказваюць з іншага ведамства.

«Гэта проста адпіскі, паперы ходзяць па коле. Скардзімся ў міністэрства — скідаюць скаргі на вобласць, вобласць жа — на раён. А толку нідзе не можам дабіцца!» — кажуць даяркі-бунтаркі.

Сустракаемся з жанчынамі ў доме Ганны Краснікавай, якая з 1991 года працуе ў мясцовай гаспадарцы даяркай. Дом прыстойны: нацяжная столь, ванна, добрая мэбля. Толькі вось дом гэты належыць гаспадарцы, КСУП «Крыўск», які да 2 сакавіка быў СВК — сельскагаспадарчым вытворчым прадпрыемствам. А дырэктар прадпрыемства, Аляксандр Падалячын, адпаведна, яшчэ колькі дзён таму быў старшынёй СВК. Тады, пры СВК, гэтая пасада была выбарнай — за старшыню галасавалі на сходзе. Цяпер жа, пры КСУП, дырэктар прызначаецца ўладай. Да кіраўніка і прэтэнзіі падначаленых.

«Мы раней працавалі на комплексе. Там новы сучасны комплекс, нібыта з камп’ютарамі, ды ніколі яны і не працавалі. Цялят даглядалі, усё рабілі, што трэба. Але ў снежні 2013 года дырэктар зняў з нас класнасць, заробак зрэзаў, бо быў падзеж жывёлы. І сказаў тады ён нам: дамы ніхто не выкупіць. Дамы калгасныя, а мы хацелі прыватызаваць. Праўда што, каму ён захацеў, таму ён даў выкупіць дамы. Хто яму падабаўся — той дамы прыватызаваў, а хто не — як мы, нам не даў. Тыя паспелі за сорак мільёнаў дамы прыватызаваць, па рэшткавым кошце, а нам больш чым 80 мільёнаў налічылі — па ацэнцы, так БТІ налічыла. Дзе справядлівасць? Хіба гэта справядліва, што людзей падзялілі на белых і чорных? Гэта нам за тое, што мы не маўчалі, скардзіліся. Усе органы, куды мы пісалі, адказалі нам, што парушэнні ёсць, а дырэктар як працаваў, так і працуе. Мы казалі, што дырэктар і спецыялісты бульбу сабе садзілі на калгасным полі, бясплатна апрацоўвалі на дзяржаўнай тэхніцы і капалі тую бульбу — і нічога ім», — апавядае Ганна Краснікава.

Жанчына пералічвае парушэнні: за працу ў выходныя і святы ім не плацілі дадаткова, прэмій не было, разліковых лісткоў ў вочы ніхто не бачыў, аж пакуль не дабіліся, таксама і абавязковай для СВК калектыўнай дамовы. «А дырэктар збіраў планёркі і так нас душыў, што я хацела з’ехаць куды адсюль. Але куды мне ехаць, мне хутка 50», — разважае Ганна Краснікава.

Яе заробак «чыстымі» — ад 2,7 да 3,7 мільёна. Па яе словах, кіраўніцтва гаспадаркі злоснае на іх за скаргі, і помсціць, цісне на ўсю сям’ю.

Даярка і яе калегі сцвярджаюць, што мясцовае кіраўніцтва жыве на шырокую нагу — у гаспадарцы 10 дарагіх аўтамабіляў, а дырэктар ездзіць на «Фальксвагене Туарэгу». «Несправядліва!» — кажуць даяркі.

Дырэктар КСУП «Крыўск» Аляксандр Падалячын.

Дырэктар КСУП «Крыўск» Аляксандр Падалячын.

На ДМБ (даільна-малочным блоку) даяркі маюць 5 мільёнаў заробак, а яны на комплексе — толькі тры мільёны. Несправядліва!

Асемянатар Валянціна Кулідобры таксама пакрыўджана. «Неяк карова здохла, яны яе схавалі, я сфатаграфавала на мабільны тэлефон, аднаму карэспандэнту паказала. Як толькі той карэспандэнт прыехаў, ды мы там з ім яшчэ адну карову знайшлі здохлую. А кіраўніцтва кажа: ды падкінулі нам тую карову, ворагі нейкія. Смех! Прыехаў камітэт па сельскай гаспадарцы, яны карову схавалі здохлую, пад салому. Ідзіце, — я сказала дырэктару, там яшчэ адну карову «падкінулі» здохлую, і дырэктар, канечне, вельмі на мяне раззлаваўся за гэта», — кажа Валянціна Кулідобры.

«Дырэктар супраць нас настроіў людзей, ды нават і не настроіў, а зрабіў наёмнікамі. Як ва Украіне — падаваў ім прэміі, проста так, наняў іх, і тыя ўжо за яго. А нас ён проста выціскае адсюль», — упэўненыя даяркі.

Ганна Краснікава дадае, што «рэпрэсіі» дайшлі і да яе мужа-механізатара. «Яму дырэктар забараніў працаваць па святах і выходных, там жа падвойная аплата, ён мог бы зарабіць — а нельга. І рабочых не хапае, яго б узялі на мехдвары — ды дырэктар не дазваляе», — адзначае жанчына.

Кіруемся ў кантору прадпрыемства. Тут нас сустракаюць заўгас Таццяна Канавод і старшыня прафсаюзу КСУП Наталля Карлоўская. Яны дзівяцца — чаго толькі тыя даяркі незадаволеныя? Вязуць нас на ферму, пералічваюць выгоды працы даярак. «Мы ім спецадзенне далі! Былі парушэнні — бо мы давалі халаты раз на год, а трэ’ было раз на шэсць месяцаў, але мы выправіліся. Больш таго — і курткі далі, хоць і не паложана, боты выдалі. Вось шафы ім паставілі — пераапранацца, як яны прасілі, — дык яны не карыстаюцца! Чаму? Не ведаем. Вось тут пакой адпачынку — чай можна піць», — паказваюць жанчыны.

Яны з гатоўнасцю дэманструюць зварот вяскоўцаў да раённага кіраўніцтва, які падпісалі, па іх словах, 95 чалавек. Сэнс звароту — у нас добры старшыня, пакіньце яго нам працаваць.

Пра заробкі прафсаюзная кіраўніца і заўгас тлумачаць так: тыя больш атрымліваюць, бо ў іх малако «экстра», гэтыя — менш, бо ў іх малако першага гатунку.

На комплексе сустракаем памочніцу брыгадзіра Алену Марозаву. Яна коратка кідае, што «я — за дырэктара, а астатнія маюць сваё ўласнае меркаванне».

Старшыня прафкама і заўгас таксама гарой стаяць за дырэктара. Маўляў, ён за справу перажывае, людзям дапамагае. «Чаго ім не хапае, тым даяркам? Мы ўсё для іх зрабілі, хіба толькі на калені стаць перад імі?»

Вілкамі падкідае корм каровам жывёлавод Алег Лагуноў. Пра дырэктара ён кажа: «Кіраўнік як кіраўнік. Мяне асабіста заробак задавальняе».

З Крыўска кіруемся у суседнюю вёску Бацунь. Сюды з Крыўска дырэктар перасяліў даярку Вольгу Юлдашаву. У яе — свая крыўда. Хата, прызначаная ёй для жытла — проста жах. Ацяплення няма — кацёл зламаны. Электрычнасці няма — адрэзаны правады. Вады няма. Ды і сам дом выглядае жудасна — ні нармальных дзвярэй, ні вакон, ні падлогі.

«Жылі ў Крыўску з сынам у доме. Сын працаваў тут, у гаспадарцы, потым паехаў у Расію, і дырэктар сказаў мне: ты адна, займаеш катэдж, звальняй яго. Гэта было ў жніўні. Маўляў, прыязджаюць украінцы з Данбаса, будуць тут жыць. І мяне сюды вось, у Бацунь, выселіў. Я кажу — як, Паўлавіч, я буду тут жыць? А ён кажа — я ж цябе не на вуліцу выкідаю, а дом даю. Тут зрабіць рамонт нерэальна — у мяне 2,2 мільёна заробак. Кацёл купіць? Дык ён 6—7 мільёнаў каштуе. Тут сям’я да мяне жыла, выселіліся, пакінулі пазыку за 2 тысячы кілават за святло, вось святло і адрэзалі. А чым мне плаціць за чужыя пазыкі? І нікога гэта не цікавіць. У выніку я здымаю у людзей іншы дом — плачу ім 200 тысяч, а за гэты дом у мяне яшчэ 300 тысяч вылічваюць — вось толькі за што?» — паказвае раскіданае гняздо Вольга Юлдашава.

Вяртаемся ў Крыўск, чакаем дырэктара КСУП. Каля крамы сустракаем яшчэ дзвюх даярак — Галіну Карлоўскую і Кацярыну Краўчанка.

«Нас усё задавальняе — і заробак, і дырэктар. У нас парадак. Нам што скажуць — мы тое зробім. Брыгадзір скажа — зробім. І старшыня скажа — таксама зробім. Чаго іншыя даяркі не задаволеныя? Ну, можа яны перасварыліся, можа, хочуць нечага большага, нечага залішне ўзвышанага. Старшыня дае ім што можа. А што не можа — ну гэта ўсюды так», — патлумачыла Кацярына Краўчанка.

Тым часам з нарады ў Буда-Кашалёве вяртаецца ў Крыўск дырэктар, Аляксандр Падалячын.

Сустракае нас гасцінна, не здзіўляецца візіту. Пачынае з эканамічных поспехаў прадпрыемства, якім ён кіруе 18 гадоў. Кажа, што па выніках года ў вобласці па эфектыўнасці гаспадарка заняла трэцяе ці чацвёртае месца. А прыбыткі за мінулы год склалі 15 мільярдаў, сярэдні заробак па КСУП (раней СВК) за 2014 — 5,7 мільёна рублёў. Па словах кіраўніка, гаспадарка поўнасцю гатовая да пасяўной, хапае кармоў, каровы не галадаюць, заробак выдаецца у час.

«А вось ад даярак мы патрабавалі толькі аднаго — каб яны выконвалі дакладна па тэхналогіі працу. У нас тры разы трэба было даіць кароў — яны не даілі, свае абавязкі не выконвалі — мы павінны былі рэагаваць і караць іх. Вось яны арганізавалі каманду — пяць чалавек, ходзяць, пішуць скаргі, маўляў, да таго часу, пакуль не звольняць старшыню», — даводзіць Аляксандр Падалячын.

«Як можна з такімі людзьмі змагацца? Яны не толькі прыніжаюць гэтым уладу, у тым ліку і раённую, але гэтыя людзі, яны што? — Рэпетуюць перад Майданам? Майдан тут нейкі хочуць зладзіць?» — абураецца кіраўнік.

Па сітуацыі з Вольгай Юлдашавай, якую выселілі ў хату без святла, цяпла і вады дырэктар тлумачыць проста: сама вінаватая. «Вось яна жыла тут у Крыўску — такі вэрхал у яе хаце быў! Яна забрудзіла там усё, не плаціла за электрычнасць, і ў гэтым доме таксама не плаціць. Хто сёння ў нашай краіне даў каму права не плаціць за святло?!» — кажа Аляксандр Падалячын.

Дом у Бацуні, які далі даярцы, быў у добрым стане, кажа ён, пакуль яна не пасялілася і не разнесла яго. І кацёл зламала, і за электрычнасць не плаціла, кажа. І дадае, што «яе і адтуль зараз трэба высяляць».

Па прыватызацыі дамоў кіраўнік тлумачыць проста: такія цэны выставіла БТІ, і калі людзям не падабаюцца цэны — то хай не выкупляюць дамоў.

«Трэба, каб у краіне быў парадак! Навошта збіраць бруд і ганьбіць раён? Мы пабудавалі два малочна-таварныя комплексы, мы маем 130% вытворчасць малака да ўзроўню мінулага года, мы стараемся, каб жывёлы былі высокапрадукцыйныя… Я не ведаю, як з гэтымі людзьмі быць. У іх асабістая нянавісць. бо некалі мы іх прымусілі працаваць правільна, па тэхналогіях», — лічыць Падалячын.

Выказаўся ён і пра асемянатара Валянціну Кулідобры. Маўляў, яна неэфектыўна працуе. Больш таго, па словах кіраўніка — наўмысна, каб нашкодзіць гаспадарцы, не асемяняе кароў і цёлак. «Наўмысна — каб разваліць гаспадарку, прынесці нам страты, і каб мяне знялі з пасады, пакінулі вінаватым! Яна лічыць сябе такой вялікай, што яна скаргі піша — і ўсе будуць падаць перад ёй на калені і больш нічога», — гарачыцца Аляксандр Падалячын.

Ён дадае, што «даўно трэба было яе выгнаць па артыкуле».

«Дык прабачце! Сёння яны хочуць зняць мяне, заўтра — старшыню райвыканкама, потым — старшыню аблвыканкама, а потым на прэзідэнта пачнуць гаварыць, што нешта не так!» — прагназуе самыя «страшныя» варыянты развіцця падзей кіраўнік.

Тым часам даяркі з надзеяй чакаюць адказ з пракуратуры, чакаюць рэакцыі і з іншых інстанцый. Яны спадзяюцца знайсці недзе справядлівасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?