Увечары на Раство, 7 студзеня, Аляксандр з сябрам завітаў на піва ў мясцовую кавярню «Таполька». Затым сябар пайшоў, а Аляксандр застаўся.

«Ён прыйшоў незадоўга да закрыцця, можа, а дзясятай вечара. Настрой у яго быў цудоўны, — кажа работніца кавярні Валянціна Міхайлаўна. — Ён жа амаль не піў. Мог зайсці на бутэльку піўка хіба, і ўсё. Калі раз на тыдзень, а калі і радзей».

Аляксандр у той вечар нічым не вылучаўся — кліент і кліент.

«Не сказаць, каб мы сябравалі — так, знаёмыя, — удакладняе Аляксандр Зырко, з якім забіты перад смерцю выпіваў. — Выпілі. Я пайшоў дахаты. Саша вырашыў затрымацца».

А ў выніку Аляксандр знік. Знайшлі яго ўжо забітым і толькі праз некалькі дзён.

Труп у лесе ў суседнім Іванаўскім раёне заўважылі леснікі. На абгарэлым целе былі шматлікія раненні, у тым ліку чатыры ад куляў, як меркавалі. Эксперты пасля ўдакладнілі: стралялі не з баявога пісталета, а з траўматычнага. Рукі ў ахвяры былі звязаныя скотчам. Паміраў у пакутах…

Прычынай забойства называюць грошы. Аляксандр быў вінен: хтосьці кажа пра дзве тысячы даляраў, хтосьці — пра тры.

Па словах вяскоўцаў, якія бачылі следчы эксперымент, спачатку хлопца запрасілі на размову наконт даўгоў. Затым каля парку яго ўдарылі бітай, закінулі ў багажнік аўто і з’ехалі. Кажуць, у Малоткавічах хлопца збівалі двое, а трэці ўжо чакаў у лесе.

Падазраваных затрымалі хутка. Двое з іх — бацька і сын — з тых жа Малоткавіч. Пра трэцяга вяскоўцы нічога не ведаюць: відаць, не з вёскі.

«Квахтуха — вось вясковая мянушка таго бацькі. Ён запойны. П’е вельмі рэдка, але некалькі разоў на год зрываецца. Яшчэ ў маладосці трапіў тэхнікам у калгас па размеркаванні. Адпрацаваў — і ўсё, потым толькі ездзіў у Расію на заробкі. Але з грашыма праблем у яго няма. Машыну набыў, пабудаваў дом неблагі, набыў кватэру ў Пінску, — распавядаюць вяскоўцы. — Трошкі за 40 гадоў яму, сыну 20 ці 21. Сын жыў у Пінску, скончыў там тэхнікум, затым паступіў у нейкі расійскі інстытут. І тут зламаў сабе жыццё. А яшчэ і чужое адабраў».

Аляксандр займаўся фермерствам. Яшчэ ў 2008 узяў зямлю. Вырошчваў моркву, капусту, кукурузу. Незадоўга да смерці набыў у Польшчы шчэпы — хацеў пасадзіць яблыневы сад. Але гэта праца сезонная, і адсутнасць вопыту адбілася — вялікіх грошай ён зарабіць так і не паспеў.

У вёсцы яго шкадуюць. А людзі не могуць зразумець, што падштурхнула забойцаў на гэты страшны крок. «Гэтаму ўчынку няма апраўдання», — кажа Валянціна Міхайлаўна.

«Гэта жах проста нейкі. Зараз страшна па вуліцы хадзіць, асабліва каля парку, дзе Сашу збівалі», — кажуць цётачкі з Дома культуры. Яны нават збіраюцца пісаць ліст Аляксандру Лукашэнку, каб забойцаў пакаралі «максімальна жорстка». Толькі пісаць трэ' было раней. І не кіраўніку краіны, а ў міліцыю. Як высветлілася, пра пагрозы Аляксандру людзі ведалі.

«Тыя яго даўно цкавалі. Пагражалі. Пра гэта Саша казаў сябрам. Але ж не верылі.

А прыкладна за тыдзень да забойства яны яго прыціснулі: спынілі на машыне і паведамілі, што заб’юць, — распавядаюць работніцы Дома культуры. — Было такое, што Саша і на ўцёках быў. Каля трох месяцаў здымаў кватэру ў Пінску, хаваўся ад іх. Казалі, нават прадаў аўто айчыма, каб аддаць частку пазыкі».

«Ні забойцы, ні забіты ніколі не траплялі ў цэнтр увагі органаў. Звычайныя законапаслухмяныя людзі. Ніколі ніякіх праблем з імі не было», — коратка канстатуе ўчастковы міліцыянт Мікалай Бабіч.

Цяпер гэтым «законапаслухмяным» пагражае самае суровае пакаранне — ажно да расстрэлу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?