Вялікі красовер плаўна вырульвае на трасу і імчыць у бок Віцебска. Старэйшы, 28-гадовы Сяргей Ісакаў, які заняў месца побач з кіроўцам, адзявае вялікія навушнікі. Малодшы, 21-гадовы Валодзя Залаты — ён сядзіць ззаду — маленькія, кропелькі. Амаль усю дарогу да свайго былога дома, Багушэўскага інтэрната для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, яны будуць слухаць музыку. У Багушэўск хлопцы едуць па справах: ім трэба наведаць сваіх, забраць сякія-такія рэчы і вырашыць некалькі пытанняў. Хаця, вядома, пытанні вырашаць будзе іх сённяшні кіроўца і працадаўца Дзяніс Орліс. Ці, як называюць яго самі хлопцы, Маркавіч.

Дзяніс Орліс (справа) прыняў на працу інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (злева — адзін з іх).

Дзяніс Орліс (справа) прыняў на працу інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (злева — адзін з іх).

Дзяніс Маркавіч Орліс — кіраўнік невялікай будаўнічай фірмы ў Мінску і гаспадар аграсядзібы. Некалькі гадоў таму ён разам са сваім кампаньёнам па бізнэсе танна набыў недабудаваны дом у Ратамцы. Паціху будынак прывялі ў парадак. Вырашылі выкарыстоўваць яго як аграсядзібу, невялікі гатэль. Вядома ж, у такім месцы патрэбныя памочнікі.

Тое, што да яго трапілі менавіта інваліды, сам Орліс называе збегам абставінаў. Знаёмая расказала, што ў Багушэўску існуе праграма па сацыялізацыі інвалідаў. Але Орліс не чакаў, што будзе першым, хто возьме хлопцаў да сябе. Узяў спачатку на месяц, паспрабаваць. Потым — фактычна на пастаянную працу.

На сядзібе хлопцы выконваюць разнастайную працу, у асноўным дапамагаюць гаспадарыць. Але, напрыклад, Валодзя паціху вучыцца класці плітку. З Сяргеем нядаўна мянялі сантэхніку ў адной з мінскіх кватэр Орліса. Фіксаванага заробку няма, бо фактычна хлопцы не аформленыя. Таму Дзяніс проста выдае ім кішэнныя грошы, 2—3 мільёны на месяц. Для іх гэта вялікія сумы — пенсія ўсяго толькі 1,3 мільёна, і на мінулых працах заробак рэдка яе перавышаў. Плюс не паўсюдна іх і бралі: і ў Сяргея, і ў Валодзі 2-я група інваліднасці, яны могуць выконваць толькі даволі простую працу. Сяргей — эпілептык, у Валодзі слабыя сэрца і зрок.

Але Дзяніса гэта не спалохала. Нашто яму, занятаму чалавеку і бацьку чатырох дзяцей ад двух шлюбаў, дадатковы клопат, ён і сам не ведае. Кажа, што калі ёсць жаданне, то проста трэба рабіць. А калі жаданне супадае з магчымасцямі — рабіць канечне.

«Спачатку было цяжкавата, вядома, бо яны як вялікія дзеці. Нельга ўзяць такога чалавека, а потым яго адрачыся, кінуць, — кажа Дзяніс Маркавіч. — Да таго ж, няпроста было проста іх зразумець: чаму сумуюць, чаму хвалююцца, што маюць на ўвазе? Бо яны даволі закрытыя асобы».

Але цяпер з узаемаразуменнем ужо ўсё ў парадку. Орліс нават падумвае пашырыць штат супрацоўнікаў з інваліднасцю.

«Я б узяў пару. Хай бы жыла сям’я. Дзеці? Нічога страшнага, неяк дамо рады. У мяне сваіх чацвёра. Яшчэ мяне не палохаюць. Дапаможам», — пасміхаецца Дзяніс Маркавіч.

Хлопцам жыццё на сядзібе таксама падабаецца. У іх тут свой пакой, асобны душ, невялікая кухня. Пра інтэрнат кепскага не кажуць, але прызнаюцца, што «на волі» ўсё ж лепш. «Адчуваеш, што ты на свабодзе», — кажа Валодзя. Пра тое, што менавіта дзякуючы інтэрнату ён і «выйшаў на волю», хлопец не думае.

Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця знаходзіцца на беразе Серакаратнянскага возера, побач з Багушэўскам — невялікім мястэчкам у Віцебскай вобласці. Інтэрнат вялікі — у ім жыве больш за 260 чалавек. З іх каля сотні «лежакоў» — тых, хто з ложка не падымаецца.

Хоць інтэрнат і называецца «дзіцячым», пацыентам можа быць ад 4 да 35 гадоў (старэйшых адпраўляюць у дарослыя установы для псіхахронікаў). Трапляюць сюды па-рознаму: напрыклад, у Сяргея памерлі бацькі. У Валодзі памёр бацька, а матулю пазбавілі бацькоўскіх правоў. Цяпер яна ўвогуле на «хіміі», адбывае тэрмін за ўхіленне ад аплаты аліментаў.

Такія інтэрнаты існуюць па ўсёй краіне, але Багушэўскі ў сваім родзе ўнікальны. Менавіта тут першымі ў Беларусі заняліся праграмай сацыялізацыі сваіх пацыентаў. Па-другое, толькі ў гэтым інтэрнаце перспектыўныя хлопцы і дзяўчаты жывуць цалкам самастойна, у асобных катэджах самастойнага пражывання.

А пачалося ўсё ў 2011 годзе з дапамогай шведскай і ірландскай дабрачынных арганізацый. Еўрапейцы пабудавалі і абсталявалі два невялікія катэджы, запусцілі праграму працы па сацыялізацыі, і першыя 12 чалавек пераехалі з інтэрната ў новыя дамы. На сённяшні дзень 7 былых выхаванцаў змаглі аднавіць дзеяздольнасць і пачаць самастойнае жыццё ў грамадстве. Здавалася б, няшмат. Але ж іх нярэдка прыходзіцца вучыць самым элементарным рэчам: мыць адзенне, прыбіраць, лічыць грошы, купляць у краме.

«Чалавек, які ўсё жыццё жыве ў інтэрнаце, часта не ўмее элементарных рэчаў. Некаторыя не ведалі нават, як выглядаюць нязвараныя яшчэ грэцкія крупы, думалі, што гэта арэшкі, — распавядае Ірына Міронава, загадчыца аддзялення самастойнага пражывання. — Інтэрнатны прынцып фармуе ўтрыманскую пазіцыю. Змяніць гэта можна толькі працай і новымі ўмамі. Трэба прыцягваць чалавека да дзеяння. Бо калі калектыўнае выхаванне, то ён не разумее: хто я, які я, што я магу? А навошта гэта мне трэба?»

У дамах самастойнага пражывання з інвалідамі дзень і ноч жывуць інструктары, да якіх можна звярнуцца па дапамогу, але хлопцы і дзяўчаты самі гатуюць, прыбіраюць. Да таго ж, садзяць агарод, гадуюць кароў, свіней, курэй. Тое, што для большасці не самая лепшая праца, для іх — мэта і цяжкадасяжная мара. Адзін з хлопцаў, Слава, хоча быць афіцыянтам. 30-гадовая Алена з радасцю б пайшла на працу пакаёўкі. Праўда, і тут ёсць свае выняткі.

«Я хачу быць дызайнерам, — прызнаецца Андрэй. — Праўда, гэта цяжка ажыццявіць. Патрэбна ж вышэйшая адукацыя…»

«Усе хочуць трапіць на самастойна пражыванне. Але мы бяром па прынцыпе адэкватнасці, падрыхтоўкі, больш развітых, хто мае больш шанцаў на поспех. На ўсіх не хопіць месца, — кажа Ірына Міронава. — А так, па вялікім рахунку, працаваць жа можна з кожным чалавекам. Але патрэбныя капіталаўкладанні, бо гэта і абсталяванне, і супрацоўнікі».

Супрацоўнікаў у інтэрнаце агулам больш за 200 чалавек. Сярэдні заробак — 3,5—4 мільёны.

«У Багушэўску работы мала. Мэблевая фабрыка закрылася, кандытарскі завод закрыўся, лясная гаспадарка закрываецца, ільнозавод ў Цыпках — таксама, — тлумачыць псіхолаг Таццяна Уладзіміраўна. — Сёння мясцовыя школы, бальніца і наш дом-інтэрнат фактычна сталі горадаўтваральнымі прадпрыемствамі».

Таму і цякучкі кадраў у інтэрнаце няма. Але людзі не проста трымаюцца за працу, а яшчэ і добра яе выконваюць. «Эксперымент» з сацыялізацыяй нават паўплываў на заканадаўства — пасля Багушэўска гэткая праграма была прынятая на афіцыйным узроўні і пачала дзейнічаць у астатніх інтэрнатах краіны.

«Мы павінны навучыцца прымаць інвалідаў у грамадства, а не ізаляваць, як гэта ў нас часцей за ўсё прынята, — упэўненая Міронава. — У Польшчы, напрыклад, стымулююць прадпрыемствы ствараць працоўныя месцы для інвалідаў, каб яны працавалі побач са звычайнымі людзьмі».

Тым часам Дзяніс Орліс расказвае дырэктару інтэрната, Віктару Сувораву, пра сваю ідэю працаўладкавання яго выхаванцаў.

«На базе аграсядзібы можна збудаваць турыстычны дамок. Жыць побач з ім і абслугоўваць яго будуць некалькі чалавек з ліку інвалідаў. Прыбыткі можна выкарыстаць на будоўлю яшчэ аднаго такога дома. І ўзяць туды яшчэ некалькі чалавек з інтэрната. І гэтак далей», — распавядае Орліс.

Да таго ж, мяркуе ён, можна стварыць акцыянернае таварыства, невялікую долю ў якім атрымае кожны з супрацоўнікаў-інвалідаў.

Ідэя неблагая. Абодва пагаджаюцца заняцца ёй кожны са свайго боку: Орліс можа знайсці дом ці ўчастак пад Мінскам, дзе можна ўладкаваць такі турыстычны комплекс, а Сувораў абмяркуе яе з дабрачыннымі арганізацыямі, бо грашовая падтрымка трэба будзе.

У Валодзі мама на хіміі, тата загінуў. А самому хлопцу не свяціла нічога, акрамы чатырох сценаў інтэрната.

У Валодзі мама на хіміі, тата загінуў. А самому хлопцу не свяціла нічога, акрамы чатырох сценаў інтэрната.

Затым Дзяніс і Ірына Міронава едуць з Валодзем у яго родную вёску Задуброўе вырашаць пытанне з прапіскай: каб аформіць хлопца на працу, трэба выпісаць яго з інтэрната. А выпісваць няма куды — Орліс асцерагаецца рэгістраваць Валодзю на сваёй аграсядзібе: «А калі мне яе прадаць прыйдзецца, то куды яго? На вуліцу?». Таму хіба толькі сваякі пагодзяцца.

Ехаць адносна блізка, прыкладна 90 кіламетраў ад Багушэўска. Папярэдзіць сваякоў пра візіт немагчыма — мабільнік, на якім былі запісаныя ўсе нумары, Валодзя даўно ўжо згубіў. Таму будзе сюрпрыз.

У Задуброўі Валодзя першым чынам цягне ўсіх паглядзець сваю хату. Але ад хаты засталіся толькі абвугленыя сцены — яна згарэла якраз перад Новым годам. Хлопец пра гэта ці то забыўся, ці то не ведаў. Бачыць вуголле былога дому яму вельмі цяжка.

Коўдра і абгарэлыя дакументы — усё, што засталося небараку Валодзю.

Коўдра і абгарэлыя дакументы — усё, што засталося небараку Валодзю.

«Усё згарэла, зусім усё», — прыгаворвае Валодзя, калупаючыся ў абгарэлай шафе. Там ён знаходзіць некаторыя дакументы: матчына і братава пасведчанні аб нараджэнні, старую, яшчэ савецкую, ашчадную кніжку. Агонь іх толькі трошкі абпаліў. Валодзя разам з Дзянісам вырашаюць забраць паперы з сабой, можа, калі спатрэбяцца. Валодзя яшчэ знаходзіць у шафе сваю старую коўдру. Яе таксама вырашае забраць.

Забягае да суседзяў. Там жыве ягоная сяброўка, якую сам Валодзя называе сваёй дзяўчынай (ці ведае аб гэтым сама яна, удакладняць ніхто не рашыўся). Пакуль парачка гутарыць, маці дзяўчыны распавядае пра вясковае жыццё-быццё.

«Вёска паціху памірае. Школа ўжо зачынілася, дзіцячаму садку нядоўга засталося. Жыць няпроста, канечне. Але ў нас гаспадарка: куры, трусы. Свіней не трымаем: дорага. Дый хваробы гэтыя, ізноў жа — калі тая чума была і ў суседняй вёсцы знішчалі свіней, адзін мужык нават павесіўся. У яго вялікае пагалоўе было».

Да Валодзі яна ставіцца добра.

«Я яго ж даўно ведаю. Ён і дапамагаў мне, кароўку пасвіў. Калі трапіў у інтэрнат, то пісаў, званіў — прасіўся, каб я яго забрала адтуль. Але што ж я магла зрабіць?»

Потым — у госці да Валодзевай бабулі. Там, акрамя старой, якая з цяжкасцю стаіць на мыліцах, якраз знаходзяцца і яе дзеці: Валодзевы дзядзька і цётка. Пасля кароткага знаёмства цётка Каця пачынае гучна скардзіцца: як «Ганна» выкупіла мясцовую птушкаферму, большую частку заробку пачалі выдаваць прадукцыяй.

«500 тысяч на рукі, астатняе — курамі. А можа, я не хачу тых курэй! Можа, я ліверкі хачу!» — усклікае яна.

Бабуля запрашае ўсіх на чай, але няма калі — яшчэ трэба адвезці Ірыну Міронаву ў Багушэўск, затым вярнуцца ў Мінск, у Ратамку. Таму Ірына Уладзіміраўна разам з Дзянісам тлумачаць сваякам хлопца неабходнасць яго прапісаць. Тыя пагаджаюцца дапамагчы.

Ірына Міронава верыць, што інвалідаў можна рабіць самастойнымі і карыснымі грамадству. За яе спінай — катэджы, у якіх людзей з абмежаваннямі вучаць самастойнасці. Збудавалі іх еўрапейцы.

Ірына Міронава верыць, што інвалідаў можна рабіць самастойнымі і карыснымі грамадству. За яе спінай — катэджы, у якіх людзей з абмежаваннямі вучаць самастойнасці. Збудавалі іх еўрапейцы.

Сам Валодзя тым часам заняты — раздае падарункі. Іх ён назапасіў для кожнага. Бабуля і цётка Каця атрымліваюць каробку цукерак і бутэльку шампанскага, дзядзька — mp3-цюнар у машыну, а стрыечны брат — вялікі ліхтар з убудаваным радыё.

«Я тады зламаў, сказаў, што новы куплю — і вось, калі ласка!» — кажа брату Валодзя.

Сваякі вельмі радыя прыезду хлопца, нават прапануюць яму застацца. Але на пытанне, чаму такая прапанова не прагучала на некалькі год раней, кожны адказвае па-рознаму. Бабуля прызнаецца: пабаялася, што з хлопцам не справіцца. Дзядзька хмыкае ў вусы і кажа: «Калі яго бацька быў яшчэ жывы, мы думалі яго забраць… А потым… Неяк не вырашылі пытання…»

Часу сапраўды няшмат. Валодзя развітваецца са сваякамі: абдымкі, фотаздымкі, абяцанні неўзабаве прыехаць яшчэ раз. «Вы толькі не біце там яго», — ціхенька просіць у Дзяніса бабуля.

На зваротным шляху Валодзя шмат разважае. Вандроўка атрымалася неадназначная: з аднаго боку, той згарэлы дом даўся яму няпроста, а з іншага — хлопец задаволены сустрэчай са сваёю раднёй. Таму спачатку ён успамінае, што ў доме згарэла («вісеў на сцяне залаты крыжык… а ў шафе мой касцюм быў шлюбны…»), а потым бярэцца планаваць, як будзе дапамагаць бабулі. Нават пытаецца ў Дзяніса: «Маркавіч, а што, калі я буду некалькі тыдняў у цябе працаваць, а некалькі тыдняў тут праводзіць, у вёсцы?»

Дзяніс пасміхаецца і рэкамендуе яму не спяшацца прымаць рашэнні. Але Валодзя ўжо разважае: «Я ж Залаты! Нездарма ж такое прозвішча? Значыць, я павінен нешта рабіць! Ззяць! Свяціць!»

Насамрэч, ён даўно ўжо свеціць — нязыркім, але цёплым святлом. Яго ў Валодзі з лішкам — на ўсіх хопіць. Пытанне толькі ў тым, ці спатрэбіцца гэтае святло нарэшце хоць каму-небудзь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?