Сёння сайт barysau.by распаўсюдзіў інфармацыю, што ў гімназіі №1 горада Барысава ў маі сёлета плануецца «тыдзень памяці». Падчас якога ўсіх вучняў прымусяць насіць на ўніформе георгіеўскую стужку. Інфармацыя гэтая была атрыманая адразу ад трох бацькоў дзяцей, што вучацца ў гімназіі.
«Наша Ніва» патэлефанавала дырэктарцы школы Людміле Бачыла, каб разабрацца, ці адпавядае гэта праўдзе.
Фота minpraud.by.
«Гэта яшчэ пытанне. Усё ў нас толькі ў планах, у перспектывах. Гэта яшчэ не канчатковае рашэнне, проста размовы», - сказала дырэктарка.
Варта нагадаць, што на студзеньскім з’ездзе БРСМ кіраўнік краіны падтрымаў ініцыятыву «Кветкі Вялікай Перамогі», сімвалам якой павінна стаць чырвона-зялёная стужка з яблыневым цветам. Фактычна гэта беларускі адказ на георгіеўскія стужкі.
«Мы яшчэ будзем думаць, будзем вырашаць. Але ва ўсякім выпадку ёсць медаль з георгіеўскай стужкай, прысвечаная 70-годдзю перамогі. Я адкрывала інтэрнэт і ўсё бачыла».
А ці не засмучае спадарыню Бачылу тое, што за апошні год георгіеўская стужка стала сімвалам сепаратыстаў і баевікоў, якія вядуць вайну на Усходзе Украіны?
«А прычым тут Украіна? Мы яшчэ думаем. Але гэта Перамога. І гэтая стужка ніколі не адмянялася», - сказала Людміла Эдуардаўна.