Фота: Аляксай Сталяроў, stolyarovphoto.com

Фота: Аляксай Сталяроў, stolyarovphoto.com

Галоўнай падзеяй 25 сакавіка для многіх стане святкаванне Дня Волі — гадавіны ўтварэння ў 1918 годзе першай беларускай нацыянальнай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі.

Святочнае шэсце пачнецца а 15:00, святкаванне скончыцца мітынгам у Парку дружбы народаў, які працягнецца да 18:00.

На мітынгу на плошчы Бангалор а 17-й гадзіне мусілі выступіць Amaroka, «Мутнаевока» і ZnaROCK, але канцэрт быў адменены.

Куды яшчэ схадзіць 25 сакавіка?

Музыка

Фота: budzma.by

Фота: budzma.by

А 19:00 у пабе «Графіці» выступіць знакаміты гурт «Палац». Квіткі каштуюць 100 тысяч (альбо 130 у дзень канцэрту), набыць іх можна тут. Колькасць месцаў абмежаваная.

Таксама а 19:00 у Jack Club пройдзе чарговая вечарына Дударскага клуба, адмысловым госцем якой стане капэла традыцыйнай музыкі «На таку» і танцавальны клуб «SITA». Сустрэча прысвечаная гуканню вясны, арганізатары абяцаюць спевы вяснянкі, карагоды і танцы. Уваход каштуе 50 тысяч, але ў кампенсацыю прапануецца бясплатны алкагольны ці безалкагольны напой.

Аматарам джазу можна прапанаваць канцэрт Сільвіі Говард і піцерскага Jazz-Classic-Trio, што пачнецца а 19:00 у клубе «Цэнтр» (пад Палацам Рэспублікі). Квіткі можна набыць тут па цэнах ад 165 да 515 тысяч.

Тэатр

Нямала цікавага будзе 25 сакавіка і на тэатральных сцэнах. Асабліва варта адзначыць «Сымона-Музыку» ў Купалаўскім тэатры, «Адамавы жарты» ў РТБД ды рускамоўную оперу «Юнона і Авось» у Музтэатры.

Кіно

Кадр з фільма «Завадны апельсін»

Кадр з фільма «Завадны апельсін»

Вечар можна завершыць і паходам у кіно. Большасць кінатэатраў пакажа ўвечары мультфільм «Дом», які распавядзе пра барацьбу маленькай дзяўчынкі з іншапланетнымі акупантамі ды сяброўства з іншапланетнікам-выгнанцам.

У «Беларусі» і «Сільверскрыне» пакажуць «Тэорыю ўсяго» — гісторыю нязломнага навукоўца Стывена Хокінга. А 9 вечара ў «Беларусі» таксама можна будзе пабачыць «Робата па імі Чапі», які навучыць людзей быць чалавечнымі.

Для аматараў кінакласікі праект Silversreen на Дзень Волі пакажа ў «Ракеце» а 9 вечара «Завадны апельсін» Стэнлі Кубрыка.

А тым, хто не кладзецца спаць рана, можна параіць праект «КіНочы», у межах якога з 12 ночы ператвараецца ў кіназалу рэстаран «Grand Bellagio» ў «Белай Вежы».

Выставы

У асноўным выставы закрываюцца ў раёне шостай-сёмай вечара.

Але да 8 вечара можна паспець заскочыць на выставу вынаходак Леанарда да Вінчы ў Мастацкі музей, а да 9 вечара — на «Баль робатаў» у ГЦ «Скала», «To be Estonian. Эстонскія асацыяцыі» ў Цэнтр сучасных мастацтваў і на выставу «З друкарні пана Марціна Кухты» на 3 паверсе Нацыянальнай бібліятэкі, дзе выстаўляюцца віленскія выданні пачатку ХХ стагоддзя (у тым ліку першыя нумары «Нашай Нівы»).

На Сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, д. 3) зладжаная выстава «Дзень Волі-2015». Выстаўляюцца работы шэрагу беларускіх мастакоў, сярод якіх партрэты дзеячоў БНР Аляксея Марачкіна і Міколы Рыжага, серыя работ Міколы Купавы, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Акрамя таго, будуць выстаўленыя паштовыя маркі часоў БНР і маркі УНР.

Рознае

Выява «Вершніца» — нагода дыскусій пра перапрацоўку нацыянальных сімвалаў

Выява «Вершніца» — нагода дыскусій пра перапрацоўку нацыянальных сімвалаў

А 19:00 у Галерэі TUT пачнецца чарговая сустрэча клуба «Мова TUT», тэмай якой стануць нацыянальныя сімвалы і іх перапрацоўка.

У той жа час у кнігарні «ЛогвінаЎ» у межах літаратурнага фестывалю «Еўрапеана» пройдзе прэзентацыя кнігі зоркі шведскай літаратуры Ірэны Брэжны «Найлепшы з усіх светаў» пра дзяцінства ў савецкай Чэхаславакіі.

Проста сустрэцца з сябрамі

На свята можна і проста пайсці ў бар («Чабурэчная», кажуць, працаваць не будзе), выскачыць на прыроду ці зайсці ў госці да сяброў. Разам можна паспяваць беларускія песні — напрыклад, некаторыя з 23 песень для сапраўдных Абаронцаў Айчыны.

Ці маеце іншыя ідэі, як адзначыць Дзень Волі? Напішыце пра іх у каментарах!

Глядзіце таксама: 25 Дзён Волі. Фота 1989—2014

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?