Фінскія навабранцы прымаюць прысягу пасля заканчэння базавага курсу вайсковай падрыхтоўкі.

Фінскія навабранцы прымаюць прысягу пасля заканчэння базавага курсу вайсковай падрыхтоўкі.

Прычынай гэтага стала расійская анексія Крыма і распальванне Масквой канфлікту на ўсходзе Украіны, што выклікала занепакоенасць ва ўсіх заходніх суседзяў РФ.

Самай першай у 2014 годзе вярнулася да прызыву Украіна, якая на фоне вайны амаль з нуля пачала ствараць новую армію. Прызыў ва Украіне адмяніў у 2013 годзе тагачасны прэзідэнт Віктар Януковіч.

У сакавіку 2015 года Літва вярнула прызыў у войска — пакуль што на 5 гадоў.

«У адказ на змены ў геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне мы мусім дадаткова ўзмацніць нашыя абарончыя магчымасці. Такім чынам было прынятае рашэнне часова аднавіць абавязковую вайсковую службу», — цытуе словы прэм'ер-міністра Альгірдаса Буткявічуса сайт defensenews.com.

Пра вяртанне да прызыву думае і Латвія, а Эстонія і не адмаўлялася ад яго.

У выніку пры насельніцтве трохі большым за 1,3 млн чалавек Эстонія мае 219 000 рэзервістаў, а таксама 22 500 чалавек у добраахвотніцкай Лізе Абароны Эстоніі.

У Чэхіі, якую чамусь нехта лічыць прарасійскай, урад таксама плануе аднавіць абавязковую вайсковую службу, піша praguemonitor.com са спасылкай на газету Mlada fronta Dnes. Пры гэтым такі крок падтрымлівае 63% чэхаў.

«Час сур'ёзна думаць пра тое, як дзяржава будзе абараняцца ад нападу. Хто яе абароніць да таго, як нам на дапамогу паспеюць саюзнікі? Сучасная 20-тысячная армія няздольная абараніць нашу тэрыторыю. У нас няма падрыхтаваных рэзервістаў. Няма іншага варыянту, як зноў вучыць моладзь выкарыстоўваць зброю для абароны краіны», — заявіў прэм'ер Багуслаў Собатка.

«Прыклад Украіны дэманструе, што канфлікты могуць хутка распаўсюджвацца і адбывацца адносна блізка (ад Чэхіі)», - адзначыў міністр абароны Чэхіі Марцін Страпніцкі.

У Польшчы вярнуцца да прызыву заклікае галоўная апазіцыйная партыя «Права і Справядлівасць».

Яе ў гэтым пытанні падтрымліваюць як мінімум 60 адсоткаў апытаных, піша газета Rzeczpospolita са спасылкай на вынікі даследвання інстытута Homo Homini. Рашуча супраць прызыўной арміі выказаліся ў сакавіку 2015 года толькі 14% палякаў.

Таксама захоўваюць абавязковую тэрміновую службу ў нашым рэгіёне Фінляндыя, Малдова, Нарвегія. Амаль усе астатнія маюць законы, якія дазваляюць хутка ўвесці прызыў у выпадку вайны.

Гэтак, напрыклад, падчас Першай сусветнай вайны ў 1916 годзе Вялікабрытанія пачала прызываць рэкрутаў на службу, у мірны час адмяніла яго, а потым увяла яго зноў у 1939 годзе, калі пачалася новая сусветная вайна.

Жаўнеры эстонскай арміі.

Жаўнеры эстонскай арміі.

Доўгі час быў распаўсюджаны міф аб тым, што чыста добраахвотніцкая армія - гарантыя высокай эфэктыўнасці, а прызыў несумяшчальны з прафесіяналізмам і высокай баяздольнасцю войска.

Аднак апошнія падзеі ў Украіне і тэндэнцыі абароннай палітыкі ў суседніх краінах, відаць, сведчаць аб тым, што нават у высокатэхналагічнай вайне масавы прызыў і падрыхтаваныя рэзэрвісты даюць перавагу той краіне, якая яго ўводзіць.

З гэтага пункту гледжання тое, што Беларусь захавала прызыў, дапамагае захоўваць абароназдольнасць краіны. Але іншая справа, што любой арміі патрэбнае добрае забеспячэнне — грошы на тэхніку, паліва і ўсе іншае для падтрымання баяздольнасці, для рэгулярных і інтэнсіўных вучэнняў прызыўнікоў і салдатаў рэзэрву. І не ў апошнюю чаргу - на добрыя заробкі і сацыяльныя гарантыі для вайскоўцаў.

Прызыўныя ізраільская, швейцарская, фінская, паўднёвакарэйская арміі не карысталіся б такой павагай, каб не добрае фінансаванне.

І вось тут мы са сваім ваенным бюджэтам у прыкладна 750 млн даляраў заўважна адстаем ад тых жа палякаў, якія на сваё войска выдаткоўваюць больш за 11 млрд даляраў.

Але, магчыма, яшчэ больш за недастатковае забеспячэнне б'е па беларускай арміі сумніўная якасць беларускага патрыятычнага выхавання ў дзяржаўных СМІ, школе, арміі, панаванне расейскага інфармацыйнага прадукта на тэлебачанні, занядбаны стан беларускай мовы.

Як пераканаць грамадзяніна ваяваць за свабоду Беларусі, калі дзяржаўныя і вайсковыя СМІ ўслаўляюць амаль выключна перамогі арміі той краіны, развал якой у 1991 годзе і даў Беларусі незалежнасць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?