Латвія выдала праваахоўным органам Літвы былога супрацоўніка савецкага АМАПу Канстанціна Міхайлава, які падазраецца ў саўдзеле ў забойстве літоўскіх мытнікаў на мяжы зь Беларусьсю ў 1991 годзе.
Канстанцін Міхайлаў быў арыштаваны два месяцы таму ў Рызе й цяпер дастаўлены ў Вільню па просьбе літоўскага боку. Цягам трох гадзін доўжыўся ягоны допыт у Генэральнай пракуратуры ў сувязі з расьсьледаваньнеам аднаго з самых лютых злачынстваў: пракуроры прад’явілі Міхайлаву падазрэньні ў саўдзеле ў забойстве 31 ліпеня 1991 году на кантрольна‑прапускным пункце Мэдзінінкай, што на беларуска‑літоўскай мяжы, семярых літоўскіх мытнікаў. Яны былі расстраляныя тады з аўтаматаў савецкімі амапаўцамі. Восьмы — цяжка паранены Томас Шэрнас (Tomas Šernas), адзіны, хто цудам выжыў, — застаўся інвалідам.
Сямнаццаць гадоў пасьля гэтага злачынства Генэральная пракуратура Літвы не магла правесьці яго расьсьледаваньне, бо падазраваныя ў забойстве жывуць у Расеі, якая зь літоўскімі праваахоўнымі органамі супрацоўнічаць у гэтай справе адмаўляецца.
Працэс над Канстанцінам Міхайлавым, як мяркуюць у Генпракуратуры Літвы, можа працягнуцца некалькі месяцаў.