17:10

Патрыярх беларускай гуманітарыстыкі, доктар філалагічных навук Арсень Ліс сказаў «Нашай Ніве», што ён уражаны, колькі моладзі выйшла на Дзень Волі, што ў яго ад гэтага слёзы на вачах. Сапраўды, ён плакаў, гледзячы на тлум юнакоў у парку Дружбы Народаў.

17:05 Дзяўчына прынесла з сабой кардонны манекен, апрануты ў адзенне свайго сябра, каб выказаць пратэст супраць непаважлівага да людзей рашэння Мінгарвыканкама перанесці святкаванне на працоўны час.

Дзяўчына прынесла з сабой кардонны манекен, апрануты ў адзенне свайго сябра, каб выказаць пратэст супраць непаважлівага да людзей рашэння Мінгарвыканкама перанесці святкаванне на працоўны час.

Моладзь масава спявае «Не быць скотам», «»Тры чарапахі». Гукаюць «Жыве Беларусь» і «Разам і назаўжды», а таксама «Слава Украіне! Героям слава!». Людзі прынеслі нямала самаробных плакатаў.

17:01

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў у парку Дружбы Народаў. Ён сказаў, што арганізатары вырашылі скончыць акцыю шэсцем. Мітынгу не будзе, абвесціў ён, і прапанаваў працягнуць святкаванне Дня Волі ў барах і кавярнях Мінска ды ў коле сяброў.

16:50

Колькасць удзельнікаў шэсця вырасла да 2 тыс. чалавек. Зараз галава калоны пераходзіць дарогу ў кірунку плошчы Бангалор.

16:35

На рагу вуліцы Сурганава і Бяды знаходзіцца вялікі бел-чырвона-белы сцяг, прыкладна паўтара на тры метры.

З вялізным нацыянальным сцягам на вудзе ідзе і вядомы шоўмэн Усевалад Сцебурака.

16:33

Калона перайшла вуліцу Куйбышава, рэшта ідзе яшчэ каля вуліцы Якуба Коласа.

16:32

Падчас пачатку акцыі ля «Кастрычніка» стаялі два чалавекі ў балаклавах і са сцягам, хоць міліцыя, і ўдзельнікі Дня Волі настойліва патрабавалі балаклавы зняць. Падчас шэсця па Сурганава хлопцы ў балаклавах пабеглі ў двары, за імі людзі ў цывільным. Лёс хлопцаў у балаклавах пакуль невядомы.

Таксама прыкмета сёлетняга шэсця — за ім масава назіраюць прахожыя. Няма будынка, з якога не глядзяць, стаяць масава на ганку медцэнтра «Нардзін», вітаюць.

Актывіст руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка сказаў, што шэсце скончыцца ў McDonalds на плошчы Бангалор, людзі будуць разыходзіцца.

Аб прычынах адмены мітынгу актывіст адказаў, што на жаль, многія музыкі адмовіліся ад удзелу ў канцэрце, бо час працоўны, і акрамя таго, «людзям надакучыла слухаць пустыя прамовы».

Маніфестантаў цёпла вітаюць дзеці з двух прыпаркаваных побач аўтобусаў. Хвіліна братання.

16:15

Пачатак калоны дайшоў да вуліцы Якуба Коласа, хвост каля вуліцы Кузьмы Чорнага. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь».

Многа бел-чырвона-белых сцягоў, ёсць сцягі ЕС, шматлікія ўкраінскія сцягі і праўкраінскія плакаты і нават адзін азербайджанскі (суполка студэнтаў-азербайджанцаў).

Сярод удзельнікаў шэсця бачым гасцей з Гродна, Воранаўскага раёна, Лунінецкага раёна, Гомеля.

Чытачы ў каментарах паведамляюць, што нібыта ў Тэхналагічным выкладчыкі ходзяць па аўдыторыях і правяраюць наяўнасць студэнтаў. 

16:13

Малады чалавек з плакатам «Очнісь» патлумачыў, што значыць яго плакат, ён кажа, што гэта зварот да ўсіх, хто не прыйшоў на акцыю, а вышыванку ён зрабіў сам, купіўшы стужачкі ў краме.

Цытата з антываеннай песні гурту Brutto Сяргея Міхалка, «Сделал три подхода, четвертый за Гарри, Гарри счас в походе, вернется едва ли», фота з фэйсбука Аляксея Мінчонка.

Цытата з антываеннай песні гурту Brutto Сяргея Міхалка, «Сделал три подхода, четвертый за Гарри, Гарри счас в походе, вернется едва ли», фота з фэйсбука Аляксея Мінчонка.

15:59

Пачалося шэсце. Яно расцягнулася ад вуліцы Сурганава да кінатэатра «Кастрычнік». Бярэ ўдзел ужо, па розных падліках, каля 1 000 — 1 500 чалавек.

Правакатараў пакуль няшмат, яны аргументуюць сваё тым, што, так, мы за незалежную Беларусь, але пры чым тут Еўропа? Адзін з правакатараў пад'ехаў на ровары, іншы — тыповы качок.

15:48

Навінка масавых акцый у Беларусі: скандуюць украінскую крычалку «Хто не скача, той маскаль», і ўсё гэта суправаджаецца масавымі скокамі. Моладзі гэта вельмі даспадобы.

Удзельнікаў ужо больш за 800 чалавек.

15:46

Беларус з Іркуцка Алег Рудакоў трымае плакат: «Беларуская мова — адзіная дзяржаўная». Іншы чалавек у вышыванцы трымае плакат «Очнись».

Фота Сямёна Печанко.

Фота Сямёна Печанко.

15:37

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

15:27

Народ пачаў скандаваць «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне», у адказ гукаюць «Героям слава».

Сабралася ўжо каля 400 чалавек, асноўная частка стаіць каля кінатэатра «Кастрычнік».

15:16

Тварам да праспекта трымаюць расцяжку «Расія — гэта вайна».

Рух «За свабоду» таксама раздаваў бел-чырвона-белыя сцягі.

15:00

Каля Акадэміі навук ужо сабралася каля 200 чалавек.

Прысутным раздаюць брашуры, дзе выдрукаваныя тэксты пяці песень: «Грай» Сяргея Міхалка, «Пагоня» Багдановіча, «Наш сцяг» (верш У. Някляева, музыка З. Вайцюшкевіча), «Не быць скотам» (Я. Купалы, С. Міхалка), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (М. Краўцова, У. Тэраўскага).

Тварам да дарогі стаяць людзі з расцяжкамі: «За нашу і вашу свабоду», «Беларусь — у Еўропу», «Мы — еўрапейцы», «Годзе млець у паняверцы, гэй, да сонца, гэй да зор» (цытата з Купалы выкананая ў жоўта-сініх колерах), ёсць таксама вялікі плакат з партрэтамі палітвязняў.

З палітыкаў прысутнічаюць Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў (партыя БНФ), Віталь Рымашэўскі (БХД), Юрась Губарэвіч (Рух «За свабоду»), праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі.

Многа бел-чырвона-белых сцягоў, сцягоў ЕС, адзін украінскі сцяг.

Zhenia_zhienia

На прылеглых вуліцах стаяць машыны з сілавікамі: МАЗы, аўтазакі.

* * *

Збор удзельнікаў каля кінатэатра «Кастрычнік» (ст. метро «Акадэмія навук») дазволены з 15.00 да 16.00, шэсце — з 16.00 да 17.00, мітынг у парку Дружбы Народаў — з 17.00 да 18.00.

Нагадаем, што заяўнікі падавалі на шэсце з 17:00 да 20:00 (сёння — будні дзень), але чыноўнікі Мінгарвыканкама ссунулі рамкі акцыі на дзве гадзіны раней.

Сваё рашэнне яны патлумачылі тым, што вулічнае шэсце ў гадзіну пік нібыта стварае шмат нязручнасцяў мінчанам, якія вяртаюцца з працы. 

Асноўны дэвіз святкавання Дня Волі ў гэтым годзе — «За мір і незалежнасць». Яго тэмы — незалежнасць Беларусі, салідарнасць з Украінай, а таксама пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі беларускіх уладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?