Дональд Туск

Прэм’ер‑міністар Польшчы Дональд Туск прапануе Расеі альтэрнатыву Паўночнаму газаправоду — трубаправод «Бурштынавы шлях». Праект, які польскі прэм’ер прадставіць Уладзімеру Пуціну падчас візыту ў Маскву, прадугледжвае пабудову трубы да Нямеччыны праз Латвію, Эстонію, Летуву ды Польшчу. Туск хоча пераканаць Крэмль у немэтазгоднасьці трубы па дне Балтыйскага мора. Наземны варыянт на палову таньнейшы, бясьпечны й не пагражае экалёгіі Балтыкі — сьцьвярджаюць у Міністэрстве эканомікі Польшчы.

Фінансавыя аспэкты праекту Туска гэта ня самае галоўнае, што павінна схіліць расейскага лідэра да прапановы Польшчы. Альтэрнатыўны маршрут Паўночнага газаправоду абыходзіць «ненадзейныя» Беларусь і Ўкраіну, а гэта зьніжае верагоднасьць сюрпрызаў для Масквы з боку Кіева й Менску, якія апошнім часам дазваляюць сабе павялічваць аплату за транзыт расейскай сыравіны праз сваю тэрыторыю. Верагоднасьць такіх «сюрпрызаў» ад Эстоніі, Летувы й Латвіі вельмі малая, паколькі гэтыя краіны павінны прытрымлівацца эўрапейскага энэргетычнага заканадаўства.

Прапанова Туска можа быць досыць дарэчнай і ў кантэксьце апошніх падзеяў вакол паўстаньня Паўночнага газаправоду. Фірма Nord Stream, якая займаецца пабудовай трубаправоду, паведаміла нядаўна, што кошт рэалізацыі праекту значна ўзрастае — да 12 млрд. эўра. У сваю чаргу кошт трубаправоду «Бурштынавы шлях» не павінен перакрочыць сумы 3 млрд. эўра. Акрамя таго Эстонія й Фінляндыя адмаўляюцца ад прадстаўленьня сваіх тэрытарыяльных водаў для патрэбаў Nord Stream. Швэцыя, праз воды якой нямецка‑галяндзка‑расейская фірма плянавала правесьці частку трубы, ужо каторы месяц не дае афіцыйнага адказу.

Польскія аргумэнты наўрад ці будуць успрынятыя ў Крамлі, прынамсі не цяпер — лічыць эканамічны аглядальнік уплывовага расейскага выданьня «Коммерсантъ» Дзьмітры Бутрын. Нягледзячы на шмат перавагаў праекту «Бурштынавы шлях», існуюць і мінусы, зьвязаныя з трубаправодам праз балтыйскія краіны, як, напрыклад, рызыка транзытнай аплаты й глябальная канкурэнтаздольнасьць:

«Я думаю, што зараз гэтая прапанова ня будзе прынятая, але ва ўсім сьвеце зараз мяняюцца адносіны да праектаў газаправодаў. У пэрспэктыве бліжэйшых 15 гадоў я чакаю зьменаў канкурэтнай мадэлі будаўніцтва газаправодаў. Разам змогуць суіснаваць некалькі газаправодаў па адным маршруце. Яны не абавязкова будуць мець запаўненьне, а будуць канкураваць у залежнасьці ад канкрэтнага попыту. Пры цяперашніх коштах на газ, пры цяпершніх мадэлях канкурэнцыі й рэгуляваньні на эўрапейскім рынку праект «Бурштынавы шлях» можа быць запатрабаваны праз 10‑15 гадоў. Ізаляцыянісцкая псыхалёгія ў «Газпроме» пакуль не дазваляе прымаць такое рашэньне, але рана ці позна яна зьменіцца, і «Газпром» будзе весьці перамовы наконт удзелу ў гэтым праекце. Прыняцьце прапановы Туска цяпер — гэта фантастыка. Спадар Туск прывозіць сваю прапанову зарана. Магчыма, праз два гады яго б успрымалі больш уважліва й сур’ёзна».

Перашкодай могуць быць і палітычныя непаразуменьні на лініі Расея — Прыбалтыка, — лічыць эстонскі палітоляг Лаўры Ліннаі:

«Я ня думаю, што ў бліжэйшай будучыні гэтыя пляны будуць успрынятыя сур’ёзна. Асноўная прычына — гэта палітычныя чыньнікі. Вядома, што для Расеі гэта было б таньней і ў пабудове, і ў эксплюатацыі. Але ня толькі эканамічныя прычыны тут істотныя. Крыніца рашэньня аб пабудове Паўночнага газаправоду палітычная, яна зьвязаная з расейскімі амбіцыямі ўзмацненьня сваіх уплываў у сьвеце».

Ані ў праекце Паўночнага газаправоду, ані ў трубаправодзе «Бурштынавы шлях» Беларусь не прымае ўдзелу. Больш за тое, ініцыятары пабудовы газавых магістраляў у Эўропу сьвядома абыходзяць Беларусь. Ці можа гэта ў будычыні паўплываць на энэргетычную бясьпеку краіны? Адказвае экспэрт па пытаньнях энэргетыкі Тацяна Манёнак:

«Празь Беларусаь пракладзеныя дзьве ніткі газаправодаў — Белтрансгаз і другая «Ямал‑Эўропа». Апошні перапампоўвае каля 33 мільярдаў кубічных мэтраў газу й зьяўляецца ўласнасьцю «Газпрому». Другая нітка перапампоўвае каля 44 млрд. кубоў. Таму казаць, што ў пэрспэктыве Беларусь страціць у Эўропе сваю транзытную ролю было б памылкова. У сыстэме Белтрансгазу «Газпром» мае 25 % акцыяў. Да 2011 году павінна быць 50%. «Газпром» не дапусьціць, каб гэтая нітка была пустая. А з улікам таго, што Беларусь вельмі залежная ад расейскага газу, і гэтая залежнасьць не зьмяншаецца, беларускі ўрад таксама ў гэтай сытуацыі будзе гандлявацца».

Nord Stream мае намер распачаць будаўніцтва Паўночнага газаправоду ў 2009 годзе, а запуск газу па новай магістралі плянуецца ажыцьцявіць два гады пазьней. На думку спэцыялістаў Міністэрства эканомікі Польшчы, толькі наземны маршрут дазваляе датрымацца гэтых тэрмінаў.

Паводле: Дзьмітры Гурневіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0