Скот і Марк Келі. Фота: Robert Markowitz / NASA

Скот і Марк Келі. Фота: Robert Markowitz / NASA

Чарговая місія МКС стартуе 28 сакавіка. У ліку астранаўтаў будзе Скот Келі, які правядзе на арбіце год, пакуль яго брат Марк застанецца на Зямлі. NASA даследуе ўплыў касмічных вандровак на Скота, але вынікі генетычнага эксперыменту NASA Twin Study будуць засакрэчаныя, паведамляе Nature Science.

Навукоўцы будуць адначасова сачыць за здароўем Скота на арбіце і яго брата-блізнюка Марка на Зямлі, а таксама параўнаюць іх стан па вяртанні Скота на Зямлю.

NASA цікавіць магчымы эфект паскоранага старэння арганізму на арбіце. Мяркуецца, што касмічная радыяцыя і бязважкасць выклікаюць змены ў мозгу і кагнітыўных здольнасцях, у метабалізме і працы страўніка, у імуннай сістэме. Акрамя таго, навукоўцы даследуюць змены ў метылаванні ДНК і ў памерах канцавін храмасом (целамераў), па якіх магчыма вызначыць узрост арганізму.

Вынікі назіранняў за Скотам і Маркам будуць засакрэчаныя, калі толькі самі браты не вырашаць імі падзяліцца. Праграма NASA Twin Study зноў узняла пытанне «генетычнай прыватнасці».

***

NASA ўжо даследавала ўплыў палётаў у космас на стары арганізм і працэс старэння, калі ў 1998 годзе адаслала на арбіту 77-гадовага Джона Глена. Але Глена не было з кім параўнаць на Зямлі.

Скот і Марк Келі — дасведчаныя астранаўты, абодва не раз бывалі ў космасе. На ліку Марка 4 палёты і 54 дні ў космасе, на ліку Скота — 3 палёты і 180 дзён. Марк завершыў кар’еру астранаўта ў 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?