За забойства двух чалавек (аднаго з іх — заведама састарэлага, другога — з асаблівай жорсткасцю) 38-гадовы раней неаднаразова судзімы жыхар Рэчыцкага раёна прыгавораны да пажыццёвага зняволення. 

Гомельскі абласны суд вынес прыгавор на выязным пасяджэнні ў Рэчыцы 27 сакавіка, вердыкт пакуль не набыў моц і можа быць абскарджаны. Абвінавачванаму таксама ставіцца ў віну крадзеж і здзек з трупа. Паводле прыгавору суда абвінавачваны павінен выплаціць пацярпелым сумарна 150 млн. рублёў, а таксама прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму. 

Як раней паведамлялася, жыхар вёскі Бязуеў Рэчыцкага раёна забіў двух аднавяскоўцаў: 74-гадовую жанчыну і 40-гадовага мужчыну. 8 мая 2014 года ў Рэчыцкі РАУС звярнулася жанчына з заявай аб прапажы брата, жыхара Бязуева. Мужчына жыў адзін. Следча-аператыўная група агледзела дом і двор зніклага, але не выявіла ніякіх слядоў. Пры адпрацоўцы кола зносін мужчыны аператыўнікі наведалі яго аднавяскоўца 1976 года нараджэння. У доме апошняга былі выяўленыя сляды крыві, і мужчына прызнаўся ў забойстве. Паводле яго слоў, яшчэ 2 мая яны разам распівалі спіртныя напоі і пасварыліся. Ён забіў прыяцеля, а труп схаваў у каморцы. Праз некалькі дзён цела ахвяры абвінавачваны перавёз ноччу на веласіпедзе на сельскія могілкі, дзе пазней хацеў пахаваць, але не паспеў. 

Ужо пасля затрымання вясковец прызнаўся, што ў красавіку 2014 года забіў суседку-пенсіянерку. З жанчынай ён пасварыўся і ўдарыў яе паленам па галаве некалькі разоў. Яе труп ён вывез на звалку, дзе выкінуў у яр з вадой. Раней абвінавачваны быў судзімы, у тым ліку за прычыненне смерці па неасцярожнасці. 

У сваім апошнім слове абвінавачваны, звяртаючыся да сваіх родных і сваякоў ахвяр, а таксама аднавяскоўцаў, якія прысутнічалі ў зале суда, сказаў: «Я прашу прабачэння ва ўсіх. Мы ўсе жылі ў адной вёсцы, у нас усё было нармальна, гэта не было задумана, запланавана, я не ведаю, адкуль гэта бярэцца. Успомніце, як гучыць малітва: «…і прабач, Божа, грахі нашы, як і мы прабачаем даўжнікам нашым». Усе мы людзі, і я чалавек, які не небяспечны. Я амаль год у гэтай турме, ведаеце, што я перажыў за гэты час? Лепш бы мяне забілі». 

Пракурор аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Эдуард Мядзведзеў, які выступаў на працэсе дзяржабвінаваўцам, падкрэсліў, што вынесены прыгавор адпавядае ўчыненаму злачынству і запытанаму пракуратурай пакаранню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?