Пілот, які кіраваў самалётам кампаніі Germanwings ў момант крушэння лайнера ў французскіх Альпах, быў хворы і хаваў свой стан ад працадаўцаў і правяраючых органаў. Пра гэта заявілі нямецкія пракуроры пасля вывучэння дакументаў, канфіскаваных пры вобшуку ў яго доме ў прадмесці Дзюсельдорфа.

Нямецкія СМІ паведамлялі, што Андрэас Любіц пакутаваў ад дэпрэсіі.

У пракуратуры Дзюсельдорфа паведамілі, што пры вобшуку ў доме Любіца знойдзеныя разарваныя на шматкі бальнічныя лісты, згодна з якімі ён не мог выходзіць на працу па стане здароўя. Адзін з іх датаваны літаральна днём крушэння самалёта.

Як піша газета Bild, у 2009 годзе Любіцу дыягнаставалі дэпрэсію, пасля чаго ён на працягу 1,5 гадоў праходзіў лячэнне. Гэта адбылося пасля таго, як ён скончыў навучанне прафесіі пілота. Bild цытуе ўнутраныя дакументы, згодна з якімі Любіц павінен быў праходзіць рэгулярныя праверкі псіхалагічнага стану.

На думку авіяцыйнага псіхіятра Роберта Бора, судзіць пра тое, якія праблемы перажываў Любіц, можна будзе па слядах яго асабістага жыцця. Як стала вядома брытанскаму выданню Daily Mail, за некалькі тыдняў да трагедыі Любіц купіў два аўтамабіля Audi, адзін з якіх ён збіраўся падарыць сваёй дзяўчыне. Аднак пара перажывала цяжкі перыяд у адносінах і, па паведамленнях СМІ, магла расстацца, нягледзячы на падарунак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?