За апошнія два месяцы адбылося істотнае ўмацаванне расійскай нацвалюты, а ў сакавіку упершыню з пачатку гэтага года на Маскоўскай біржы даляр апусціўся ніжэй адзнакі ў 57 рублёў.

«Расіяне адыгралі многія негатыўныя моманты, цяпер рубель пачуваецца някепска, — удакладняе фінансавы аналітык TeleTrade Аляксандр Ягораў. — Пік падзення расійскага рубля ўжо пройдзены, знойдзеная збалансаваная пазіцыя. У бліжэйшы час найбольш верагодны курс рубля ў адносінах да даляра ў дыяпазоне ад 55 да 65. А лічбы ў 90 рублёў за даляр, якія прагназуюць некаторыя аналітыкі, нерэальныя».

«Расійскі і беларускі рублі ўсё дрэннае ўжо адыгралі, далей будзе пазітыўны сцэнар», — падтрымлівае калегу кіраўнік дэпартамента знешніх камунікацый TeleTrade Ігар Ціхі. Нагадаем, у адносінах да пачатку тыдня рубель умацаваўся на 150 рублёў.

Аднак у дачыненні да беларускай нацвалюты аналітыкі стрыманыя ў прагнозах.

«На доўгатэрміновую перспектыву складана рабіць прагнозы, але ў хуткім часе беларускі рубель будзе ўмацоўвацца. Шмат у чым за кошт палітычных момантаў», — адзначае эксперт кампаніі «Бізнес-Форэкс» Андрэй Амяльковіч.

Але трэба прызнаць, што многіх зараз больш цікавяць адносіны іншы валютнай пары — еўра і даляра.

На думку віцэ-прэзідэнта ГК TeleTrade Дзмітрыя Дрыгайлы, у канцы гэтага года курсы даляра і еўра зраўняюцца.

Нягледзячы на гэта аналітык раіць беларусам захоўваць свае зберажэнні ў абедзвюх валютах.

«Тым, у каго зберажэнні ў еўра, не трэба бегчы ў абменнік і мяняць іх на амерыканскую валюту. На абмене вы згубіце значна больш», — адзначыў Дзмітрый Дрыгайлы.

Тым беларусам, якія захоўваюць свае зберажэнні ў еўра, але пры гэтым не хочуць хвалявацца за іх захаванасць, Аляксандр Ягораў раіць абмяняць іх на беларускія рублі і пакласці на дэпазітны рахунак у адзін з банкаў. «Стаўкі ў 45% калі і не дапамогуць прымножыць зберажэнні з-за дэвальвацыі рубля, але хаця б дазволяць не страціць грошы», — перакананы эксперт.

Калі гаворка ідзе аб буйных сумах, эксперты рэкамендуюць звярнуць увагу на набыццё нерухомасці за межамі Беларусі:

«Выгаднае ўкладанне — купля нерухомасці ў Літве, Латвіі ці Украіне», - мяркуе Дзмітрый Дрыгайла.

«Траціну свайго даходу выдаткоўваю на будаўніцтва дома, траціну пераводжу ў валюту (еўра і даляр), а астатняе — спекулятыўныя грошы (гульня на валютным рынку і на паперах кампаній)», — распавёў пра сваю стратэгію Ігар Ціхі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?