Узброеныя сілы Расіі не могуць сабе дазволіць замовіць да 2020 года запланаваныя 52 найноўшыя знішчальнікі Т-50 ПАК ФА пятага пакалення, паведаміла расійская газета «Коммерсант» са спасылкай на крыніцу ў Мінабароны Расіі. 

Т-50 паднімаецца ў паветра.

Т-50 паднімаецца ў паветра.

Пятае пакаленне знішчальнікаў, лічаць эксперты, найперш характарызуецца мінімальнай радыёлакацыйнай заўважнасцю самалёта, прасунутай авіёнікай, высокай інтэграванасцю камп’ютарных сістэм.

Дзяржаўная праграма ўзбраення да 2020 году прадугледжвала закупку 24 найноўшых знішчальнікаў ПАК ФА (перспектыўны авіяцыйны комплекс франтавой авіяцыі) ў 2016—2018 гг. і 28 — у 2019—2020 гг.

Аднак праз эканамічны крызіс РФ закупіць толькі 12 самалётаў — адну эскадрыллю.

Ускосна пра тое ж распавёў намеснік міністра абароны Расіі па ўзбраеннях Юрый Барысаў.

«Прадпрыемства (авіязавод у Камсамольску-на-Амуры) гатовае да серыйнай вытворчасці знішчальніка пятага пакалення ўжо з 2016 года… (Аднак) у новых эканамічных умовах першапачатковыя планы могуць быць скарэктаваныя», — сказаў Барысаў.

Расійскія вучоныя і інжынеры афіцыйна пачалі распрацоўку ПАК ФА ў 2002 года. Цяпер лятаюць шэсць прататыпаў Т-50, узбраенне на якіх яшчэ не выпрабоўвалася.

Дазапраўка F-22 падчас баявой аперацыі супраць баявікоў «Ісламскай дзяржавы».

Дазапраўка F-22 падчас баявой аперацыі супраць баявікоў «Ісламскай дзяржавы».

Пакуль што у свеце існуе адзіны знішчальнік пятага пакалення, які стаіць на ўзбраенні і ўжо ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, — амэрыканскі F-22 Raptor. Серыйная вытворчасць машыны цягнулася з 2001 па 2011 год і была спыненая дзеля таго, каб сканцэнтраваць выдаткі на распрацоўку і вытворчасць знішчальніка-бамбавіка F-35 Lightning II.

Цяпер амерыканская авіяцыя мае 187 знішчальнікаў F-22, яшчэ больш за сотню F-35 праходзяць маштабныя выпрабаванні ў войску і выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі пілотаў і наземнага персаналу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?