Лідар сербскіх ультранацыяналістаў Ваіслаў Шэшаль, які абвінавачваецца ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці падчас войнаў у Харватыі і Босніі ў пачатку 1990-х, адмовіўся добраахвотна вяртацца ў Гаагу для ўдзелу ў Міжнародным трыбунале па былой Югаславі. Шэшаля вызвалілі з-пад варты па стане здароўя ў лістападзе 2014 года, напярэдадні суд адмяніў гэта рашэнне.

«Хай паліцыя прыходзіць. Яны арыштоўваюць людзей. Калі жандары прыйдуць і прыменяць гвалт, яны павінны быць вельмі асцярожныя. Арыштаваць мяне будзе нялёгка», — сказаў Шэшаль.

Шэшаль растлумачыў, што дзяржаве прыйдзецца пачаць працэдуру экстрадыцыі, а за гэты час ён зможа абскардзіць рашэнне аб арышце. Палітык лічыць, што міжнародны трыбунал парушыў яго правы.

Раней Reuters паведаміў пра пастанову суддзяў трыбунала па былой Югаславіі. Яны вырашылі, што Шэшаль парушыў умовы свайго часовага вызвалення.

Абвінавачваны, якога адпусцілі ў лістападзе 2014 года з-за дыягназу «рак у тэрмінальнай стадыі» абвясціў, што вяртаецца ў палітыку і ніколі не дасць змясціць сябе ў турму.

Ваіслаў Шэшаль быў арыштаваны Гаагскім трыбуналам у лютым 2003 года. Ён адбываў папярэдняе заключэнне 11 гадоў, за гэты час суд тройчы прызнаў яго вінаватым па другасных абвінавачваннях. Яго абвінавачваюць па 14 пунктах, у тым ліку ў фінансаванні, кіраўніцтве і падтрымцы сербскіх добраахвотніцкіх фарміраванняў і распальвання міжнацыянальнай варожасці падчас войнаў у Харватыі і Босніі.

У 1991 годзе Шэшаль заснаваў Сербскую радыкальную партыю, якая стала пераемніцай арганізацыі «сербскіх чэтнікаў». Члены гэтай арганізацыі патрабуюць аб'яднання ў адной дзяржаве ўсіх земляў, на якіх пражываюць сербы. У час вайны ў былой Югаславіі Шэшаль публічна падтрымаў пераслед харватаў паводле нацыянальнай прыкметы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?