Адсутнасць адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года моцна непакоіць Цэнтрвыбаркам. Маўляў, неяк больш актыўна трэба апазіцыі ўключацца ў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў.

«Выбары для выбарцаў тады становяцца цікавымі, калі агучваюцца розныя пункты гледжання, калі ў іх бяруць удзел розныя палітычныя сілы», — скардзіцца на пасіўнасць апанентаў улады сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Тое, што ў апазіцыі з абраннем адзінага кандыдата праблемы, даўно не сакрэт. Прычым, праблемы гэтыя ў іх ужо назіраюцца не першую кампанію. Але няўжо яны і сапраўды нічога «перадвыбарчага» не робяць за паўгода да галасавання?

Сяргей Калякін, фота euroradio.fm

Сяргей Калякін, фота euroradio.fm

«А як праяўляць актыўнасць у тым, чаго няма?!» — абураецца ў адказ старшыня партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. І вінаваціць у выбарчай пасіўнасці апазіцыі… ЦВК!

Сяргей Калякін: «Ёсць сумесная заява партый, якую мы ім днямі накіруем, дзе пералічана, што павінны зрабіць улады, каб у краіне сапраўды былі выбары. Найперш яны павінны стварыць умовы для таго, каб галасы на самой справе лічылі, і каб апазіцыя была дапушчаная ў выбарчыя камісіі. Сёння гэтага ў краіне няма, а калі няма, то няма і выбараў. А калі няма выбараў, то ў чым праяўляць актыўнасць? Яны павінны праявіць актыўнасць са свайго боку!»

Апазіцыйны лідар прыхільнікаў камуністычных ідэй сцвярджае: выбарчае заканадаўства ў нас, у прынцыпе, нармальнае. Праблема ў тым, што яно не выконваецца. І звяртаецца да дэпутатаў парламента, у якіх 2 красавіка пачынаецца веснавая сесія: прыміце на ёй адпаведныя заканадаўчыя акты, якія абавяжуць раённыя ўлады ўключаць апазіцыянераў у склад выбарчых камісій, а выбарчыя камісіі — сумленна лічыць галасы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?