Лідар нацыяналістычнай арганізацыі «Рускія» Аляксандр Бялоў (Поткін) сцвярджае, што расейскія спецслужбы прапаноўвалі яму паспрыяць забойству ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага або яго арышту.

ridus.ru

ridus.ru

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю выданню «Кашын», перададзеным з СІЗА незадоўга да яго пераводу на псіхіятрычнае абследаванне.

«Я ведаў, што мне пагражае расправа з боку рэжыму [Расіі]. Мне было вядома, што розныя структуры атрымалі ўказанне ўзяць мяне ў распрацоўку. Магчыма, вы памятаеце, што я аказаўся ў апублікаваным спісе асоб, якія падлягаюць арышту па Балотнай справе», — заявіў Бялоў.

«Правакацыі і схіленне асоб з майго акружэння да агавору не спыняліся ніколі. Увесну 2014 года мне стала вядома, што замова на мяне паступіла з Казахстана», — адзначыў ён.

Бялоў сцвярджае: «На мяне выходзілі супрацоўнікі ФСБ, якія фармулявалі, як мне здавалася, інтарэсы расейскай улады ў дачыненні да маёй дзейнасці. У тым ліку па кантактах з апазіцыяй Назарбаеву і ў дачыненні да ўкраінскіх палітыкаў».

«У выніку я зразумеў, што ніякіх інтарэсаў нацыянальнай бяспекі ў ФСБ няма. Усе прапановы і пытанні звяліся да жадання ўцягнуць мяне ў рэйдарскі захоп расійскіх прадпрыемстваў і ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны і Францыі», — паведаміў ён.

«Прынамсі, абяцанне пакінуць мяне ў спакоі (і людзей, якія так ці інакш са мной звязаныя) было дадзена пад умовай, што мы вырашым пытанне з Барадой. Гаворка ішла аб арганізацыі ліквідацыі, забойства, або лабіяванні арышту на тэрыторыі Францыі Ігара Каламойскага», — заявіў Бялоў.

«Відаць, зразумеўшы, што я не буду ўдзельнічаць у падобных праектах, мяне вырашылі прынесці ў ахвяру Назарбаеву, улічваючы асцярогі па магчымым маім удзеле ў якіх-небудзь народных выступах супраць палітыкі ўрада РФ», — дадаў ён.

Па словах Бялова, расійскія спецслужбы выконваюць просьбы «састарэлага дыктатара, бо ад яго залежыць пазіцыя Казахстана па Украіне» і будучыня Мытнага саюза.

Раней паплечнік Бялова Дзмітрый Дзёмушкін заяўляў, што ім прапаноўвалі адпраўляць добраахвотнікаў у Нацгвардыю Украіны.

«Гэта высокапастаўленыя супрацоўнікі, якія хацелі праз гэтыя батальёны ўкараняць сваю агентуру, і каб мы збіралі (добраахвотнікаў). А потым мы б, як зборшчыкі наймітаў, селі ўсе, і рускія нацыяналісты былі б дыскрэдытаваныя», — казаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?