AP
Следчая група апублікавала ў інтэрнэце зварот на некалькіх мовах, у тым ліку — на рускай і ўкраінскай, у якім просіць сведак звязацца з ёй па бясплатным тэлефонным нумары або з дапамогай электроннай пошты.
Больш падрабязная інфармацыя змяшчаецца ў апублікаваным на партале YouTube відэа, у якім распавядаецца пра найбольш верагодную — з пункту гледжання следства — версію, згодна з якой рэйс MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур быў збіты ракетай, выпушчанай з «Бука».
Зенітна-ракетны комплекс «Бук», як мяркуецца, знаходзіўся на тэрыторыі, якая кантралявалася прарасійскімі сепаратыстамі.
Следчых у сувязі з гэтым цікавіць інфармацыя аб транспарціроўцы ЗРК «Бук» на цягачы «Вольва».
Хто бачыў белы цягач?
Белым цягачом «Вольва», як лічыць следчая група, сепаратысты супрацьпраўна завалодалі на адным з прадпрыемстваў Данецка.
Комплекс «Бук» быў заўважаны на ўсходзе Украіны 17 і 18 ліпеня 2014. Як сказана ў звароце, 17 ліпеня ён на гусенічных колах перасоўваўся ў раёне горада Снежны.
Акрамя гэтага, як паведамляецца, следства цікавіць інфармацыя аб асобах, якія маюць дачыненне да набыцця, транспарціроўкі і запуску ракеты з гэтага «Бука».
Як падкрэсліваецца ў звароце, Міжнародная следчая група, у якую ўваходзяць эксперты з Аўстраліі, Галандыі, Бельгіі, Малайзіі і Украіны, гатовая гарантаваць бяспеку сведак.
Згодна з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў відэазвароце групы, цягач «Вольва» ехаў з населенага пункта Паўночны ў Данецк і пасля накіраваўся да расійскай мяжы. Следства шукае сведкаў, якія бачылі гэты цягач і ЗРК «Бук» ноччу, альбо раніцай 17 ліпеня 2014 г.
Апублікаванае на YouTube відэа ўтрымлівае таксама запісы тэлефонных размоваў паміж сепаратыстамі, на падставе якіх следства робіць выснову, што ЗРК «Бук» разам з экіпажам транспартаваўся па тэрыторыі, кантраляванай прыхільнікамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР, і быў затым перапраўлены на тэрыторыю Расіі.
Як падкрэсліваецца ў відэазвароце, любая інфармацыя, якая адносіцца да гэтых падзеяў, можа дапамагчы расследаванню абставінаў гібелі рэйса MH17.
У выніку катастрофы «Боінга» Malaysia Airlines загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.
Прыхільнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» адмаўляюць сваё дачыненне да гэтай трагедыі.