Гомельскі абласны суд прыгаварыў да пажыццёвага зняволення 38-гадовага жыхара вёскі Бязуеў Рэчыцкага раёна. За два забойствы, здзек з трупа і крадзеж.
Паленам супраць грабляў
Першае забойства мо нават і засталося б таямніцай. Але забойца сам вырашыў прызнацца. Калі ўжо «накрылі» з першым.
У красавіку 2014 Аляксандр нападпітку пасварыўся з 74гадовай суседкай. Нібы тая выкідала смецце на яго агарод. Кабета агрэла п’янага суседа граблямі. А ён схапіўся за палена: некалькі разоў ударыў па галаве. Калі зразумеў, што яна нежывая, заматаў труп у цэлафан і вывез на сметнік. А там укінуў у канаву з вадой. Пенсіянерку ніхто не шукаў.
Ужо ў пачатку мая, праз які тыдзень пасля першага забойства, Аляксандр выпіваў з 40гадовым прыяцелем. Пасварыліся. А там у п’яным чадзе і забіў яго: нажом і кулакамі. Труп амаль тыдзень ляжаў у кладоўцы, у той час як у хаце не сціхала п’яная гульба. Як п’янка скончылася, гаспадар вывез труп роварам на могілкі: меркаваў там пазней яго пахаваць. Але не паспеў — прыйшла міліцыя. А дома — кроў. І прызнаўся ў забойстве. Затым яшчэ расказаў пра суседку.
«Што я скажу яго сыну?»
У судовай зале Рэчыцы, дзе праходзіў суд, сабраліся ў чаканні апошняга слова і прысуду аднавяскоўцы. Відаць, што сваякі абвінавачанага і яго ахвяр не варагуюць паміж сабой, толькі час ад часу ўзгадвалі адзін аднаму старыя крыўды. Сыходзяцца на думцы, што Сашкамульцік (такую мянушку далі яму аднавяскоўцы) адзін наўрад ці забіў бы і схаваў целы ахвяр. «Ну як ён мог адзін заматаць у цэлафан, пакласці на веласіпед і завезці цела старой на сметнік? Нехта дапамагаў, а ён не прызнаецца. Я яму казала: навошта ты ўсё бярэш на сябе? Узяў на сябе — ну і памірай зараз!» — уздыхаюць пенсіянеркі. Гавораць, што і «тых» шкада, і «гэтага».
Відаць, не часта вяскоўцам даводзіцца сутыкацца з «галінамі» ўлады, бо разпораз пачынаюць гаварыць з месца, задаваць пытанні абвінавачанаму і суду. Была на судзе і былая жонка Аляксандра Любоў, прасіла слова, але ёй адмовілі. «Чаму мне нельга сказаць? Я яму хацела пра сына нагадаць! Хай раскажа ўсю праўду! Што я сыну скажу, што яго бацька — забойца? Я ў гэта не веру, не ён адзін там быў, там яны ўсе разам пілі».
«Прабачце, Рыгораўна…»
У апошнім слове Аляксандр прасіў ва ўсіх прабачэння. Нагадваў: «Мы з вамі жылі ў адной вёсцы, у нас жа ўсё было нармальна! Я не небяспечны чалавек! Прабачце мне і вы, Рыгораўна!» — звярнуўся ён да маці забітага прыяцеля. Тая крычала, што не даруе. «Ну, тады, Рыгораўна, улічыце гэта на будучыню, бо ў малітве гаворыцца: «І прабач ім грахі іх, як і яны прабачаюць даўжнікам сваім».
«Не я забіў», — не мог патлумачыць ён, як усё атрымалася. — «А хто тады — дамавік?»
У чаканні прысуду ён хадзіў па клетцы тудысюды ці сядзеў на лаўцы, абхапіўшы галаву рукамі.
«Прысудам суда абвінавачаны прызнаны вінаватым. У наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця другога чалавека (забойстве) заведама састарэлай асобы, з асаблівай жорсткасцю, асобай раней судзімай за забойства і яму прызначана пажыццёвае зняволенне», — вымавіла суддзя.
Яго таксама прызналі вінаватым у крадзяжы і здзеку з трупа. На карысць сваякоў забітых ён павінен выплаціць 150 мільёнаў рублёў.
Пасля прысуду на калідоры палалі жарсці. «Ты што казкі расказваеш? Табе сына шкада? А чаму ты не бачыла, што ён тыдзень мёртвы, у кладоўцы? Ты ж разам з імі ўсімі і піла!» — не супакойвалася адна кабета.
«Што ты гаворыш, ды хіба ў цябе сын ад яго? У цябе не ад яго сын!» — выводзіла на чыстую ваду другая. У калідоры агучваюцца розныя сакрэты з жыцця жыхароў вёскі Бязуеў. Іншая пенсіянерка кідае, што «ў той вёсцы няма ніводнага нармальнага чалавека, яны ўсе там алкаголікі, гоняць самагонку і п’юць!».