Гродна і Вільню плануецца звязаць прамым чыгуначным рэйсам. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.
Па словах Кашко, праект запуску цягніка Гродна—Вільня актыўна абмяркоўваецца з літоўскім бокам. Аднак канчатковае рашэнне яшчэ не прынята. Кашко кажа, што літоўскія памежнікі яшчэ не вырашылі некаторыя пытанні.
«Праект знаходзіцца ў актыўнай фазе распрацоўкі разам з літоўскімі калегамі. Аднак ёсць пэўныя перашкоды. У першую чаргу гэта нявызначанасць літоўскіх памежнікаў. Яны пакуль не вырашылі, якім чынам праводзіць дагляд пасажыраў гэтага саставу: ці праводзіць надгляд на станцыі Стасілос, ці ў Вільні. Як толькі яны вызначацца, гэты праект будзе рэалізаваны. Чыгуначнікі да запуску цягніка гатовыя», — патлумачыў Кашко.
Цягнік мае хадзіць праз Ліду. На жаль, наўпроставая калея — частка чыгункі Санкт-Пецярбург — Вільня — Варшава, што праіснавала больш за стагоддзе, — ужо дэмантаваная.
Каментары